Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Займаючыся пошукам у ваколіцах Велеўшчыны археалагічных помнікаў, знайшлі два могільнікі ХІV-XIX стагоддзяў з каменнымі крыжамі. Аблазіўшы, як нам здавалася, усё наваколле, прыйшлі да высновы, што вакол вёскі археалагічных помнікаў быць не можа. Аказваецца, памыляліся.
Яшчэ ў пачатку вясны да нас звярнуўся мясцовы жыхар Іван Пшонка з прапановай паказаць "французскія магілы" непадалёк ад Велеўшчыны. Ён сцвярджаў, што на свае вочы бачыў некалькі насыпаў кіламетры за тры ад вёскі, у сосніку, аднак было тое гадоў сорак таму назад, і цяперашняе існаванне курганоў пацвердзіць не можа.
Не надта спадзяючыся на станоўчыя вынікі даследаванняў, чальцы школьнага гуртка "Нашчадкі" скіраваліся на пошукі курганоў. Якім жа было здзіўленне, калі ў паказаным месцы ўзбоч дарогі, што вядзе ў Цярэшкі, знайшлі курганы – старажытныя пахаванні нашых продкаў. Разышоўшыся па лесе, налічылі 17 штучных насыпаў напаўсферычнай формы. Невысокія (сантыметраў 30-50), яны ўзвышаліся над зямлёй сведкамі падзей далёкай мінуўшчыны, як бы даказваючы існаванне жыцця ў гэтых мясцінах у першыя стагоддзі нашай эры.
Адкуль тут узяліся курганы? Дзе магло існаваць старажытнае паселішча? Каб атрымаць адказ на гэтыя пытанні, адаслалі апісанне курганнага могільніку археолагу Андрэю Вайцяховічу ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Атрымалі тлумачэнні, што помнік археалогіі мог датавацца Х-ХІ стагоддзямі. Больш дакладны ўзрост помніку можна вызначыць толькі пры раскопках.
Знаходка курганнага могільніка – сапраўдная сенсацыя для нашых мясцін. Яна дае падставы меркаваць пра больш старажытны ўзрост Велеўшчыны ці іншага паселішча, якое магло існаваць непадалёк.
У хуткім часе Андрэй Вайцяховіч завітаў у Велеўшчыну. Даследаваў некалькі курганных насыпаў, пашкоджаных тэхнікай.
Пры раскопках значныя знаходкі не трапіліся. Нават у насыпах не знойдзена костак. Курганы, у якіх не было пахаванняў, называюць кенатафамі. Гэта памінальныя насыпы аб памерлых, каб было куды прыходзіць і спраўляць абрады ўшанавання. Таму цяжка вызначыць дакладнае датаванне пахаванняў.
2008.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |