03 фев 2019 в 08:36 — 6 лет назад

3. ТАМ БАЙНА АД ВАЧЭЙ ХАВАЕЦЦА, або ТАК ПАМІРАЕ ЗЯМЛЯ

Тема: Ретро скитания помешанного Бродяги     Сегодня: 1, за неделю: 3, всего: 1336

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

 17 ліпеня 2001 года “Лепельскі край змясціў мой артыкул “Апошнія з магікан” аб Валатоўках і яго жыхарах.

 

 «Валатоўкі, вёска ў саўгасе «Валосавічы» Валосавіцкага сельсавета. Размешчаная паблізу ракі Эса, за 30 км на паўднёвы ўсход ад Лепеля. Назва ўтвораная ад урочышча Валатоўкі, у якім узнікла паселішча. На пачатку XX ст. паселішча было вядома як фальварак Валатоўкі Валосавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні, у якім былі 1 двор, 4 жыхары. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі фальварак пераўтвораны ў вёску. На 1997 год было 8 падвор´яў і 12 жыхароў. За 3 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе Эсы знаходзіцца археалагічны помнік - курганны могільнік, які мае 9 насыпаў». Кніга «Памяць. Лепельскі раён».

 У Валатоўках я быў пад канец 1997 года. Дабіраўся туды на лыжах са Свяды. Тады аб вёсцы і яе жыхарах напісаў артыкул «У палоне белай цішыні». Жыло тады ў лясным населеным пункце столькі людзей, колькі падае кніга «Памяць».

 Тады наведаў Валатоўкі спецыяльна. Цяпер жа трапіў туды выпадкова з Аношак, пачынаючы падарожжа ўздоўж ракі Байны. Эсу пераадолеў па ладнаму мастку, пабудаванаму  ўжо пасля майго першага візіту ў вёску валатоўцам-пенсіянерам Яўгенам Кунчэўскім па ўласным праекце і з дапамогай сына і іншых дзяцей старых вяскоўцаў. Ад Байны, прытоку Эсы, рушыў на загародку летняга лагера для саўгаснай жывёлы. Адтуль і пачынаюцца Валатоўкі,калі ісці з Аношак.

 У першай хаце раней жылі старыя Прахор і Вольга Крыўкі. Яны мяне тады сустрэлі гасцінна. Сілай пасадзілі за стол. Прымусілі есці адмыслова замочаныя брусніцы. Паведалі гісторыю ўтварэння Валатовак.

 Пасля Прохар памёр. А хата Крыўкоў згарэла ад няспраўнай электраправодкі. Вольгу дзеці забралі кудысьці да сябе.

 Балюча глядзець на груду абгарэлай цэглы на месцы ўтульнага жытла, чорныя шкілеты халадзільніка, газавай пліты, ложка... Некранутымі пажарам засталіся толькі студня з жураўлём, вулічная лаўка, лазня і прыбіральня на ўзлеску.

 Далей вуліца-сцежка вядзе скрозь хаатычна раскіданыя пабудовы. Аднак такое бязвулічнае размяшчэнне валатоўскіх сядзіб надае своеасаблівы каларыт вёсцы.

 Першымі стаяць дзве халупы сясцёр-бабылак Ганны і Настассі Азаронкаў. 3 імі жыла і трэцяя сястра (імя не памятаю), хоць і мела дом у горадзе. На адным гаду памерлі ўсе тры бабулі.

 Далей захаваліся толькі хатнішча і дзве хаты, якія пуставалі і тры з гакам гады таму назад, яшчэ хатнішча з

руінамі печкі.

 Нязвыкла глядзець на пустку на месцы самай лепшай валатоўскай сядзібы ўжо знаёмага нам Кунчэўскага. Прадаў Яўген з пару гадоў таму пабудовы на знос у гэтым мядзведжым куту, а сабе купіў замену ў цывілізаваным Вялікім ці Малым Поўсвіжы. Толькі электрычная падстанцыя нудліва і бясконца гудзе непадалёк.

 Далей па наваколлі параскіданыя хлявы, паблізу якіх няма жылых пабудоў. Вось хата глухой Марыі Крыўко і сляпога Васіля Зеляноўскага.

 Памятаецца, як гаспадар моцным крыкам размаўляў з жонкай, папярэдне спытаўшы мяне, дзе яна стаіць. Пакінула гэты свет Марыя. Дзеці забралі Васіля ў Лепель. Кажуць, што на адно вока ён стаў бачыць. Летась пайшоў на той свет з суседняй хаты Пётр Лях. А вось яго 79-гадовая жонка Вольга жыве. Памятае, як мне свае вершы пра каханне маладых хлопца і дзяўчыны чытала. Рада майму другому візіту ў Валатоўкі.

 - I памёрлі Валатоўкі, — шчыра шкадую я.

 - Памёрлі, памёрлі, — з сумам і задуменнай усмешкай пагаджаецца Вольга Гаўрылаўна. Дзіўлюся, што гаспадыня малако цэдзіць,

 - Няўжо карову яшчэ трымаеце?- пытаюся.

 - Ага, - пацвярджае старая. - Ёй тут раздолле. Разумная жывёліна сама ходзіць па закінутых палях, а вечарам у хлеў вяртаецца. Ваўкі каня могуць з´есці, а каровы самі баяцца, не чапаюць. Сена на зіму дзеці нарыхтоўваюць. Цялушку ж яшчэ трымаю.

 Зноў здзівіўся. Вольжын сын Юра працуе на рамзаводзе, Лёша - у меліярацыі. На Лёшавай машыне дзеці і ўнукі кожны выхадны прыязджаюць у Валатоўкі дапамагаць маці і прывозяць ёй прадукты. А зімовай замеццю пешшу пераадольваюць шэсць кіламетраў ад аношкаўскага прыпынку. У водпуск прыязджаюць сын Вася - афіцэр запасу - з Мінска, дачка Рая – інжынер — з Магілёва. А сын Пеця перавёз сям´ю ў Лепель з Украіны ды памёр год таму назад.

 Дзеці маці дапамагаюць, аднак не хочуць, каб тая жыла ў Валатоўках. Сёлета распрададуць жывёлу, і баба Вольга паедзе жыць да Раі.

 I застанецца ў Валатоўках адна глуханямая Марыя Міхно. Я сам сябе абавязваю з ёй спаткацца, аднак з-за цяжкасцей у зносінах падрабязна распытваю аб суседцы ў Вольгі Лях.

 Марыі гадоў 70. Глуханямая яна не ад нараджэння, а пасля хваробы на менінгіт, перанесенай у дзяцінстве. Казу трымала, але гады са два таму назад зарэзала.

 Марыя Міхно не зусім адзінокая. Забірала яе сястра з Валосавічаў жыць да сябе. Аднак валатоўка ўцякла назад у родны мядзведжы кут. Вольга Лях сястру не асуджае - цяжка жыць з хворым старым чалавекам. Няхай бы купілі ў Валосавічах якую хатку ды пасялілі глуханямую асобна але пад сваім наглядам.

 Хто ж забяспечвае прадуктамі інваліда дзяцінства? Жыве ў Велеўшчыне яе брат. Той пасля Марыінайпенсіі прыязджае на кані ў Валатоўкі і на яе грошы сумленна закупляе дзесьці ў магазіне харчы на месяц. А нядаўна сабачку прывезлі Марыі. Ёй самой есці няма чаго, а трэба яшчэ жывёліну карміць. Падумалася: можа для аховы сабачка?

 Зазваніў тэлефон, і баба Вольга паведаміла некаму, што ў яе сядзіць Шушкевіч. Не чакаў такой цывілізацыі ў Валатоўках. Вольга Лях наліла ў бітончык штодзённую норму малака для стрыечнай сястры Марыі Крыўко, і мы пакрочылі на суседні двор. Чорны сабачка-ахоўнік, убачыўшы чужака, імгненна і моўчкі схаваўся пад ганак.

 Моўчкі паказаў Марыі журналісцкае пасведчанне, газету з артыкулам пра Валатоўкі, фотаапарат, шчоўкнуў пальцамі каля вока. Тая зразумела, але паказала на сваё апухлае хворае вока. Махаю рукой. Маўляў, няважна. Марыя спрытна ставіць чыгунок у распаленую грубку, і дзве старыя бабулі паслухмяна выходзяць на вуліцу папазіраваць фотаапарату на фоне закінутага з-за аддаленасці поля (да Валосавічаў 18 кіламетраў лясной дарогі).

 Наўрад ці застанецца жыць у гэтай глухмені Марыя Міхно. Пасля пераезду Вольгі Лях у Магілёў. І, бачна, памруць сёлета Валатоўкі канчаткова.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку:

 Вольга Лях і Марыя Міхно - адзіныя і апошнія жыхары Валатовак.

 Фота аўтара.

 

*   *   *

 Адзначу коратка, што цяпер у Валатоўках уецца пячны дымок толькі над дзвюма хатамі: 79-гадовай Вольгі Лях і крыху маладзейшай глуханямой Марыі Міхно.

 Размаўляў з імі. Нават сфатаграфавацца пажадалі адзіныя насельнікі Валатовак. Цікава, што Вольга Гаўрылаўна мяне ўжо чакала. Унучка з Лепеля патэлефанавала, што да іх ідзе Шушкевіч. Саша ўчора прывёз у горад такую звестку.

 Саўгас "Валосавічы", да цэнтра якога 18 кіламетраў, землі вакол Валатовак не выкарыстоўвае: нявыгадна ганяць у такую далячынь тэхніку. Толькі цялушак часта прыганяюць на лета ў эсенскі лог. Леснікі былыя палі засаджваюць лесам.

 Да наступнай прыбайнянскай вёскі Рэўтполле (на карце значыцца новая, не прынятая людам назва: Калінаўка) вырашыў ісці не бойкай лясной дарогай, а берагам Байны. Падаўся да яе густым лесам, завяз у расквашаным доле, з цяжкасцю выцягнуў рукамі паўкед з гразі і выйшаў на чысты поплаў. Па палосцы хмызу паралельна лесу вызначыў — Байна. Ёсць другое спатканне з лясной ракой!

Падзеі 19-гадовай даўніны рэаніміраваныя ў 2019 годзе.

Працяг тут.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ