04 фев 2019 в 07:56 — 6 лет назад

4. ТАМ БАЙНА АД ВАЧЭЙ ХАВАЕЦЦА, або ТАК ПАМІРАЕ ЗЯМЛЯ

Тема: Ретро скитания помешанного Бродяги     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1221

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.

 Да наступнай прыбайнянскай вёскі Рэўтполле (на карце значыцца новая, не прынятая людам назва: Калінаўка) вырашыў ісці не бойкай лясной дарогай, а берагам Байны. Падаўся да яе густым лесам, завяз у расквашаным доле, з цяжкасцю выцягнуў рукамі паўкед з гразі і выйшаў на чысты поплаў. Па палосцы хмызу паралельна лесу вызначыў — Байна. Ёсць другое спатканне з лясной ракой!

 Нядоўга крочыў высокім травяністым берагам. Байна рэзка нырнула пад шаты, бераг схавалі і загарадзілі кусты, ламачча, крапіва. Ледзь прыкметнай сцежкай адхіліўся ўбок, пакуль не агледзеўся, што пратапталі яе звяры, хутчэй за ўсё дзікі, бо месцамі зямля ўскалыпаная.

 Рукі задзіраю вышэй галавы, каб не апякла крапіва. Натыкаюся на схаваныя пад суцэльным зялёным кілімам карчакі. Ледзь не да зямлі згінаюся, падлазячы пад мёртвыя малыя лапкі ці ніжнія сукі старых ялін. Не, далей так прасоўвацца немагчыма. Можа берагам ісці лепш?

 Пад прамым вуглом паварочваю ў бок Байны. Пераадольваючы апісаныя перашкоды, выходжу да шырокага віру на павароце ракі. Яліны лезуць на самы берагавы край. Прыгажосць фоташпалерная. Ёсць трэцяе спатканне з Байной!

  Рыбку тут павудзіць бы...

 Зусім неяк ісці берагам. Зноў звярыная сцежка вабіць у лясную глухмень. Падпарадкоўваюся. I зноў пачынаюцца паказаныя вышэй пакуты. Вось дзе сапраўднае чортава ляда. Лепш  высакавольтнай лініяй, якая падае ток у Валатоўкі, вярнуся на луг і далей пайду дарогай.

 Але і лінія загрувашчаная заваламі і заселеная крапівой так, што ісці ёй горш, чым звярынымі сцежкамі. Лепш пашукаю апошнія.

 Думаў, іду назад паралельна рэчышчу. Аднак нечакана атрымліваецца чацвёртая сустрэча з Байной! Але што гэта? Мясцовасць знаёмая! Дык я ж выйшаў да маляўнічага вірка, які нядаўна пакінуў.

 Цяпер ужо вяртаюся на поплаў быццам бы знаёмай сцежкай. I ўсё адно блуджу. Баюся, каб не наступіць на затоенага ў крапіве дзіка. У рэшце-рэшт прыходжу на сухі дол, пачынаецца адносна чысты хваёвы лес. Пакруціўшыся і па ім, трапляю на рэўтпольскі ўскраек Валатовак. Вырашаю больш не выпрабоўваць сябе на цягавітасць, адшукваю добрую дарогу, што рэжа светлы бор, і крочу на Рэўтполле. Непакоіць неба, па-ўчарашняму з усіх бакоў заплямленае цёмна-сінімі дажджавымі хмарамі.

 Спераду нарастае грукат конскіх капытоў. I быццам зданька сярод лесу з´яўляецца коннік на вараным кані. Неяк атрымліваецца, што ўдвох адначасова спыняемся і пачынаем гутарку.

 Алег Дзёмка жыве ў Валосавічах. Пасвіць саўгасных цялушак у Рэўтполлі. Пакуль яны выпасаюцца ў гэтым аддаленым куту саўгаса, начуе ў бацькоў у блізкім чашніцкім Забаенні. Цяпер скача ў Валатоўкі на разведку травы ў эсенскай пойме.

 Дарога яшчэ не скончылася, а Алег ужо нагнаў мяне ззаду. Сказаў, што не варта пераганяць цялушак у Валатоўкі. І прыладкаваў каня да маёй пешаходнай хуткасці, каб паказаць прамейшую дарогу на Рэўтполле.

 Звярнулі на яе. На ўзлеску зацікавіўся штучнымі прыдарожнымі ямамі. Іх паходжанне Алег не ведае. Хутчэй за ўсё гэта хатнішчы, бо тут калісьці знаходзілася вёска Майдан.

 Тут байнянская пойма ўяўляе сухі бязлесы луг, разрэзаны пасярэдзіне рэчышчам. Цягнецца ён з валатоўскай далячыні. Алег кажа, што ледзь не ад самых Валатовак, і я, каб не спасаваў перад лясным гушчаром, у хуткасці выйшаў бы га гэты поплаў.

 Дзёмка паказаў, дзе за кустамі хаваецца ладны масток.

 Сам скіраваў каня да броду. Жывот жывёліны схаваўся ў вадзе.

*   *   *

 17 ліпеня 2001 года “Лепельскі край” змясціў маю замалёўку “Адзін з кагорты Дзёмкаў” аб спатканым лясным конніку.

  Алег Дзёмка, жыхар Валосавічаў, прозвішча носіць нашае, лепельскае: процьма ў горадзе і раёне Дзёмкаў. Толькі ў апошняй тэлефоннай кніжцы іх аж 52. Але Алег – жыхар Лепельшчыны нядаўні. Бацька яго жыве ў адным з трох чашніцкіх Забаенняў, што за ракой Байной і лесам. Аднак такая аддаленасць нават на руку саўгаснаму пастуху Алегу Дзёмку. Справа ў тым, што ён выпасае цялят, перагнаных на лета з цэнтра саўгаса “Валосавічы” ў вёску Рэўтполле. А адтуль да Забаенняў – кіламетры са тры. Вось і жыве Алег у бацькі паміж працоўнымі зменамі.

 А сярод дрымучага лесу і без жывёлы паміж Валатоўкамі і Рэўтполлем Алег Дзёмка апынуўся таму, што едзе на разведку травы каля сутокаў Байны і Эсы. Дарэчы, у свой выходны дзень, бо сёння цялят выпасае Алегаў зменшчык Іван Асееў.

 На здымку: пастух саўгаса “Валосавічы”  Алег Дзёмка і яго неразлучны памочнік і сябра Ворлік.

Цярэнці ЭСЕНСКІ.

*   *   *

  Неба спахмурнела. Спыняюся на прывал. Рамантую рукзак. Чапляю чарвяка на кручок і закідваю вуду ў прывабны вір. Дзе тыя курмялі ды нейкія большыя за верхаводку і падобныя на яе рыбіны, пра якія казаў Алег?

 Клёву няма. Мяняючы месцы, падыходжу да броду. І толькі на ім за 15 хвілін выцягваю пяток курмялёў з мезенец велічынёй.

 Гэта была пятая сустрэча з Байной.

 3 поймы дарога ўсвідроўваецца ў густы змешаны, іглічны, хваёвы, зноў змешаны лес. Стараюся трымацца правага кірунку некалькіх дарог, як вучыў Алег Дзёмка, каб не трапіць у не так даўно зніклую вёску Вобалачча, ад якой засталася толькі ўехаўшая ў зямлю лазня.

 Перад прасвятленнем наперадзе дарога зусім занепадае. I каб не далёкія дахі на гарыстым полі, падумаў бы, што выйшаў не туды.

 Кіруюся да цялячага статку.

 Пасвіць жывёлу Дзёмкаў напарнік Іван Агееў. Ён ужо ведае ад Алега, што іду я. Сустракае мяне спачатку агрэсіўна, пакрыўджаны на свае лёс і сацыяльны статус у грамадстве, але потым расчыняе душу. Я яго разумею. Цяжка змірыцца, што пасля неаднаразовага плавання вакол Афрыкі на суднах рыбалавецкага флоту даводзіцца пасвіць цялушак у захалусным Рэўтполлі і жыць у закінутым вясковым клубе, не меўшы сям´і, праз восем гадоў чакаючы пенсію. Іван часовы, "летні" рэўтполец. Рэўтпольца сапраўднага спаткаў на бульбяным палетку. Спачатку ён упэўніўся, ці той я Шушкевіч, які поўзае па мядзведжых кутках. Потым з радасцю павёў мяне на падворак. Быў гэта былы саўгасны брыгадзір Антон Адольфавіч Скібскі.

 Паколькі маю намер падрабязна напісаць пра жыццё Рэўтполля і рэўтпольцаў у асобным артыкуле, у гэтых дарожных нататках апісваць вёску не буду. Зазначу толькі, што, апрача ўзгаданых людзей, у вёсцы жывуць жонка Антона Адольфавіча Яўгенія Ігнатаўна, адзінокі Іван Крыванос і 90-гадовая сляпая Прасіння Паўлаўна Махніс, якую пастаянна даглядае яе 60-гадовая дачка-лепяльчанка Анька.

*   *   *

 13 ліпеня 2001 года “Лепельскі край” надрукаваў мой артыкул “Перад Байной гаманлівай” пра вёску Рэўтполле і яе жыхароў.

 

 Нават кніга “Памяць. Лепельскі раён” забылася пра гэтую вёску, не ўключыла яе ў апісанне ўсіх населеных пунктаў Лепельшчыны. Не згадваецца там і Калінаўка, у якую перахрысцілі Рэўтполле адносна нядаўна, паспеўшы запоўніць рассакрэчаныя вайсковыя карты новай назвай. Што яна азначае, ніхто мне не сказаў, а вось паходжанне старой назвы рэўтпольцы ведаюць: навакольныя землі раней належалі пану Рэўту.

 Дык вось, пастараюся нейкім чынам выправіць пралік энцыклапедычнай «Памяці» і зрабіць апісанне Рэўтполля, а не Калінаўкі.

 Глухі куток зямлі беларускай выбралі першыя засяленцы гэтых месцаў. Наўкола шумяць лясы. Побач забалочаная невыразная пойма рэчкі Байны, правага прытоку Эсы. Да цэнтра саўгаса і сельсавета — вёскі Валосавічы — самалётным шляхам, г.зн. па роўнай лініі на карце, дзевяць кіламетраў.

 Раней у Рэўтполлі было 26 двароў, дзейнічаў фельчарска-акушэрскі пункт, працаваў магазін, грымеў клуб, хадзіў у вёску аўтобус, у двух жывёлагадоўчых памяшканнях утрымлівалася жывёла, апрацоўваліся навакольныя палі. Цяпер жыццё цепліцца ў трох хатах. ФАПа і след прастыў, будынак магазіна даўно на замку, а ў вёску раз на тыдзень (калі не раскісла дарога і апрача зімы) прыходзіць аўталаўка, у клубе летнім сезонам жыве пастух з Валосавіч, бліжэйшы аўтобус прыходзіць у Весялова (10 кіламетраў лясной дарогай), саўгасныя хлявы пустуюць, палі пушчаныя пад пашу.

 Першым на шляху ў Рэўтполле спаткаў статак цялушак. Пасвіў яго чалавек на кані.

 Спачатку пастух пачаў адмаўляцца ад размовы, аднак потым разгаварыўся, назваўшыся Іванам Асеевым.

 Іван Іванавіч — часовы жыхар Рэўтполля. У гэтай вёсцы жыве з пачатку пашавага перыяду, калі на лета цялушак з Валосавіч перагналі на багатыя рэўтпольскія прасторы. Займае пустую хату сям´і Міхноў, якія пераехалі ў Велеўшчыну. Дарэчы, будыніна гэтая паспела паслужыць вяскоўцам і клубам.

Падзеі 19-гадовай даўніны рэаніміраваныя ў 2019 годзе.

Працяг тут.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





04 фев 2019 в 16:21 — 6 лет назад

А як зарумець слова Байна? Як яно перакладаецца з балцкай ці іншай мовы?



06 фев 2019 в 16:18 — 6 лет назад

Блукач, выпадкова я ўспомніў пра існаванне магнітафона "Дайна" і ўсё зразумеў: гадоў тысячу назад абарыгены (як цяпер відавочна аматары бадзяцца і спяваць) з берагоў ракі Байны каланізавалі насельнікаў ўзбярэжжа Балтыйскага мора са сваім моўным слоўнікам, а латышы і лабусы запазычылі упадабанае ім слова і працэс, які пазначаецца тым словам, вычварыўшы яго ў "дайна" з "байна". Цяпер у іх дайна -- жанр народных спеваў. Як казаў байкапісец Крылоў: "А ларчик просто открывался"





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ