Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Трэба дома бываць часцей… Івось я еду з Брэста да бацькоўскага дому ў Лепель. Шлях няблізкі: за паўтысячы кіламетраў па аўтамабільнай дарозе. На выездзе з Мінска «галасуюць», просяцца ў спадарожнікі дарагія землякі. Хто да Плешчаніцаў, хто да Бягомля, а хто і да Лепеля. Ну, чаму ж не выручыць, не падвезці, не пагаварыць? І ведаю, што гаворка наша будзе на родным і такім салодкім паўночна- усходнім дыялекце беларускай мовы .
- Сядай, даражэнькая, - запрашаю дзяўчыну. – Куды далёка?
- Да бацькоў у вёску еду, - гаворыць яна. — Я сёння дужа замораная: працавала ў начную змену — марожанае вырабляем. Дазвольце, я хвілінку пасплю.
- А як жа мне ведаць, дзе спыніцца, калі ты спаць будзеш? Куды давезці?
- Да вытыркнутага дрэва. Як убачыце над дарогай вытыркнутае дрэва – спыніцеся, і я выйду.
Я еду. А спадарожніца спіць соладка-соладка. Будзіць сапраўды стомленую шкада. Аднак і праехаць, мінуць яе прыпынак - таксама нікуды не варта.
Вытыркнутае дрэва?.. Дзе яно? А дарога бяжыць і бяжыць. Паабапал яе лес: то змешаны, то чыста сасновы. Дрэў шмат, а патрэбнага не бачна.
Праехалі паварот на Хатынь, праехалі Плешчаніцы. Шукаю вачыма «вытыркнутае дрэва». Шукаю, а яго няма.
І тут удалечыні над дарогай заўважаю нешта падобнае на арку. Еду цішэй. І спыняюся прама пад кронай прыдарожнай сасны.
Яна, бачна, і ёсць «вытыркнутае дрэва».
- Ну, прачніся… Ці тут мы з табой? — парушаю салодкі сон спадарожніцы.
- Ой, якраз тут. Ой, як хутка даехалі. Дзякую.
Яшчэ нейкі час стаю пад вытыркнутым дрэвам, праводжу позіркам дзяўчыну, якая па вузкай сцежцы паспяшалася ў сваю весачку за гэтым лесам.
…Зусім звычайная гісторыя. Яна адбылася пэўны час назад. Цяцер у аб’езд Плешчаніцаў зробленая новая аўтадарога. Аднак я часта спецыяльна еду па старым бальшаку. «Вытыркнутае дрэва» па-ранейшаму стаіць над дарогай.І сцяжынка вядзе ў лясную вёсачку…
…Будзеце ехаць з Лепеля на Мінск - завярніце на адрэзак старой дарогі на Плешчаніцы. Асфальт там добры. І вы таксама ўбачыце зялёную славутасць, якая, спадзяюся, застанецца ў памяці.
Між іншым , нідзе такога не бачыў, хоць зведаў шмат дарог.
2017 год.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |