Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Працяг. Пачатак глядзець тут.
Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.
Цывільнае жыццё ў акупацыю
Неяк на схіле дня ў лясны лагер будаўнікоў аэрадрому з бліжэйшай вёскі прыбегла напалоханая жанчына і паведаміла аб вайне. Мы параіліся між сабой і вырашылі, што бабуля зманіла, а можа і правакатарка, аб чым папярэджвалі лістоўкі, мясцовыя начальнікі, радыё. Але хутка ўпэўніліся, што звесткі аб вайне праўдзівыя, бо над галовамі пранесліся самалёты з крыжамі, а над узлётнымі палосамі аэрадрому ўзняліся слупы глебы.
Нас хуценька разлічылі, і ўвечары мы ўжо былі дома. Раніцой сабралі мальцаў, мужчын і скіравалі ў Полацк на будаўніцтва ўмацавальнага раёну. Капалі супрацьтанкавыя канавы ў мястэчку Гомель. У бок Полацку страшна было глядзець, бо хваля за хваляй на горад наляталі самалёты з крыжамі і скідвалі бомбы. У неба ўздымаліся клубы чорнага дыму.
З вёскі прыбеглі жанчыны і, плачучы, распавялі, што ў Гомелі нямецкія танкі расстралялі нашых салдатаў і хутка будуць тут. Наш кіраўнік з аўтаматам пайшоў у бок Полацку, а нам сказаў, каб ішлі дадому. Мы селі на падводы і хутка былі ў сваёй вёсцы.
У калгасе расфармавалі па хатах усю жывёлу і маёмасць. Над вёскай завязаўся паветраны бой, і быў збіты нямецкі самалёт. Вяскоўцы махалі нашым лётчыкам шапкамі. Усе казалі і спадзяваліся, што гэта ненадоўга, прыйдуць нашы і прагоняць фашыстаў.
Але наступілі яшчэ горшыя часіны. З’явіўся і першы паліцай – Харок Пахом з Судзілавічаў. Ён прыходзіў у вёску з немцамі і забіраў усё, што было назапашана для сям’і. Ведаў добра, дзе сяляне хаваюць жывёлу, збожжа, маёмасць дый самі хаваюцца каля хаты.
Да нас даходзілі чуткі, што ў Валовай Гары і на Домжарыцкіх балотах з’явіліся партызаны.
У красавіку 43-га году тры нямецкія машыны забуксавалі ў балоце. У кузні заспелі трох мужчын, некалькі падлеткаў і пагналі выцягваць з твані тэхніку. У гэты час немцы пачалі рабаваць сялянскія падворкі. Зайшлі марадзёры і ў нашу хату. Параскідалі змесціва куфра і знайшлі маю вайсковую форму. Пачалі дапытваць маці і сясцёр, дзе камісар. Пагражалі пісталетам. Забралі фуражку і абмундзіраванне. Я дахаты прыйшоў пад вечар, і мне аб усім распавялі. Давялося начаваць у пуні на сене, бо ведаў, што немцы і паліцаі не ўгамоняцца, пакуль мяне не зловяць. Раніцай вярхом на кані з’ехаў у Забалацце. Пад вёскай быў апоўдні. Падпоўз да першай хаты і даведаўся, што мяне доўга шукалі. Прыходзіў Пахом і загадаў адвесці каня і парсюка да Ушацкай камендатуры, інакш усе будуць расстраляныя.
Давялося выканаць загад. Аднак самому ісці да камендатуры было нельга, бо, зразумела, мяне там чакала смерць.
Баяўся Пахом помсты аднавяскоўцаў і партызанаў. Асцерагаўся. Ды не дапамагло. Аднойчы невядомыя людзі са зброяй прыйшлі ўначы ў яго хату. Спыталі ў жонкі:
- Дзе твой муж?
- У пуні на сене ў Карчэўскага, - адказала жанчына.
- Тады вядзі і не думай яго папярэдзіць, бо застрэлім.
Партызаны ціха падышлі да сядзібы Карчэўскага, адчынілі дзверы ў пуню і забралі стрэльбу. Пахому загадалі ісці дадому. У яго хаце замест абраза вісеў партрэт Гітлера. Яго павесілі здрадніку на шыю. З ім паліцай прайшоў скрозь некалькі вёсак у свой апошні шлях.
Ужо з вясны 42-га года пачалася мабілізацыя ў РОА (Рускую вызваленчую армію). Мабілізаваных называлі народнікамі. Паколькі большасць мужчын былі на фронце альбо хаваліся ў лесе, то забіралі моладзь, нават 16-гадовых мальцаў.
Бургамістр выпісваў позвы, а паліцай разносіў па хатах. Быў бургамістрам нехта Дуброўскі. Жыў у Двор-Селішчы. Там стаяў нямецкі гарнізон.
Мальцы хітравалі. Хаваліся ад мабілізацыі ў лесе на ўвесь дзень, а ўвечары вярталіся дахаты.
Пасля расстрэлу Пахома спрабавалі застрэліць Дуброўскага. Яго выратаваў сын, паказаўшы партызанам на іншую хату. Сам жа папярэдзіў бацьку. Хоць замах і не ўдаўся, аднак меў станоўчыя наступствы – позвы на камісію ў Рускую вызваленчую армію перасталі разносіць.
Партызаны пачалі часта наведвацца ў вёскі. Мы спрабавалі ўгаварыць іх узяць нас з сабой. Аднак тыя адказвалі, што трэба пачакаць, калі надыдзе час, нам паведамяць.
І вось у верасні 42-га нам пераказалі, што трэба выйсці са схронаў і прыйсці ў кантору калгаса. Адтуль перайшлі ў лес ля вёскі Істопніца, дзе склалі спісы мужчын з пяці сельсаветаў. Праводзіў перапіс нехта Карабанёк і казаў, што ў партызаны адразу прымуць тых, хто прыйдзе са зброяй.
Франук Валодзя сказаў, што ў яго ёсць пісталет. Аднак потым адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што забыўся, дзе схаваў.
Увечары каля трох соцень чалавек пастроілі і павялі ў вёску каля Дзвіны. Планавалі пераправіць за лінію фронту. Аднак гэты план хтосьці раскрыў немцам, і нашу стаянку накрылі снарадамі і мінамі, а пераправу і вёску прашывалі кулямётным агнём. Давялося спыніць перапраўляцца. Распараджэннем кіраўніцтва загадалі разысціся па хатах малымі гуртамі.
Я пайшоў з братам і яго двума сынамі да іх у вёску Вуглы Жарскага сельсавету. Раніцой пайшоў дахаты.
У гэты час у вёску да Валодзькі прыехаў нейкі партызан і запатрабаваў, каб ён аддаў пісталет. Даў 15 хвілін на пошукі зброі. Але малец не пайшоў шукаць, спаслаўшыся на балючую нагу, і ўвогуле паслаў вымагальніка надалей. Партызан стрэліў і забіў мальца насмерць.
2018
Працяг глядзець тут.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |