Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.
Запісана паводле ўспамінаў жыхара Лепеля Аляксандра Міхайлавіча Стрыжонка, яго блізкіх і знаёмых.
Працяг блакады
З пачатку 1944 году у Полацка-Ушацкую зону былі скіраваныя амаль усе партызанскія брыгады. Ведаць задумкі вялікіх камандзіраў мы не маглі, але размовы хадзілі такія, што збіраюцца зрабіць прарыў фронту, у які рушыць 2-і Прыбалтыйскі фронт і акружыць варожую групоўку пад Віцебскам. Але штосьці пайшло не так. Партызаны зрабілі прарыў, знішчыўшы 17 гарнізонаў, паралізавалі чыгуначныя злучэнні і асноўныя дарожныя магістралі, а фронт не рушыў насустрач. Больш таго, немцы знялі з перадавой некалькі дывізій і кінулі супраць партызанаў.
Ужо з пачатку красавіка нямецкія войскі цалкам акружылі Полацка-Ушацкую партызанскую зону. Нашаму ўзводу даводзілася працаваць амаль суткамі. Выраблялі самаробныя міны, процітанкавыя гранаты. Рамантавалі пашкоджаную зброю.
У ноч з 3 на 4 мая партызанскія брыгады з вялікай колькасцю бежанцаў, шпіталямі дайшлі да Матырынскіх лясоў і спыніліся на днёўку. Такую колькасць людей нельга было не заўважыць. І нас засыпалі мінамі, снарадамі. Бясконца бамбіла авіяцыя. Некаторыя брыгады, разбіўшыся на атрады, пайшлі самастойна выходзіць з акружэння.
У вечаровай цемры 4 мая асноўныя сілы, знішчыўшы нямецкія гарнізоны ў Новым Сяле і Паперыне, прарвалі блакаду. У прарыў хлынула незлічоная маса акружэнцаў. Мы беглі за Чарновым, які прыкрываўся сваім белым канём. Усе стараліся схавацца ад куль за жывёлінай. Ніводная не зачапіла ні каня, ні нас. Ужо праз пару дзён мы без вялікіх прыгод прыйшлі ў размяшчэнне сваёй брыгады паблізу Валовай Гары, дзе знаходзіўся і штаб брыгады Лабанка.
Падчас штурму і прарыву варожага атачэння загінула амаль палова асабістага складу брыгады. Не здолелі вырвацца з кольца і шпіталі, а таксама шмат цывільнага насельніцтва. Кожны дзень на месца дыслакацыі брыгады прыходзілі невялікія групы партызанаў. Некаторыя былі сведкамі распраў карнікаў над параненымі і партызанскімі сем’ямі.
Наш трэці атрад і кавалерыйскі эскадрон дыслакаваліся ў самой Валовай Гары. З пачатку чэрвеня нямецкая карная экспедыцыя пачала наступленне на партызанскую зону. Вёску Вокана абараняла частка трэцяга атраду і кавалерыйскі эскадрон. Другая частка атраду пад кіраўніцтвам начальніка штаба Чарнова была накіравана ў Свядзіцу па боепрыпасы. Але там нашых атакавалі каля батальёна варожых салдатаў. Расстраляўшы па ворагу апошнія патроны, партызаны кінуліся ў рукапашную і прымусілі ворагаў адступіць. Захапіўшы боепрыпасы, група вярнулася ў атрад, не пакінуўшы забітых і параненых.
4 чэрвеня быў атрыманы загад пакінуць Валову Гару з Воканам, бо заканчваліся боепрыпасы, і стрымліваць узброенага да зубоў непрыяцеля, у некалькі разоў большага па колькасці, з танкамі ды самалётамі. Такі супраціў быў раўназначны самагубству.
Штаб брыгады з дыверсійным атрадам, кавалерыйскім эскадронам, часткамі другога і трэцяга атраду перайшлі шашу Мінск-Віцебск, заглыбіліся ў лясныя масівы ў раёне Крайцаў і выйшлі на Палікоўскія балоты. Балотныя астравы, на якіх размяшчаліся тысячы цывільнага насельніцтва, шпіталі, увесь час бамбілі самалёты, уначы абстрэльваліся артылерыяй.
2018.
Працяг глядзець тут.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |