Сведения об авторе смотреть здесь.

На лепельскіх землях, дзе неба такое ж блакітнае, як і азёры, якіх на лепельшчыне налічваецца каля 150 разам з рэчкамі, ужо 150 год узвышаецца мураваны вартаўнік духоўнай спадчыны нашай зямлі – касцёл Святога Казіміра.

Нібы каменны валун ці стопяцідзесяцігадовае дубовае дрэва з глыбокімі каранямі ён вытрымаў непагадзь цяжкай і велічнай гісторыі.

1 сакавіка 2026 года з цёплымі промнямі першага вясновога дня касцёл таксама заквітнее сваім юбілеем, запрашаючы лепельцаў і гасцей горада на сустрэчу з мінулым, што жыве ў кожным камені.

Першыя звесткі пра рыма-каталіцкую парафію паходзяць з 1604 г., калі Леў Сапега падараваў Стары і Новы Лепель віленскаму жаночаму бэрнардынскаму кляштару. У тым жа годзе ён фундаваў і багата абставіў касцел, які нагадваў вялікі карабель. Гэта быў адзін з першых трох касцёлаў на полацкай зямлі.
Верагодна, што падчас ваенных дзеянняў у 1655 годзе касцёл быў спалены, адбудаваўся і ў 1779 годзе зноў згарэў. Праз 20 гадоў адноўлены і ў 1833-м згарэў. Лепельскі касцёл, бы птушка Фенікс, гарэў і зноў аднаўляўся з попелу. І на гэты раз ужо мураваны касцёл пачаў сваё новае жыццё ў 1876 годзе.
Лепельскі касцёл Святога Казіміра – гэта сапраўдны шэдэўр архітэктуры, якая нібы чароўныя мелодыі высечана ў камені.

Гэтыя гукі веры прывабліваюць да парафіі сваіх вернікаў і гасцей гораду. Паломнікам і турыстам не толькі прыемна акунуцца ў чароўную прахалоду святыні, але і памаліцца ля рэлікварыю, які налічвае пад 30 святыняў святых і бласлаўлёных.
Пры касцёле дзейнічаюць розныя рухі. Ініцыятыва «Маці ў малітве» аб´ядноўвае матуляў, група ананімных алкаголікаў «Ля возера» збірае людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Нельга забыцца і на велізарную дапамогу дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».
…А з тыдзень таму назад на вежах святыні былі ўстаноўлены электронныя званы. І цяпер для кожнага гучыць мелодыя жывой духоўнасці, дабрыні, любові і велічнасці каталіцкай веры.
1 сакавіка 2026 года Лепель прачынаўся. Над возерам жоўтых гарлачыкаў павольна ўздымаўся лёгкі туман, і яго бялявыя клубы, як малітвы, цягнуліся да нябёсаў. Паветра было прасякнутае пахам ранняй вясны – зямля дыхала, абуджаная цёплым ветрам, і ўсё навокал быццам чакала вялікай падзеі.
У гэты дзень горад святкаваў духоўны юбілей – 150 гадоў касцёлу Святога Казіміра. Гэтая святыня даўно стала не толькі месцам малітвы, але і душой самога Лепеля. Яе белыя сцены, што ўзвышаюцца над гарадскім паркам, памятаюць і пах попелу пажараў, і шэпт малітваў у часы пераследу, і звонкі смех дзяцей на велікодных службах, і горкія слёзы падчас цяжкіх гадоў, калі над Беларуссю навісала цемра, і святло твараў вернікаў, калі з новым зіхаценнем над горадам заззяла святло хрысціянскай веры.
Да 13-й гадзіны у бок касцёлу цягнуўся струмень людзей. Старэнькія жанчыны ў хустках, сем’і з дзецьмі, стракатая моладзь і прыбыўшыя на імшу святары – усе зліваліся ў адзін жывы паток. Хтосьці нёс кветкі, хтосьці проста ўсмешку і надзею ў вачах.
Над горадам ужо чулася мелодыя з нядаўна ўстаноўленых электронных званоў. Моцная, велічная, быццам сэрца самой святыні, што білася ў такт радасці людзей.
Ксёндз Уладзімір, які служыць у Лепелі ўжо больш за дзесяць гадоў, вітаў гасцей цёплай усмешкай. Ён ведаў амаль усіх па імёнах, для яго гэта былі не проста парафіяне – гэта сям’я.

Калі пачалася імша, памяшканне напоўнілася гукамі электрааргану. Ён граў не проста музыку – ён расказваў гісторыю пра пачатак распаўсюджвання каталіцкай веры на Лепельшчыне ў першай палове 17 стагоддзя; пра драўляныя касцёлы, што не аднойчы знішчаліся ў полымі пажараў; пра войны і навалы, што чорнымі зданькамі праносіліся па Лепельскай зямлі; пра будаўнікоў святыні, што 150 гадоў таму ўзводзілі яе ў самым цэнтры тагачаснага Лепеля.
Пра гісторыю і сучаснасць касцёлу расказаў на пачатку святочнай імшы мясцовы краязнаўца, парафіянін. Ён прыйшоў на свята з трымя маленькімі дачушкамі-каталічкамі.

На ўрачысты юбілей прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго спакойны позірк і малітоўная пастава яшчэ больш напоўнілі касцёл урачыстасцю і пашанай.

У сваім казанні біскуп прамовіў: «Вернік падчас посту шукае сабе нейкіх пастаноў і пакут. Але ці трэба гэта? Можна проста пачаць жыць паводле дзесяці запаведзяў. Адразу ўсё стане на сваё месца, і гэта будзе сведчанне. Кожны крок веруючага чалавека – гэта крок да Бога, які не дазваляе нават упасці воласу з галавы справядлівага чалавека. Таму няхай наша сёняшняе святкаванне за гэты дом Божы, удзячнасць за касцёл, умацуюць нас у веры і зробяць з нас сведкаў Езуса Хрыста і прывядуць нас да нябеснай Айчыны».
Голас яго гучаў мякка, але ўпэўнена – так, што нават самым неспакойным душам хацелася замерці. Людзі схілялі галовы, слёзы радасці і памяці зіхацелі ў вачах. Час, здавалася, спыніўся, і ўсё навокал растварылася ў вечным святле свечак.

Адным з самых сімвалічных момантаў урачыстасці стала асвячэнне біскупам Вiцебскiм Алегам Буткевiчам копіi гравюры «Вяртанне блуднага сына». Цёплыя словы вiншаванняў парафіянам выказала намеснік старшыні Лепельскага райвыканкаму Вераніка Хомбак.

Хтосці ўнутры будынку храму з уважлівай зацікаўленасцю разглядаў стэнды з чорна-белымі фотаздымкамі. На усіх – параўнанне сучаснай выявы святыні і касцёла у пасляваенныя гады: без крыжа, з дупламі ў сценах, з вялікімі разбурэннямі. Але нават тады ён стаяў – упарта, як народ, які не губляе надзею.
Пасля імшы на вуліцы ўжо стаяў сапраўдны сонечны дзень. Ля касцёла ўтвараліся гурты людзей – вітаюць адзін другога, абменьваюцца ўспамінамі.

Старыя ўспамінаюць часіны, калі храм быў напаўразбураны ў савецкія часы, выкарыстоўваўся то пад электрастанцыю, то пад гараж, то пад розныя сховішчы, але яны ўсёадно прыходзілі маліцца да сцен касцёлу. Моладзь слухала ўважліва, у вачах – сапраўдная павага.
Былы пробашч лепельскага касцёла, а цяпер дырэктар нацыянальнага «Карытаса» ксёндз Андрэй Аніскевіч таксама прыехаў на ўрачыстую імшу.

Ён развітваўся з кожным персанальна і жадаў коратка, але ёмка: «З Богам!» І гэта пажаданне самае лепшае, аб чым толькі можа думаць любы чалавек: быць па жыцці з Богам….
Увечары сцены касцёлу зазіхацяць ружаватым ззяннем ад промняў заходзячага сонейка. У гэтым святле ён зноў уявіцца бы не з каменю, а з чыстага спакою і веры. Становіцца зразумелым: святыня – гэта не толькі будынак, гэта жывое сэрца гораду, якое стукае ў такт жыцця кожнага верніка. І пакуль мы будзем прыходзіць сюды з малітвай, святло святога Казіміра не згасне ніколі!
Сакавік-2026.
![]() НРАВИТСЯ 1 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |