15 янв 2020 в 09:22 — 5 лет назад

УЦЁКІ АД РЭПРЭСІЙ У СІБІР. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 1365

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Пасля рэвалюцыйнага шоку жыццё не стаяла на месцы. Вяскоўцы не хацелі жыць увесь час у нястачы, бачыць галоднымі сваіх дзяцей. Спачатку лес ратаваў ад галоднай смерці. Жанчыны выкройвалі якую гадзіну, каб сабраць ягад, шчаўя, ды і самі малыя былі навучаныя і вуджэнню рыбы, і збіранню дарункаў прыроды.

 Праца ў калгасе нічога не давала. Збожжа ды і бульбу амаль бясплатна забірала дзяржава. Таму на падворках з’явіліся пладовыя дрэвы.

 У вёсцы Валова Гара, насуперак тэарэтыкам камунізму, з’явіліся два статкі асабістых кароў - на левым і на правым берагах Канавы. Спякуць мацяркі праснак, і з малаком смачна з’ядуць дзеці. І ўжо не галодныя.

 У суседняй вёсцы Барсукі нават тры асабістыя статкі стварыліся – па статку на кожны адасоблены пасёлак.

 Цяжэй было назапасіць кармоў для жывёлы, бо ўсе сенажаці былі калгаснымі. Даводзілася жанчынам сярпамі жаць асаку, балотную траву, і то толькі пасля таго, як нарыхтуюць корм для калгаснага статку. Затым пачыналася нарыхтоўка іржэўніку і льнянішча. Жанчыны стараліся жаць збажыну як мага вышэй, бо парослы травой іржэўнік даставаўся жнеям. Ну, і апошні корм для асабістага статку прыносіла бульбянішча. Бульбоўнік скошвалі і закладвалі ў друкі – сукаватыя ствалы сасняку. Хто трымаў коз – вязаў ім венікі.

 Не цярпелася чыноўнікам выслужыцца перад Масквой і абадраць вяскоўцаў да апошняй ніткі. Прыдумалі падаткі на 40 сотак выдзеленага пясчанага ворыва, дзе без штогадовага ўнясення гною нічога вырасці не магло. Затым увялі падатак на кожнае садовае дрэва, кожны куст агрэсту, нават на будынкі, на жывёлу. Падаткі былі непасільныя, таму пайшлі пад сякеру сады. Вуллі знеслі з падворкаў у лясы. Ад каровы патрабавалася здаць 500 літраў малака. А калі хтосьці з сям’і браўся працаваць на вытворчасці, прымяняліся карныя дзеянні – абразалі агарод па вуглы.

 Каб затрымаць сялян у калгасах, выйшла забарона выдаваць пашпарты. Вярнулася адмененае царом яшчэ ў 1861 годзе прыгоннае права, толькі паноў замянілі старшыні калгасаў, а цівунамі сталі мясцовыя актывісты з ліку прыроджаных гультаёў.

 Старыя людзі казалі, што раней у Юр’еў дзень сяляне маглі ад свайго пана сысці, хоць і ствараліся розныя перашкоды, аб якіх сведчыць народная прымаўка: ”Вось табе, бабуля, і Юр’еў дзень”. Але бальшавікі і такія вольнасці адмянілі. Сяляне абураліся: “Дзе абяцаная нам рэвалюцыяй зямля, воля і лепшая доля?”.

 У такіх варунках па-рознаму склаўся лёс дзяцей Адолькі і Анэты Шуневічаў з Валовай Гары. На службу ў Чырвоную армію забралі Ваціка (1908 г.н.). Адслужыўшы ў кавалерыйскай дывізіі, дэмабілізаваўся і адразу падаўся на дзяржаўную службу – лесніком у Домжарыцкі запаведнік. Тады ён называўся бабровым. Ведаючы шчырую працу бацькі, сына прынялі без пярэчання. Там і падвярнулася добрая дзяўчына Агнеша з Бягомля. Пажаніліся. Пасяліліся на пакінутым хутары Зацішша. Завялі ўласную гаспадарку. Зямлі хапала. Гаспадыня была працавітая, мужа трымала ў строгасці, а той і не супраць быў падпарадкоўвацца.

 Заробак лесніка хоць і невялікі, але стабільны. Заўсёды пад рукой быў казённы конь, што вельмі выручала. Не цураліся гаспадары гадаваць уласную жыўнасць. Так што жылі па тым часе добра.

 Хутка з’явілася дзіця. Дзяўчынку назвалі Тоняй. І толькі ў 1939 годзе нарадзіўся хлопчык Бронік. Цяжкі лёс напаткаў гэтую сям’ю ў 40-я гады. Але гэта будзе потым.

 Другога сына Адолькі і Анэты Шуневічаў, Барнася (1910 г.н.), увесь час цягнула да тэхнікі. І як толькі з’явілася магчымасць, скончыў курсы кіроўцаў. У той час такая прафесія была ў вялікай пашане, добра аплачвалася.

 Вядома, што прыгонны хлопец пры прафесіі не мог быць незаўважаным дзеўкамі. У хуткім часе Лёня з сям’і Парфіновічаў стала яго жонкай. Сумеснае жыццё пачалі ў Лепелі. У 30-х гадах нарадзілі трох дзяцей: у 36-м годзе Аню, у 37-м – Ніну, у 39-м – Толю. Далейшы лёс гэтай сям’і дужа складаны і няпросты. Але гэта будзе потым.

 Драматычна склаўся лёс старэйшай дачкі Адолькі і Анэты Шуневічаў, Анэлі (1912 г.н.). Выйшаўшы замуж за малодшага сына хутарца Міколы Казлоўскага, Казіка, Анэля перайшла жыць на хутар у вялікую сям’ю мужа. Калі пачалася калектывізацыя, то першх раскулачылі і скіравалі ў Сібір Казлоўскіх. Самога Міколу забралі ў Лепельскую турму. Яго нявестцы Анэлі міліцыянт дазволіў вярнуцца на ранейшае месца жыхарства, да маці Анэты. Жанчына вырашыла інакш і скіравалася ў высылку з мужам. Па дарозе да месца прызначэння ад хвароб і голаду памерлі дзеці Антося Казлоўскага (брата Казіка) і старая іх маці, Альжбета. Затым захварэў і сам Антось – загнаілася старая рана. Перад смерцю паспеў сказаць брату:

 - Ты, Казік, беражы Анэлю. Можа выратуецеся. А мне ды іншым вы не дапаможаце, бо нас гоняць на пагібель.

 Уначы Казік з жонкай збеглі з вагона. Вылезлі праз дрэнна затоўчанае ў столі акенца. Напаўраспранутыя ўцекачы адышлі далей ад чыгшункі і ў адной з невялікіх вёсак зайшлі ў крайнюю хаціну. Не надта  гасцінна сустрэлі гаспадары чужых людзей, але не выдалі ўладам, а накармілі, паспачувалі ім і далі на плечы накінуць армячок, а жанчыне – нават дзіравы кажушок. У далейшым трымаліся тактыкі заходзіць у бедныя двары. Ішлі больш уначы, а ўдзень адпачывалі. Некалькі разоў нават на таварняках пад’язджалі. Харчаваліся ўсім, што толькі можна было спажываць. Два месяцы дабіраліся маладзёны да роднага кутка. І аднойчы ўначы маці пачула лёгкі грук у акенца спальні. Выйшаўшы з хаты, жанчына трапіла ў абдымкі дачкі і зяця. Слязам і аповядам не было канца. Падышоў дзядзька Юзік. Хуценька патушылі лучыну і пачалі раіцца, што рабіць далей. Пакарміўшы маладых, маці зладзіла на стале штосьці накшталт ложку, і тыя ўпершыню за доўгі час спакойна заснулі. Дзядзька Юзік да раніцы зрабіў са свежага сена схованку ў пуні, маці папярэдзіла дзяцей, каб ніхто і нідзе не ляпнуў лішняга.

 Амаль месяц пражылі ў схованцы Анэля і Казік. А калі адпачылі, набраліся моцы, вырашылі схадзіць да Петрунэлі, сястры Казіка, што была замужам за Янакам Буевічам у Забар’і, пад Пышнам. Маці сабрала ім хатуль з ежай і на ўсякі выпадак паклала пасведчанне аб нараджэнні Анэлі.

 У сям’і Буевічаў Казік убачыў хворага бацьку. Стары Мікола Казлоўскі пасля здзекаў у Лепельскай турме, дзе энкэвэдысты спрабавалі выбіць з небаракі нейкія залатыя грошы, адчуваў сябе кепска. А са зняволення яго аддалі дачцэ Петрунэлі пад распіску – угаварыла, каб пахаваць бацьку на сваіх могілках. Добры догляд ды лячэнне народнымі сродкамі дапамаглі чалавеку стаць на ногі. Паколькі хутар камуністы разбурылі, бяздомны Мікола застаўся жыць у Буевічаў. Доўга распавядаў Казік родным людзям аб гібелі маці і астатніх членаў сям’і, аб уласных прыгодах пры вяртанні дахаты.

 А тым часам у Валову Гару прыкаціла машына з трыма энкэвэдыстамі. Спыніліся каля калавуркі і далей пайшлі пехатой. Адзін з катаў за спінай меў стрэльбу, іншыя былі ўзброеныя наганамі. Спыніліся каля хаты Шуневічаў. Той, што са стрэльбай, стаў ля ганку. Двое з наганамі зайшлі ў хату.

 Дома была маці Анэта і малодшы сын Бронік (1923 г.н.). Старэйшы Юзік (1914 г.н.) ужо працаваў егерам у запаведніку, а дачка Франуся (1921 г.н.) на аманітным складзе шыла торбачкі пад выбухоўку. Тыя, запраўленыя аманітам, мяшэчкі клалі на месцы будучай шашы Мінск – Віцебск і падрывалі, такім чынам трамбуючы глебу. Затым грабары з Украіны падвозілі на падводах-грабарках пясок са жвірам і засыпалі ўтрамбаванаю глебу паслойна на пэўную вышыню, змочваючы і трамбуючы кожны пласт ужо ўручную. Гранітную брукоўку клалі майстры з Украіны. Юзік уначы ахоўваў аманітны склад і дамоў забягаў толькі пераапрануцца, а снедаць прыносілі сястра ці іх дзядзька Юзік, які жыў з імі ў адной хаце. Сам дзядзька, будучы лесніком, яшчэ ў прыцемку пайшоў у чарговы абход, правёўшы пляменніцу да месца працы.

 ...Вайскоўцы, што прыйшлі ў хату, загадалі Анэце выйсці на вуліцу, а малых дзяцей дзядзькі Юзіка і яе Броніка зачынілі ў памяшканні на засоўку – замкамі ў той час не карысталіся – і павялі жанчыну да гаспадарчых пабудоў.

 -Ну, так где, старуха, прячешь дочку с зятем? – спытаў старэйшы з энкэвэдыстаў.

 - Даўно не бачыла ні дачку, ні зяця. Сама хацела іх убачыць.

 - Сейчас увидишь!

 Малодшы з прышэльцаў з сілай ірвануў дзверы пуні, наставіўшы рулю стрэльбы ў дзвярны праём.

 - Никого нету, лишь лежбище на сене.

 - Дык гэта ж дзеці гулялі ды зацягнулі дзяружкі.

 - Ты нам зубы, старуха, не заговаривай. Васюк! Освежи ей память.

 Моцны ўдар прыклада па галаве кінуў жанчыну на зямлю. На нейкі час страціўшы прытомнасць, заграбаючы цвёрды дол, пачала падымацца. Кроў з разбітай галавы залівала твар.

 - Ну что, ведьма, очнулась? Тогда говори, где дочь с зятем?

 - Бог вас пакарае, нелюдзі. Толькі памятайце, што ўсякая маці нават пад пагрозай смерці не прадасць сваё дзіцяці.

 - А у нас даже мёртвые признаются.

 І зноў удар прыклада канчаткова патушыў свет у вачах Анэты. Некалькі хвілін нерухомае цела таўклі хромавымі ботамі з металёвымі падковамі вырадкі, азвярэўшы ад паху крыві і не дамогшыся мэты.

 - Хватит! – загадаў старэйшы энкэвэдыст. – А то чего хорошего окочурится. Ведите быстро в машину.

 Нахіліўшыся над целам, малодшы раптам змоўк, а потым вінавата прамовіў:

 - Так она, тово, не дышит.

 - Нам только не хватало мертвецов возить! – загрымеў старэйшы. – Где заявление?

 Ён выхапіў у малодшага аркуш паперы, спісаны бурачным чарнілам, і спытаў:

 - Ты зарегистрировал заявление?

 - Нет. Не успел.

 - Тогда нас тут не было. И никакого заявления не было. Поняли? А теперь бегом к машине.

 На хаду вайсковец парваў данос, кінуўшы ў пажоўклую траву дамбы.

 …Бронік паспрабаваў адчыніць дзверы з сяней на вуліцу, але не атрымалася. Тады хлопчык пачаў грукаць у дзверы пакоя, дзе жыла сям’я дзядзькі Юзіка. Дзверы адчыніў старэйшы хлопчык Яська. Бронік спрабаваў пралезці ў фортку, аднак яна была ўверсе акна і надта маленькая. У роспачы заплакаў. На дапамогу прыйшоў Яська, паказаўшы выхад праз пограб, дзе трымалі бульбу ды іншую гародніну.

 За сцяной пад невялікай прыбудовай знаходзіўся душнік. Дзеці сцягнулі стоўчанае з дошак прыстасаванне і, пераставіўшы невялікія драбіны, вылезлі на волю. Бронік папрасіў Яську хуценька бегчы да Левановічаў і клікаць людзей на дапамогу, а сам пайшоў да хлявоў і пуні.

 Прыбеглі мужыкі. Убачылі Броніка, які трымаў на каленях галаву маці і плакаў наўзрыд, паўтараючы:

 - Мамачка, не памірай!

 Рукі і твар хлопчыка былі запэцканыя крывёй. Збоку яна расцяклася лужынай.

 Стары Левановіч, зірнуўшы на твар жанчыны, раптам крыкнуў сынам:

 - Яна яшчэ жывая! Франік! Нясі коўдру з пуні. Бронік! І Яська! Хуценька за бабуляй!

 Паціхеньку паклаўшы жанчыну на насілкі, панеслі дахаты.

 У вёсцы невядомым чынам навіны разыходзіліся вельмі хутка. Праз некалькі хвілін падышла суседка Малання, а з супрацьлеглага боку Канавы – Сідзяка Паўліна. Жанчыны абмылі і перавязалі раны на галаве, а калі сцягнулі вопратку, Малання войкнула:

 - На ёй жа жывога месца няма. А якія ж звяры-нелюдзі гэтакую здзечу ўчынілі?

 Левановічыха прынесла нейкіх зёлак, настаяных на мядзведжым сале, Малання - сок альясу, разведзены на моцным ачышчаным самагоне. Вельмі асцярожна ўсімі лекамі нацёршы цела, накрылі коўдрай.

 Паўліна, перахрысціўшы хворую, сказала:

 - А цяпер – божая воля і яе моц. Дужа шмат крыві згубіла.

 Толькі пад вечар хворая расплюшчыла вочы. Першымі яе словамі былі:

 - Што з Анэляй?

 Тым часам прыйшоў дзядзька Юзік з Франусяй. Але Сідзяка Паўліна, якая засталася ля хворай, не падпусціла нікога да яе. Першае пытанне, пачутае ад сына Юзіка, які прыйшоў на вячэру і даведаўся пра здзекі над маці, было:

 - Хто гэта зрабіў?

 А рукі міжвольна загналі ў рулю патрон з карцеччу. Некалькі такіх паклаў у кішэню. Гарачнасць яго астудзіў дзядзька Юзік:

 - Пляменнік, ніхто з нашых не вінаваты. Былі тут тры энкэвэдысты. Дзядзька Левановіч з Франікам прайшлі па іх слядах. Знайшлі стаянку “гругана” і парваны данос. Напэўна, спужаліся, што давядзецца адказваць за забойства, дык хавалі канцы ў ваду. Сюды яны больш не заявяцца. А ты, пляменнік, думай, што ў цябе на руках двое дзяцей і маці. А яшчэ папярэдзіць трэба Казіка з Анэляй. Хуценька вазьмі хлеба – і ў Забар’е. Напрасткі гэта дзве гадзіны хады.

 Праз дзве з паловай гадзіны Юзік малодшы быў на Пышнянскім бальшаку, каля маленькай вёсачкі Забар’е. У крайняй хаце даведаўся, дзе жывуць Буевічы, у якіх нявесткай Петрунэля. І вось ён ужо ў абдымках сястры і распавядае родзічам аб сённяшнім здарэнні дома.

 Анэля сабралася ісці да маці, але Юзік запярэчыў, сказаўшы, што тая забараніла прыходзіць у Валову Гару. Яго падтрымаў і стары Мікола. Добра павячэраўшы ў гасцях, Юзік рушыў у адваротны шлях і ўжо на золку быў дома. Нават не задрамаўшы, пайшоў да аманітнага складу, каб змяніць дзядзьку Юзіка.

 Франуська засталася з маці, змяніўшы цётку Паўліну, а Стася, дачка дзядзькі Юзіка, падаіла і выгнала на пашу карову. Левановічыха гатавала хворай стравы і адвары з траў.

 Добры догляд і мясцовыя лекі зрабілі сваю справу. Ужо праз два тыдні хворая сама сядала на ложку і з дапамогай – на гаршчок.

 Праз пару дзён уся вёска ведала, хто напісаў данос, таму Анэта папярэдзіла сына, каб не надумаў помсціць:

 - Яго бог пакарае і за вандалізм на могілках, і за данос.

 Бацька таго хлопца дзягай навучыў сына-камсамольца так, што той збег з дому, баючыся помсты вяскоўцаў. У Оршы звязаўся з крыміналам і ў хуткім часе загінуў пры злачынных разборках.

 Праз колькі дзён пасля збіцця энкэвэдыстамі Анэты Шуневіч паслаў бацька дачку Петрунэлю ў Лепель да раённага жыда Міркіна з просьбай падрабіць дакументы. Праз тыдзень той перадаў пашпарт на імя Баранава з прапіскай у Лепелі. З гэтым пашпартам Казік уладкаваўся працаваць на чыгуначнай станцыі Лепель. Некалькі разоў Анэля з Казікам некалькі разоў з усімі перасцярогамі наведвалі маці-цешчу Анэту.

 Так у пастаяннай небяспецы маладзёны перазімавалі ў Забар’і. Пад вясну захварэў стары Мікола. Аднойчы паклікаў да сябе сына і сказаў:

 - Ты, сынок, наконт мяне надта не турбуйся. Дачка з зяцем закапаюць. А вы ўсё жыццё не нахаваецеся. Рана ці позна зловяць. Завярбуйцеся бы перасяленцы як мага далей, абы неяк жыць можна было. На цягнік у Лепелі не сядайце, лепш у Оршы – усё ж вузлавая станцыя. Добра, калі трапіцца кірунак без перасадак. Перасяленцам патрэбныя толькі дагавор і метрыкі. Пражыццё на першы час і дарогу я вам аплачу.

 Зрабілі ўсё так, як раіў бацька. Развіталіся з роднымі. З клункамі за спінамі дайшлі да Оршы, дзе купілі квіткі на прамы цягнік Мінск – Іркуцк. Амаль два тыдні дабіраліся да месца прызначэння. Выйшлі на станцыі Піваварыха. Пасяліліся ў бараку. З цягам часу купілі хату.

 Казік і Анэля (на здымку сядзяць у сярэднім шэразе) займаліся ўсякай працай, у тым ліку і агародніцтвам. Зямлі было колькі хочаш. З’явіліся дзеці: спачатку сын Стась (на здымку стаіць крайні злева), потым першая дачка Ядзя (на здымку стаіць над усімі ззаду), затым другая – Франя (стаіць лысая ў першым шэразе) і трэцяя Ліля (на здымку сядзіць на руках у маці).

 Стась у 70-я – 80-я гады працаваў галоўным аграномам Іркуцкай вобласці. Дочкі разляцеліся з бацькоўскай хаты па ўсёй неабсяжнай Сібіры.

 У 50-х гадах Анэля і Казік наведалі родныя мясціны. Напачатку 80-х Стась з жонкай Машай і сястрой Ядзяй адпачывалі спачатку ў Адэсе, а затым пераехалі ў Беларусь, наведалі радзіму сваіх бацькоў і дзядоў.

  Што тычыцца маці Анэлі, Анэты, то яна паправілася, толькі ўсё жыццё скардзілася на галаўныя болі. Мікола Казлоўскі, бацька Казіка, памёр праз два гады пасля катаванняў у турме. Дачка Франуся працягвала працаваць на аманітным складзе. Сын Анэты, Юзік, заставаўся егерам. Жыццё не стаяла на месцы. Людзі жаніліся, будаваліся, гадавалі дзяцей, спраўлялі святы, спявалі… Але ўжо насоўвалася страшная навала генацыду канца 30-х гадоў, калі бальшавізм і народжаная ім дыктатура аднаго нелюдзя ў поўнай меры паказалі свой звярыны выскал, фізічна знішчыўшы найбольш працаздольную частку карэннага насельніцтва, лепшых носьбітаў культуры і традыцый народу.

 Аб тым глядзіце цыкл маіх шматгадовых даследаванняў пад агульнай назвай “Генацыд на Лепельшчыне”.

2020



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





15 янв 2020 в 21:23 — 5 лет назад

Анатоль Иосивич, вяликае Вам ДЗЯКУЙ , што ВЫ даводзице страшэнную прауду аб минулым пабудаваннем "светлага будачага".

И мае миркаванни:

1 1917 году Германия уже "выдахлась" в войне. Но тут великая окт. революция сдала страну

Германия укрепилась и в 1941г. напала на нас со вей своей мощью. .

И вот. Еслибы не эта революция, не было бы уничтожения людей ни в Гражданскую войнну ,ни уничтожения в коллективизацию, ни в уничтожении " врагов народа", и войны не было бы.

В 1990х годах я читал: что если бы не этта варварская рев. то к тому времени численность ссср была бы 500 млн. чел.

А нас в то время было 270млн..

Вот и вся " радость" от варвоского переворота. Миллионы уничтоженных жизней, миллионы слёз детей и миллионы крови людцев !!!!!!!!!!!

И всё вернулось в круги "своя".

2
1




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 5 дней назад,   за неделю: 393 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ