04 янв 2019 в 08:25 — 6 лет назад

684. АДБУДЗЕЦЦА ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ЧАРГОВАЙ КНІЖКІ. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1168

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Ад Блукача ВАЛАЦУЖНАГА. Валер Тухта выдаў чарговую кніжку “Замошша”. Для нас яна цікавая тым, што вёска здаўна ўваходзіла ў склад Лепельшчыны. І толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў Замошша разам з трыма Забаеннямі, Адамаўкай, Чорнай Лазой, Латыгалічамі… ўключылі ў склад Чашніцкага раёну ў сувязі з яго ўзбуйненнем па прычыне пачатку ў 1964 годзе будаўніцтва Лукомскай ГРЭС і горада энергетыкаў Новалукомля. 

 Для замашан абсурднасць такога рашэння навідавоку: Замошша і лепельскі вакзал падзяляюць 27 кіламетраў, а бліжэйшы шлях ад вёскі да цяперашняга райцэнтра Чашнікі ўсё адно ляжыць праз Лепель і складае 60 кіламетраў, да лепельскага цэнтра сельсавета Слабады – 11 км, да чашніцкага – Красналук - аж 19 км. Замашане збіралі сходы, подпісы за вяртанне іх у склад Лепельшчыны. Але хто людзей слухае? На пажар ці здзейсненае правапарушэнне сілавікоў не даклікацца з-за неймавернай далячыні. Не ведаю, ці ёсць аб гэтым у кніжцы, бо сам яе пакуль не бачыў. Прыводжу вынікі ўласных даследаванняў, паколькі яны дапасуюцца да тэмы.

 Прэзентацыя кніжкі адбудзецца 6 студзеня ў Замошшы (Красналуцкі сельсавет Чашніцкага раёну) а 10-й гадзине.

Аўтар запрашае на мерапрыемства ўсіх зацікаўленых і прапануе чытачам прадмову да твора.

ПРАДМОВА

 Замошша. Паселішчы з такой назвай можна адшукаць шмат дзе на карце нашай краіны. Ёсць сярод іх такія, дзе цепліцца жыццё ў нешматлікіх хацінах, а ёсць і далёка вядомыя, у якіх напоўню віруе жыццё. Вёска, пра якую вядзецца гаворка ў гэтай кнізе, зведала росквіт і заняпад. Туліцца яна на памежжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў, узбоч старога бальшака, што цягнецца з Лепеля на Барысаў. Яшчэ колькі дзесяцігоддзяў таму гэта даволі вялікае паселішча, цэнтр калгаса і сельсавета. Наўкол людны і цывілізаваны край. Але з цягам часу ўсё змяняецца. Так і Замошша з некалі перспектыўнай вёскі ператварылася ў невялікае паселішча ў глухіх лясістых мясцінах.

 Упершыню, напрыканцы мінулага стагоддзя, у Замошша мяне прывяла цікаўнасць да старажытных пахаванняў, што і цяпер хаваюцца ад чужых вачэй у навакольных лясах. Памятаю першую размову з тутэйшымі людзьмі, якія глядзелі на мяне бы на нешта незвычайнае. З тае пары і цягнецца нашае знаёмства. Амаль штогод краязнаўчыя сцежкі-дарожкі праходзяць праз гэтую вёсачку, якая стала мне па-свойму блізкай, а сярод яе жыхароў займеў сяброў і добрых знаёмых.

 Замошша адметнае тым, што яго нашчадкі, больш сталага веку і маладзейшыя, якія з’ехалі бліжэй да гарадской цывілізацыі, не губляюць повязь з малой радзімай. Не забываюцца, адкуль іх карані. Штогод ладзяць сустрэчы, дзе за адным вялікім сталом збіраецца некалькі пакаленняў цяперашніх і колішніх вяскоўцаў. Ужо зараз многія разумеюць, што адно-два дзесяцігоддзі – і вёска можа знікнуць. Прыклад таму – апусцелыя хаціны суседняй Адамаўкі ці іншых бліжэйшых паселішчаў – Валатовак, Цярэшак, Рэўтполля. Тады адзіным напамінкам застануцца здзічэлыя сады, якія ўвесну будуць радаваць выпадковага падарожніка сваёй квеценню. А парослыя кустоўем каменныя падмуркі хатнішчаў ды магілы родных на могілках нагадаюць, што тут некалі была вёска.

 Сумна, але гэта непазбежная хада гісторыі. І каб не здарылася так, што багатая і даўняя гісторыя Замошша і яе жыхароў бясследна знікла ў часе, трэба занатаваць тое, што здолелі зберагчы да сёння. Такім чынам і нарадзілася думка напісаць гэтую кнігу.

 Маючы ўжо досвед, магу сказаць, што пісаць пра вёску, грунтуючыся толькі на сухіх архіўных фактах, даволі складана. Яны абавязкова павінны быць падмацаваныя яскравымі, жыццёвымі прыкладамі і ўспамінамі тых, пра каго пішаш. Толькі ім уласціва перадаць пэўныя ўнутраныя перажыванні простай гаворкай, у якую ўплецены самабытныя, сакавітыя слоўцы, што можна пачуць у гэтай мясцовасці.

 У кнізе апавядаецца не толькі гісторыя Замошша, гэта яшчэ калектыўны летапіс, дзе кожны з жыхароў па-свойму спрычыніўся да напісання не толькі пра сваю сям’ю, а яшчэ добрымі словамі ўспомніў тых, хто некалі жыў па суседстве.

 Жыхары Замошша павінны быць удзячныя Антаніне Стэльмах, якая з’яўляецца захавальніцай гістарычнай памяці пра вёску і яе жыхароў.

  Гэта жанчына аб’яднала вакол сябе ўсю вясковую грамаду і натхніла кожнага ўзяцца ды распавесці пра сваіх продкаў. Без яе дзейснай дапамогі і высілкаў напісаць пра вёску поўна і з веданнем справы было б вельмі складана.

 Спадзяюся, што высілкі і час, аддадзеныя на напісанне гэтай кнігі, не былі марнымі. Дзякуючы нашым з вамі сумесным намаганням, гісторыя Замошша не сыдзе ў нябыт бясследна, а застанецца дзецям і ўнукам.

2018.



Метки: Тухта Валер

НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ