Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Аношкі нешматлікімі хацінамі амаль ушчыльную прытуліліся да маляўнічага возера Оч. Як і большая частка азёр віцебшчыны, вадаём мае ледніковае паходжанне. Вада ў Очы чыстая, празрыстая, але мае карычневатае адценне, якое надаюць адклады торфу з блізкага балота.
На дзіва ў возеры акрамя акуня ніякая рыба не водзіцца. Таму рыбакам няма дзе надта праявіць свае здольнасці. Толькі самыя захопленыя аматары ў любую пару году закідваюць свае вуды ў надзеі на добры ўлоў.
Апошнія некалькі год мелкаводдзе Очы актыўна пачало зарастаць асакой. Нябачна сантыметр за сантыметрам суша адваёўвае ў вады ўсё больш прасторы.
Але так было не заўсёды. Калі паглядзець на здымак мясцовасці зроблены са спадарожніка, то можна ўбачыць як вадаём выглядаў раней. Гэта было вялікае возера, выцягнутае з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на працягу трох з паловай кіламетраў. Некалькі тысяч год назад клімат змяніўся, ўзровень грунтовых вод стаў значна ніжэйшы і вадаём пачаў забалочвацца. На здымку чырвоным колерам абведзена берагавая лінія старадаўняга вадаёма.
Зараз ад калісьці вялікага возера засталося два невялікіх вадаёмы Оч і размешчанае ад яго на паўночны захад, меншае па памерах у некалькі разоў возера Безадэннае.
Ніхто не даў пакуль адказу на тое, адкуль узяліся на аддаленасці ў добры дзясятак метраў ад цяперашняй берагавой лініі Очы рэшткі розных па таўшчыні дрэў. Яны і цяпер каранямі моцна трымаюцца за азёрнае дно. Можна толькі здагадвацца, што яшчэ даўней абрысы вадаёма былі іншымі. І там, дзе мы цяпер плёскаемся ў вадзе, быў бераг, раслі дрэвы, карэнне якіх можна ўбачыць на дне, нырнуўшы з маскай.
2019.
![]() НРАВИТСЯ 1 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |