Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Мае бабулі казалі, што ўсё ад бога: неба, сонейка і ўвесь свет. І жывёлы розныя, і людзі. І дзед Пракоп сцвярджаў тое самае. А ён у Тамарачкі быў самы большы аўтарытэт. Але я ўсё адно сумнявалася, бо бог жа добры, а тады, значыць, і стварэнні яго мусяць быць добрымі.
- Дзеда, а кураня ад бога? – дапытвалася я ў дзеда Пракопа.
- Аняго ж, Марачка.
- А парсюк?
- Усякія стварэнні – божыя.
- І пчолы?
І дзед Пракоп цярпліва мне тлумачыў. Ну, кураня яйкі дае, як вырастае, парсюк – каўбасу смачную, пчолы – мёд духмяны і лекавы ад хвароб розных. Гэта я разумела.
А навошта бог стварыў, напрыклад, муху? Тамарачка толькі і робіць, што з ручніком за імі ганяецца. Валерык дык сшыткам б’е, а я баюся: а што калі бог узлуецца?
А вось ліса? Якая з яе карысць? Курэй толькі крадзе. Ці ваўкі? Бабы міхалоўскія казалі: у Ваўкоўні цяля задралі.
А яшчэ: навошта богу дрэнныя людзі? Як Фомка баравенскі, што да бабы Проскі сватаецца? Лайдак ды п’яніца. Непатрэбны ён нам.
Ці цётка Ядзвіга з Горак кажа пра мяне, што я бедная сірацінка пры жывых бацьках. А бацькі мае не проста так на Данбас з’ехалі, а грошы зарабляць на хату.
А паліцаі? Валерык чытаў у кніжцы, што яны прадаліся немцам. А немцы – гэта фашысты. Не любіць Тамарачка дрэнных людзей, баіцца іх бы тых страшных павукоў. Брыдкія. Калі бягуць па сцяне сваімі многімі лапамі, дык хаваецца ад іх за бабу Проску.
Паліцай у нас, у Міхалове, адзін – дзед Мацвей. Але яго чамусьці Тамарачка не дужа баіцца, бо ён і не страшны зусім. Хоць ім бабы дзяцей палохаюць, што як не будуць слухацца, то ён усіх з ружжа застрэліць.
А ружжа таго ніхто і не бачыў ніколі. Дый дзед Мацвей на паліцая не паходзіў, вочы ў яго добрыя, бы ў дзеда з казкі пра залатую рыбку. Толькі сумныя. Ды і не бачна яго дужа, бо на вуліцу выходзіць рэдка, усё больш у хаце сядзіць ці ў садку.
І дужа мне было цікава, ці то праўду людзі кажуць пра яго, што ён паліцай. А як падысці да дзеда Мацвея?
Хата бабы Проскі знаходзілася на адным баку вуліцы, пры ёй агародчык і садок. А на іншым баку быў большы агарод, дзе садзілі бульбу, буракі ды капусту. Плот у Міхалове ставіўся толькі ад вуліцы, а так ралля дзялілася між сабой межамі.
Дык вось, агарод бабы Проскі з садком дзеда Мацвея падзяляла агульная мяжа. На ёй я і вырашыла падпільнаваць паліцая. Гэта было лёгка, бо на мяжы шчаўя відзьма-нявідзьма.
Шчыплю шчаўе, а сама ў бок дзеда Мацвея пазіраю: мо дзе пад яблыняй тое ружжо схаванае. Аж душа ў пятках.
Усё бліжэй набліжаюся, а загаварыць баюся. Язык бы анямеў. Першым закрануў мяне сам дзед Мацвей:
- Саромеешся, дзетка, ці палохаешся?
А я і сама не ведаю. Але храбра падыходжу і з усяго дуру ляпаю:
- Дзед, а ты паліцай? Бабы кажуць.
- Людзі кажуць, дык паліцай.
- А Валерык у кніжцы чытаў, што паліцаі дрэнныя, бо здраднікі, фашыстам служылі.
- Не ўсё праўда, што ў кніжках пішуць. І немцы не ўсе фашысты, і паліцаі не ўсе здраднікі.
- Як гэта? – не зразумела я, бо верыла ўсяму напісанаму.
- А так, дзетка. Ты яшчэ малая, не разумееш. Людзей шмат на свеце, і ўсе розныя.
Ну, гэта я ўжо разумела, тым больш і дзед Пракоп казаў тое самае пра розных людзей:
- Аднолькавых людзей не існуе, унучачка.
Сакрэтаў у нашым Міхалове не было, і ўжо ўвечары на мяне сварыліся абедзве мае бабулі:
- Ай-вой! – ледзь не галасіла баба Проска. – Што за дзіця непаслухмянае? Колькі разоў казала: не чапай Мацвея.
- Аняго ж, - паддаквала ёй баба Марыля. – А каб стрэліў? Бах – і няма птушачкі.
І Валерык злаваўся:
- Акцябраты і піянеры з паліцаямі не гавораць. А таго, хто з імі дружыць, не прымаюць да сябе.
Ха! Мне да тых піянераў далёка. Дый мой любы дзед Пракоп кажа:
- Ну, чаго наваліліся на дзяцёнка? Паліцай, не паліцай, а чалавек Мацвей добры, дрэннага нічога нікому не зрабіў. А служыў таму, што сям’ю ратаваў. Ты толькі, Марачка, не дапытвай Мацвея, не лезь чалавеку ў душу.
І гэтыя словы дзеда Пракопа былі для мяне галоўнае. З таго часу я часцей забягала ў садок. Здаралася, што і моўчкі глядзела, як дзед Мацвей пляце кошыкі. Калі баба Марыля давала мне цукеркі ці пернік, частавала яго, а ён узамен даваў мне пышкі, што пякла Мацвеіха. А аднойчы, ужо пад восень, дзед Мацвей падарыў мне маленькі кошык і паклаў у яго яблыкаў паўнютка.
- На шчасце, Марачка, - сказаў. – Можа калі згадаеш дзеда Мацвея-паліцая.
Згадвала я яго тады, калі бачыла такіх людзей – ізгояў. І шкадавала іх нейкім балючым жалем, як і гэтага нелюдзімага і пахмурнага паліцая. Нешта такое незразумелае цягнула да яго маю маленькую душу, кранала сэрца.
Даверлівая і жвавая, пры ім я рабілася ціхмянай і маўклівай. Ён плёў кошыкі, я, раскінуўшы шчавель на хусцінку, перабірала. Узнімаючы вочы, мы ўсміхаліся адзін другому. Ён зрэдку пытаў мяне пра што-небудзь:
- Што бацькі пішуць з Данбасу, Марачка?
- Пішуць, што скора забяруць мяне.
- Ну, то едзь, свет паглядзі.
А я скардзілася яму, што не дужа хачу ехаць.
- Дык не да чужых паедзеш, а да бацькоў. Яны ў цябе добрыя, працавітыя.
І мне было прыемна, што дзед Мацвей так гаворыць. А як я ад’язджала, нікуды дужа не ходзячы на людзі, прыйшоў аж да цягніку ў Лазовікі. Стаяў воддаль ад натоўпу, абапёршыся на кіёк. І я востра адчувала яго самоту.
Шмат пазней, як ужо сама буду самотнай сярод людзей, зразумею, што аб’яднала маленькую дзяўчынку са старым дзедам-паліцаем. Бо на сваёй скуры выпрабавала тое, што дзед Мацвей паўвеку насіў у сваім сэрцы.
…А яшчэ я дзівілася таму, што дзед Мацвей называў мяне Марачкай. У Міхалове толькі дзед Пракоп так мяне клікаў. Калі я яго пытала, чаму ён не кліча мяне Тамарай як усе, ён казаў:
- А гэта не тваё імя, дзетка. Тваё сапраўднае – Мара. Так, як ты нарадзілася, назваў цябе Шурка мой, твой, значыцца, татка. А паколькі такое імя сапраўднае, у ім ёсць душа, твая душа, Марачка.
Дык выходзіла, і дзед Мацвей ведаў, дзе ёсць мая душа?
І які ж ён пасля гэтага паліцай?
2021
![]() НРАВИТСЯ 9 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Вы что ахренели?
В 1941 пришли "европейцы", Матвей, думая о семье, трудоустроился полицаем. А тут партизаны под руководством московских НКВДистов стали постреливать. "Цивилизованные европейцы" вынуждены были наказывать местных. Но не своих же солдат отправлять сжигать живьем белорусских детей, у них дома такие остались и психика будет портиться. Вот и пришлось Матвею и ему подобным этим заниматься. Станешь после этого задумчивым и сентиментальным при виде маленькой девочки...