Звесткі аб аўтары глядзець тут.
Лета без рэчкі – гэта і не лета зусім. Як хораша ў летнюю спёку ўкінуцца ў халоднае спляценне вадзяных струменяў ды абмыць нібыта жывой вадзіцай рухавыя дзіцячыя ножкі. Але ў нашым Міхалове ракі няма. Ды гэта не бяда – Зорніца ж побач. Збіраемся гурбой ды гайда на Улу.
Раней усё пехатой хадзілі, а як мае бацькі трохі пабагацелі, дык купілі веласіпед. Для Валерыка. Аднак гэта толькі так лічылася. Той бедны Валерык не мог нікуды паехаць, каб за яго не ўчапілася я. А паспрабуй, не вазьмі мяне – крыку будзе на ўсё сяло…
Дамовяцца хлопцы купацца ды сядлаюць веласіпеды, а ў каго свайго няма, той да сябрука ладкуецца на багажнік. Я на багажніку ездзіць баялася, дык сядала на раму, і ў атачэнні браткавых рук ужо не было страху. Давай, браток, цісні на педалі, вязі сястрычку да ейнага шчасця. Ветрык насустрач дзьме, абвявае гарачае аблічча, валасы за плячыма, быццам ветразь трапечуць. Аааа, гой-гой! Хутчэй, хутчэй!
Цераз пераезд, скрозь ферму, праз шашу, во ўжо і рэчка блішчыць. Сонейка ззяе, скача зайчыкамі па рачных струменьчыках, хутчэй, малеча, скідвай майкі ды кідайся ў кіпень хараства рачнога, пялёскайся, набірайся моцы ды здароўя.
Гвалт, пырскі, адзін другога абліваюць, жартуюць, рагочуць, нібыта племя дзікіх маўглі вырвалася на волю.
А пасля навыперадкі на той бераг ды назад. Ну, гэта хлапчукі, а мы, дзяўчынкі, ля беражка пялёшчымся. Бо тут, недалёчка, вунь за тым кусточкам, вір ёсць, не дай бог трапіш туды, закруціць Вадзянік, зацягне на дно. Аж дрыжыкі па скуры…
Не, лепей я падамся ў іншы бок, там меленька, каменьчыкі бачныя скрозь празрыстую ваду, рыбкі ножкі мае казычуць. Прыемна, цёпла, супакаяльна.
І раптам – шусь некуды, правалілася, нагамі боўтаю, рукамі пляскаю, а не плыву, бо плаваць не ўмею. І што? А нічога, ляжу на дне і не варушуся, нічога не чую, але бачу нейкае дзіўнае зялёнае святло, але не такое зялёнае, бы трава ці лісцікі на дрэвах, а быццам размытае, нібыта малаком разбаўленае, і ціха-ціха, ані голасу, ані плёску…
Дык і дзе ж гэта я? А-а, здагадваюся, гэта мяне Вадзянік зацягнуў у той вір. Але ж я ішла ў іншы бок. Нічога не разумею. Тым больш Вадзяніка нідзе не бачна. Ляжу, нібыта заснула ў гэтым нерухомым вадзяным княстве, і нічога не адчуваю, і ўжо нічога не думаю, і нічога не ведаю…
А даведаюся аб усім ужо на беразе, куды выцягнуў мяне Валерык. Гэта я ішла, ішла ды правалілася ў вадзяную яму і там бы засталася ляжаць, каб браток не вярнуўся з таго берага і не кінуўся шукаць сястрычку, не ўбачыўшы мяне сярод дзяўчынак, ды нейкім цудам тут жа і знайшоў нерухомую на дне. Я і цяпер не ведаю, што гэта было: ці то я ўтапілася, ці не, але ўсё было сапраўды. І да гэтага часу бачу гэны выпадак у сваіх снах. Тое размытае зялёнае святло, тую нерухомасць, тую змярцвеласць, што агарнула мяне тады, і з жахам прачынаюся.
Дарослым мы тады нічога не казалі, бо на раку яны нас больш не пусцілі б. Плаваць я так і не навучылася, у любы вадаём заходжу, дакуль бачу дно, далей – ні кроку. Баюся нават студні, беручы ваду, уніз не гляджу. А саму ваду люблю, і не ўмею яе ашчаджаць, хаця зараз да гэтага заклікаюць.
Кажуць, бываюць у чалавечым жыцці такія выпадкі, што быццам папярэджваюць аб чымсьці. Дык цяпер, пражыўшы нялёгкае жыццё, думаю: а ці не была тая падзея нейкай перасцярогай мне? Можа гэта нябесныя сілы прадказвалі штосьці? Але, што я магла тады няцемлівай малечай разумець?
Тым больш, Вадзянік прыходзіў да мяне ў дзень майго вяселля. Хата, куды я выходзіла замуж, стаяла на беразе ракі, і пакуль разгарачаныя госці купаліся, я сядзела на беражку і перабірала пальчыкамі струменьчыкі, а калі ўзняла руку, заручальнага пярсцёнка на пальцы ўжо не было. Грэбалі рукамі, нейкі маладзец прыцёг граблі, перабаламуцілі рачулку, распужалі ўсю тутэйшую рыбу, але дзе там… Сплыў мой пярсцёнак, а ўслед за ім і маё шчасце. Хоць яго забраў Вадзянік, паколькі сама я яму не дасталася.
Напісана ў 2016 годзе.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Случай с утопанием и спасением не первый, было такое и со мной. Описан в "Памяти о прошлом", только я тонул в весеннее половодье р. Уллы 1939г.. Меня несла вода в вертикальном положении и я память не потерял, перестал дышать и руки поднял вверх. Увидела соседская девушка Таня Позднякова с ул. Ульянки, она-то и выбросила меня на берег. В последствии воды не боялся, научился плавать, но в незнакомом месте в воду не лез и далеко не плавал-силёнки не было, но речку летом на мужской купальне переплывал. Случай этот я отношу к воле Божьей, который людьми твориться! Так, что Тамара, я понимаю Ваше отношение к воде, и представляю, что жизнь была на волоске. Благо, что всё кончилось благополучно и рассказчица осталась жива.
Про потеренное кольцо говорят, что чёрт спрятал для свей утехи и затем тешется им, по этому очень редко кто находит утеренное кольцо., хотя все усиленно ищут, стараясь найти его. Дед-всевед.