Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут).
Летняй раніцой 1941 году да лагеру падкаціў чорны “Опель”, і з яго павольна вылез тоўсты немец. Пайшла чутка, што гэта стаўленік Гітлера па Беларусі. Перагаварыўшы з камендантам лагеру, фашысцкі чыноўнік загадаў узняць шлагбаум і падклікаў да сябе перакладчыка з паліцаем. Затым, згледзеўшы палонных у цывільнай вопратцы, спытаў цераз перакладчыка, што гэта за людзі.
Перакладчык, ужо выслухаўшы паліцая, даклаў, што гэта мясцовыя сяляне, якіх бальшавікі мабілізавалі на будаўніцтва абарончых збудаванняў. Зброю ў руках яны не трымалі.
Чыноўнік, павярнуўшыся да каменданта, загадаў:
- Усіх мясцовых жыхароў выпусціць. Вермахту патрабуецца харчаванне. Няхай у полі працуюць. Жывёлу гадуюць. У лагеры пакінуць толькі азіятаў і габрэяў.
Навакольныя жыхары аднекуль даведаліся, на якіх умовах адпускаюць палонных, і ўжо зранку пацягнуліся ў Беразіно. Да гэтага часу паліцай забраў усіх, хто быў апрануты ў цывільную вопратку. А жанчыны ўжо самі выкуплялі хто “сына”, хто “брата”, а хто і “мужа”. Разлікам служылі пярсцёнкі, яйкі, мёд, пяршак…
Хутка з усіх цывільных палонных засталося менш паловы, бо, адчуўшы паветра волі, большасць вырашыла дабірацца дахаты самастойна і не чакаць, пакуль суправаджальнік атрымае “аўсвайс”.
Лепельцы дачакаліся свайго канвойнага і, перакусіўшы ў доме яго брата, рушылі дахаты. Натоўп у суправаджэнні паліцая спынілі пры пераходзе Бярэзіны. Паперамі надта не цікавіліся. Загадалі пераходзіць па краі моста па аднаму, не перашкаджаючы руху тэхнікі. Далей нікому не было справы да людскога натоўпу.
З кожнай вёскай колькасць падарожнікаў змяншалася. Падыходзячы да Закаліўя, паліцай сказаў, што ён ужо дома, а мальцы з Пышна, Пышнагораў, Поплавак і іншых лепельскіх вёсак дойдуць самі. Валавагорцам параіў ісці праз Пруднікі напрасткі да Зацяклясся.
Цяжкімі здаліся апошнія кіламетры знясіленым людзям. Вацік шуневіч і Франік Левановіч вырашылі зайсці да сястры Франусі, пераначаваць у Казлоўскага Яські, а раніцой праз Прудок падацца дахаты. Астатнія пайшлі рознымі накірункамі: хто цераз Пунтусаў мост, хто праз Свядскую грэблю. Падганяла жаданне як мага хутчэй абняць родных, распавесці пра паўтарамесячныя пакуты ў няволі.
Казлоўскія, даведаўшыся, што госці амаль паўтара месяца правялі ў лагеры ў якасці палонных, сустрэлі Ваціка і Франіка гасцінна, адразу пасадзілі за стол. Яська дастаў бутэльку “казёнкі” і шклянкі. Але Франік папярэдзіў, што спачатку трэба наталіць голад.
Франуся ўвесь час не адыходзіла ад брата.
Плакала ад радасці, што насуперак чуткам амаль усе жывыя, вось толькі лёс Юзіка Шуневіча невядомы. Шкада брата, шкада суседа Лоцьку Драгуна. І зноў ліюцца слёзы – у жанчын увогуле вочы на мокрым месцы.
Яшчэ добра не развіднела, а мужчыны сабраліся ў дарогу. Жанчыны на хуткую руку прыгатавалі сняданак, а маці Яські перахрысціла гасцей і прачытала малітву за здароўе.
Яська правёў швагру і родзіча да лесу. Па дарозе паведаміў, што ў яго ёсць сувязь з “добрымі людзьмі” з гораду, і як толькі з’явіцца магчымасць здабыць зброю, створаць атрады супраціўлення. А пакуль трэба чакаць.
Развітаўшыся са сваяком, мальцы ўжо праз гадзіну хуткай хады выйшлі на Сідзякова поле, дзе каля абводнай канавы іх чакалі старыя Левановічы з нявесткай Анцяй і бабуля Анэта з дзедам Юзікам, нявесткай Агнешай і маёй маці. Дзеці ў гэты час яшчэ спалі, і толькі мая хросная маці Паўліна далучылася да сустракаўшых. Вось так і вярнуліся дахаты “абаронцы айчыны”, адны ўначы, іншыя раніцой, у поўнай меры зведаўшы здраду антынароднага кіраўніцтва Савецкага Саюзу антычалавечнай фашысцкай “цывілізацыі”.
2020.
(Працяг глядзець тут.)
НРАВИТСЯ |
СУПЕР 1 |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |