11 янв 2017 в 22:31 — 8 лет назад

389. ЛАЗОВІКІ. Тухта Валер

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1815

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

  На Лепельшчыне яшчэ напачатку ХХ стагоддзя было дзве вёскі з назвай Лазовікі. Адна суседнічала з Юркоўшчынай, і на цяперашні час ад яе следу не засталося. Мой расповяд пойдзе пра тыя Лазовікі, што сваімі нешматлікімі хацінамі амаль ушчыльную прытуліліся да чыгункі Орша – Лепель за 10 кіламетрау да райцэнтра.

 На картах другой паловы ХІХ стагоддзя гэтае паселішча згадваецца пад назвай Лазоўцы. Мясцовых жыхароў у наваколлях так называюць і сёння, а вось афіцыйная назва вёскі дзесці да другой паловы васмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя была Лазовікі.

 Паданне ад дзеда Пашкі: “Назва пашла ад таго, наверна, што вакруг дзярэўні многа кустоў лазы. Зямля тут бедная, таму пана тут і не было. Дзед мой гаварыў, што ў Лазовіках сразу было тры хаты”.

 Сёняшнія Лазовікі гэта нават не асобны населены пункт, а частка буйнейшай вёскі Горкі. Таму, як бы вы не стараліся, дарожныя ўказальнікі вас сюды не прывядуць. Толькі ўглядаючыся ў навакольныя краявіды з вакна прыгараднага цягніка, які марудна цягнецца з Воршы, можна згледзець назву прыпыначнага пункта – “ЛАЗОВІКІ”. Да самой вёскі ўздоўж чыгункі шыбаваць добры кіламетр. На паўдарозе трэба перайсці пераезд, і ў хуткім часе апынаешся ля першай лазоўскай хаты, дзе жыве адзін з самых старэйшых жыхароў наваколляў - мой дзядуля Павел Піліпавіч Маляўка.

 Хоць юрыдына Лазовікі не існуюць даўно, тубыльцы і іх нашчадкі, сярод якіх і я, да апошняга трымаюцца “аўтаноміі”. Для нас Лазовікі назаўсёды застануцца асобнай вёсачкай, роднай душы і сэрцу. 

Цяпер у Лазовіках стала жывуць два чалавекі, а таму жыве і вёска – самастойна, самабытным  жыццём, са сваім укладам, сваёй гісторыяй. 

 Не аднога разу сядалі з дзялулем на прызбу, і той пачынаў узгадваць. Аднойчы распытаў у яго, як размяшчаліся ў Лазовіках хаты, дзе хто жыў у 1930 - 40-я гады.

 Паданне ад дзеда Пашкі: ”Быў у Маляўкі Гаўрылы бальшы сад. Многа сартоў яблыкаў было. Яблыкі Гаўрыла прадаваў. Быў ён дужа хазяйскі мужык. Казалі, што ў яго далжно быць многа дзеняг. Гэтыя дзеньгі ён закапаў у сваім саду ў гаршку.”

 У  Лазовіках прайшлі мае дзіцячыя гады, там знаёмыя кожны кусток, кожны пагорак. Бывала, выганім з дзедам кароў у поле, і да вечара, пакуль гнаць жывёлу дахаты, слухаю яго аповяды пра тое, як калісьці жылі людзі, адкуль паходзіць назва той ці іншай мясцовасці.

 Асабліва прыгожа ў Лазовіках увесну, калі ўсё навокал ажывае – дрэвы апранаюцца ў зялёнае ўбранне, распускаюцца першыя кветкі, а салаўі спяваюць песні, схаваўшыся ў лазе. Тады апранаецца ў белую апратку старая чаромха перад дзедавай сядзібай.

 Усё жыццё пражылі ў Лазовіках мае дзяды. Дзядуля пасвіў калгасную жывёлу, бабуля больш завіхалася каля хаты – гадавала дзяцей, а потым унукаў.

 На жаль, цяпер не стае часу, каб выбрацца да дзядоў і адпачыць ад будзённай мітусні. Але як толькі з’яўляецца вольная хвіліна, абавязкова наведваюся ў Лазовікі, каб праведаць старых, як калісьці раней паслухаць іх аповяды, парады і павучанні, прагуляцца па Бабіным садзе, дзе стаяла хата прадзедаў, атрымаць асалоду ад цішыні, набрацца жыццёвай сілы і зноў вярнуцца да штодзённых клопатаў.

 У дзядоў я бываў амаль кожны тыдзень. Балазе,  Чэрцы, дзе да свайго сталення мы жылі з маці і айчымам, знаходзяцца за пяць кіламетраў ад Лазовікаў. Таму для мяне не было цяжкасцю на веласіпедзе з ветрам пракаціцца да дзядоў. Асабліва было весела на дзедаўскай сялібе ў святы. Мне найбольш падабалася Радаўніца. Памятаю, як упершыню дзядуля з бабуляй узялі мяне на могілкі, дзе пахаваныя ўсе нашыя родзічы. З таго часу мне хацелася ведаць значна больш, чым толькі пра месца пахавання прашчураў.

 У 1883 годзе ў сялянскай сям’і Іллі і Домны Аксяновічаў з Зорніцы нарадзіўся сын Даніла. Лёс хлопца чакаў такі, як і яго бацькоў – гнуць спіну на сваім надзеле. Ажаніўся. Але нядоўга цешыліся маладыя: пачалася Першая сусветная вайна, і Данілу забралі ў войска. Ваюючы на фронце, трапіў ён у нямецкі палон, у якім прабыў шэсць з паловай гадоў. За гэты час родныя аплакалі Данілу як нябожчыка. Можна ўявіць, з якім здзіўленнем і радасцю сустрэлі бацькі сына жывым і здаровым. Акрамя радасці сустрэчы перанёс Даніла і горыч страты. Ганна, яго жонка, згубіўшы ўсялякую надзею дачакацца мужа, выйшла замуж за іншага. Але трэба было неяк жыць. З Малога Жэжліна ўзяў сабе жонкай Альжбету Крачкоўскую, якая нарадзіла яму Вольгу і Аляксея. Потым маладая сям’я пераехала ў Лазовікі. У гэтай вёсцы і пражылі жыццё прадзеды. Памёрла баба Альжбета ў верасні 1945 года. Дзед Даніла пражыў 84 гады і пайшоў на той свет у 1967-м. Знайшлі вечны спакой прадзеды на могілках у Зорніцы, на маляўнічым беразе ракі Улы. Ужо колькі год спачывае тут і бабуля Вольга.

2001, 2014.

 



Метки: Тухта Валер

НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


71-я бродяжья новость. МУХА В БАТОНЕ. Валацуга  — 1 неделю назад,   за неделю: 224 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ