Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут).
Адразу пасля пачатку вайны мой бацька Юзік Адольфавіч Шуневіч, жыхар вёскі Валовая Гара, быў мабілізаваны ў войска і ў складзе паўдзясятка лепельцаў трапіў у школу кулямётчыкаў, што знаходзілася ў Смаленску.
На наступны дзень хлопцы пераапрануліся ў новую амуніцыю і пачалі вывучаць на практыцы матэрыяльную частку кулямётаў розных сістэм і іх абслугоўванне, а ўвечары выпрабоўвалі зброю ў дзеянні. Ужо праз 10 дзён курсанты засвоілі кароткі курс навучання, і былі накіраваныя ў вайсковыя часці. Спачатку бацька быў другім нумарам у даволі спрактыкаванага кулямётчыка, які прайшоў і польскую, і фінскую кампаніі.
Немцы шалёна рваліся да Масквы, паколькі бліцкрыг не атрымаўся. На подступах да Магілёва, а затым і да Смаленска ішлі крывавыя баі. Загад рускага камандавання патрабаваў знішчэння як мага больш бранетэхнікі. У ход пайшлі, апрача процітанкавых і звязкаў ручных гранатаў, бутэлькі з гаручай вадкасцю. Іх называлі “кактэйль Молатава”.
Дарагім быў кожны дзень абароны. Але надышоў час, калі давялося пакінуць горад. У адным з баёў загінуў паранены першы нумар, і яго замяніў мой бацька. Не проста было стрымаць ваенную машыну вермахту маладым хлопцам-курсантам розных школ, што сталі на шляху нямецкіх ваяк, якія прайшлі ўсю Еўропу, былі экіпіраваныя і ўзброеныя да зубоў. Патрыятычна наладжаныя курсанты, амаль дзеці, кідаліся ў штыкавыя атакі і, вядома, гінулі, але на дзень ці больш стрымлівалі прасоўванне нямецкіх войск. Парадзелыя палкі рускага палку папоўнілі апалчэнцамі, якія часткова былі ўдзельнікамі фінскай вайны. На іх арыентаваліся іншыя.
Ведаю сітуацыю з падрабязных расповядаў бацькі. Далей буду апісваць баявыя дзеянні ад яго імя.
“Нашыя выпрацавалі тактыку стрымлівання. Мініравалі цэнтральную дарогу, а па баках закладвалі міны супраць пяхоты. Як толькі бранявік ці танк падрываўся, экіпаж вылазіў і трапляў на “супрацьпяхоткі”. А з флангаў па спыненай калоне ўжо працавалі кулямёты. У такіх ар’ергардных сутычках прайшоў час да першых ваенных зазімкаў.
Зіма прыйшла даволі рана. Заставаўся апошні рубеж перад Масквой. Полк асталяваўся ў траншэях, якія выкапалі масквічы. Кулямётныя гнёзды паставілі ў наспех зробленых бліндажах.
Чатыры супрацьтанкавыя гарматы наладзілі на прамую наводку. Справа, у бок Валакаламска, рухалася дывізія Панфілава. Заняла пазіцыі. Курсанты зайздросцілі экіпіроўцы панфілаўцаў – была дужа добрая. Дывізія ў асноўным складаўся з сібіракоў: паляўнічых, што білі вавёрку ў вока. З іх з’яўленнем умацавалася ўпэўненасць, што далей немцы не пройдуць. Некалькі афіцэраў параілі, як арганізаваць абарону і выбіваць Фрыцаў са снайперскімі стрэламі, а не лезці на ражон.
У бінокль было добра бачна, як па вясковай вуліцы бегалі немцы з факеламі для прагрэву матораў. Некалькі адзінак бранетэхнікі стаялі прыкаванымі да месца. З падбітага рускага лёгкага танка танкіст першым зразумеў, што запусціць бензінавыя маторы ў 20-градусны мароз немцам няцяжка, а вось зрушыць замёрзлыя ў восеньскай гразі гусеніцы немагчыма. Рухацца могуць толькі тыя, што стаяць на сухім месцы. Таму толькі каля дзясятка машын выстраіліся ў фронт і з вялікай колькасцю пяхоты рушылі на нашыя пазіцыі.
Першымі стрэламі артылерысты падбілі два браневікі і два лёгкія танкі. Трапныя стрэлы двух кулямётаў змусілі варожую пяхоту залегчы, а потым адпаўзаць назад.
Загарэліся яшчэ два танкі, злоўленыя снарадамі на развароце. Адзін з перабітай гусеніцай закруціўся на месцы, стаўшы добрай мішэнню знішчальнікам танкаў. Хутка ён запалаў ад бутэлькі з “кактэйлем Молатава”. Астатнія танкі заднім ходам адышлі назад.
Стралкі трапнымі стрэламі дабівалі параненых ворагаў, што з усіх высілак адпаўзалі. Кулямётчыкі снегам ахалоджвалі рулю кулямёта. Па траншэі прабег камбат і папярэдзіў, каб не падпускалі пяхоту на адлегласць кідка гранаты.
І зноў атака. Ужо восем танкаў з большай колькасцю пяхоты рушылі ў наступ. Гарматы і супрацьтанкавыя ружжы папрацавалі на славу. Але ад прамога пападання была падбітая гармата, і загінулі два артылерысты. Кулямёты адшылі ад танкаў пехацінцаў, і іх, бы зайцоў, забівалі трапныя кулі.
На полі бою палалі 16 вогнішчаў. Атакі паўтараліся некалькі разоў. Апошняя ўжо была без падтрымкі бронетэхнікі.
Я ўбачыў, як доўгі немец, напэўна афіцэр, спрабуе падняць сваіх ваяроў у атаку. Але тыя ляжаць, уткнуўшыся насамі ў снег. Тады афіцэр выхоплівае парабелум і страляе у патыліцы двум ляжачым. Іншыя ўзнімаюцца і ідуць, страляючы на хаду. Я даю дзве прыцэльныя чаргі, якія валяць немца ў снег. З яго рукі выпадае граната і выбухае. Валяцца ў снег яшчэ двое, што ідуць следам.
Вялікія страты і ў нашых. Але настрой баявы – падцёрлі нос гітлераўцам. Аднак тут жа на нашых пазіцыях пачалі рвацца міны. Нас літаральна засыпалі мінамі ў шахматным парадку. Адна разарвалася наперадзе кулямётнага бруствера. Памятаю толькі полымя ў вачах і больш нічога.
Ачуняў ад таго, што нешта крапае на твар. Расплюшчыў вочы і бачу, што нада мной схілілася дзяўчо, плача, і слёзы крапаюць мне на твар, а побач сядзіць вялікі сабака. Правая рука перавязаная, таму левай пагладзіў сабаку паміж вушэй. І той пачаў цягнуць нейкае прыстасаванне, падобнае на санкі. Дапамагаць жывёліне ўзялася і дзяўчынка”.
Канчаткова бацька ачуняў толькі ў шпіталі. З яго цела выцягнулі чатыры асколкі. Там ён даведаўся, што дзяўчыну звалі Лора, і яна выратавала жыццё многім параненым. Даведаўся і аб смерці Панфілава ад выпадковага снараду. Праз дзве гадзіны бацьку эвакуявалі ў Тамбоўскі вайсковы шпіталь.
На фронт бацьку больш не ўзялі – дрэнна слухалася параненая правая рука і турбавала прабітае лёгкае. Да канца вайны працаваў у эвакуяваным дзіцячым доме.
Угледзься, чытач, у твар гэтага чалавека. І ты зразумееш, што такія людзі і ёсць сапраўдныя героі вайны.
І як пісаў Твардоўскі, яны вялі бой з фашызмам не дзеля славы, а дзеля жыцця на зямлі. Вядома, што не дзеля ўзнагарод ды пышных парадаў стаў і мой бацька героем абароны Масквы. Пахаваны ён на зямлі Тамбоўшчыны на могілках вялікага сяла Вяльмошка. Ёсць фотаздымак майго наведвання магілы бацькі.
Юзік Шуневіч не свядома дзеля геройства стрымліваў наступ ворага. Ён усяго толькі выконваў загад камандзіра. Аднак не спасаваў перад відавочнай небяспекай яго жыццю. Цвёрда стаяў на пазіцыі, не пускаючы ворага на зямлю сваёй краіны. А прыхільнікі камуністычнага рэжыму свядома нахлусілі выбаршчыкам, быццам Юзік Шуневіч быў паліцаем, каб не даць магчымасці сыну франтавіка балатавацца ў Вярхоўны савет БССР.
2020
(Працяг глядзець тут).
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |