Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Гэта спісы людзей, якія знаходзіліся побач з Лукашом у канцэнтрацыйных лагерах Асвенцым і Маўтхаўзен. Лукаш - мой дзед па маці, Шушкевіч.
У красавіку 1944 года, калі фашысты пачыналі блакаду партызанскай рэспублікі, яго разам з іншымі сялянамі з вёскі Верабкі арыштавалі і скіравалі ў рэйх. Да таго правялі над хрысціянамі гнусную акцыю - праверку: каму верабчане сімпатызуюць. Як мог вораг распараджацца людзьмі, якія стагоддзямі жылі на сваёй зямлі і не падпарадкоўваліся чужым правілам? Яны любілі гэтую зямлю і рабілі так, як ім падказвала сэрца.
Фашыстам было незразумела, з кім яны ваююць. Ім здавалася, што іх падтрымліваюць. А вёска дапамагала лясным людзям - тым, хто ваяваў з захопнікамі. І ўсе дружна трымаліся адзін аднаго, ніхто нікога не выдаваў. Таму фашыстам давялося арганізаваць паскудны ўчынак. Гестапа заслала чалавека ў вёску пад выглядам знаёмага.
Да яго прыглядаліся, але падазрэнняў ня вызваў, і Зося Шушкевіч павяла яго паказаць дарогу на Вокана, дзе базіраваўся партызанскі атрад нумар 3, у якім служылі верабчане.
Па дарозе агент уцёк, Зося вярнулася і сказала аб тым. Ранкам другога дня Лукаш Шушкевіч закінуў за плечы кашолку, нібы сабраўся на ямы ў Вялікі бор, дзе вяскоўцы хавалі бульбу. Лукаш хацеў папярэдзіць партызан. Ён перайшоў па вадзе рэчку Бярэшчу і ўзышоў на дамбу, а там хаваўся карацель.
Вёску ўжо ачапілі, і на дамбе таіўся фашыст. Пад дулам аўтамата Лукаша павялі ў натоўп, дзе збіралі ўсіх вяскоўцаў, што заставаліся ў вёсцы: і мужчын (падлеткаў), і маладых жанчын. Там жа была і Зося.
Арыштаваных павялі ў Лепельскую турму. Лукаша і Зосю, і яшчэ іншых адразу скіравалі ў Асвенцым. З імі везлі таксама верабскую дзяўчыну Проску Прускую, якую бачылі ў турме вельмі пабітую - яна ледзьве губамі шавяліла і сядзела, прыхінуўшыся да сцяны. Па дарозе з Мінска ў Асвенцым яе ўжо не было – бачна, знішчылі.
А Зосю і Лукаша размясцілі ў бараках у Асвенцыме. Потым яна расказвала, што бачыла Лукаша: ён выменіваў паёк на цыгарэты, бо вельмі перажываў за дзяцей, што засталіся з адной маці (малодшаму было ўсяго тры гады).
Зосі пашанцавала - яна дажыла да вызвалення і вярнулася на радзіму. А Лукаша з іншымі мужыкамі пагналі далей, у аўстрыйскі Лінц, адкуль былі бацькі Гітлера. Там фюрэр, выкарыстоўваючы зняволеных, пракапаў шматкіламятровыя штольні ў Альпах і размясціў падземныя заводы, каб вырабляць зброю і ядзерны патэнцыял. У Лінцы знаходзіліся таксама Надабны Мікалай і Міснік Мікалай (Коля Раманаў) з Верабак.
Лукаша заставілі працаваць у самым жудасным філіяле Маўтхаўзена - Гузене.
Ён не дажыў да вызвалення. У лютым 45-га яго знайшлі мёртвым на лагерных нарах. Ён памёр ад знясілення. Заставалася зусім мала да канца вайны.
Ніхто не ведаў пра апошнія часы Лукаша. Яго жонка - мая бабуля Лідзія, усё жыццё чакала мужа, спадзявалася, што ён вернецца, і малілася за яго ўвесь час. Ніякая ўлада нават не спрабавала дазнацца пра лёс селяніна. І толькі тады, калі разваліўся Саюз, я змог даведацца пра яго, запрасіўшы нямецкую службу Бад-Арользен. Там некалькі год шукалі і, нарэшце, паведамілі, што з ім здарылася.
Тая служба па маёй просьбе прыклала дакументы, з якіх бачна пра Лукаша.
У спісах ёсць таксама іншыя імёны, і таксама - беларускія.
Таму я вырашыў іх данесці да чытачоў - можа, хтосьці знойдзе сваіх родных.
Цяпер тая гісторыя зноў усплывае цяжкімі ўспамінамі. Ідзе вайна, і кожны ракетны ўдар па жылых дамах і хатах, па людзях, адгукваецца трывожным набатам. Беларусам вядомыя жахі вайны. А ёсць пакаленні, якія не ведаюць пра тое і ўспрымаюць вайну па інтэрнэтаўскіх гульнях - як лёгка даецца перамога!
Не, вайна не прагулка за перамогай. Ахвяры такія, што надоўга адгукваюцца болем, цяжарам, нянавісьцю. Таму трэба памятаць былое.
2023
![]() НРАВИТСЯ 3 |
![]() СУПЕР 1 |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Я не читаю книги про войну. Я не смотрю кино про войну. Я не люблю войну. Для меня это что-то страшное и непонятное, на войне люди убивают друг друга. Зачем!?
Цикава. Зосю и Колю Раманава ведау добра. А вось, што яны пеоажыли канц
лагер , даведауся тольки сёння.
Василь, Пишы паболей, ты шмат чаго ведаеш. З павагай !