19 июня 2017 в 22:03 — 8 лет назад

463. УШАЦКІ ТЭЛЕРЭТРАНСЛЯТАР. Палонскі Анатоль

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 4, всего: 1699

Звесткі пра аўтара глядзець тут.

  Мінулым летам на аўтамабілі я падарожнічаў па поўначы Беларусі. З Полацка вырашыў наведацца ва Ушачы. Прычым, паехаць менавіта па старой, пракладзенай многія вякі назад дарозе. Так, цяпер яна заасфальтаваная. Аднак прыкметы даўніны  бачныя вельмі добра. Гэтую дарогу не будавалі, яе пракладвалі. Пракладвалі “паміж пустак, балот беларускай зямлі”. А таксама - сярод азёраў. Таму і ўецца яна, абыходзячы злева і справа гэтыя азёры, балотцы, нізіны-пустэчы. Даўным-даўно не было тых магчымасцяў, тэхнікі – трактароў, бульдозераў, экскаватараў, скрэпераў, каб спраміць дарогу, пракласці яе напрастаткі, пабудаваўшы насыпы і масты. Дарэчы, з дарогі азёраў амаль не бачна: бярозы, сосны ды ёлкі заступаюць берагі тых вадаёмаў. Прама з узбочын пачынаецца густы лес.

 На каменны брук, а дзе і на жвір палатна дарогі асфальт паклалі напрыканцы 50-х гадоў мінулага ўжо веку. Думаю, не абыйшлося без удзелу ў гэтай справе і аднаго з тагачасных кіраўнікоу рэспублікі — Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, Героя Савецкага Саюзу. Ён у вайну камандаваў тут партызанскімі злучэннямі, якія абаранялі вялізную тэрыторыю, свабодную ад акупантаў.

  Аднак Уладзімір Елісеевіч дапамог не толькі па старой баявой дружбе. Дарога з Мінска на Полацк у тыя гады станавілся стратэгічнай у эканамічным сэнсе. Будаваўся Наваполацкі нафта-хімічны комплекс ды і сам юны горад. Большасць грузаў ішло, зразумела, чыгункай. Аднак і па аўтадарозе грузавы паток павялічыўся ў шмат разоў. Так што старую шашу з Мінска на Полацк добра паднавілі. А з Лепеля ў той бок хутка праклалі новую аутамагістраль. Па ёй цяпер усе і едуць.

 Аднак я наўмысна вырашыў скіравацца з Полацка ва Ушачы менавіта па старой дарозе. Лічы, што паўвека не ехаў па ёй: з пачатку 60-х гадоў. Тады мяне пасля дзесяцігодкі ўзялі літаратурным супрацоўнікам у Лепельскую раённую газету. А раён наш у той час быў вельмі вялікі – уключаў у сябе ўсю тэрыторыю цяперашняга Ушацкага раёну. Скажам так – ад ракі Бярэзіны да Заходняй Дзвіны.

 - Каля Ушачаў вельмі цікавы і такі патрэбны аб’ект будуеца -  тэлерэтранслятар, - сказаў рэдактар Іван Дзмітравіч Алексін. —  Гэта вельмі цікавіць чытачоў. Едзь і напішы рэпартаж.

 Даехаць было проста. З Мінска ў Полацк і Наваполацк праз Лепель і Ушачы ішло шмат грузавікоў.

 А будоўля была ў самым разгары. Увышыню цягнуліся  металічныя канструкцыі. Шмат іх, гатовых да мантажу, ляжала побач. Як жа няпроста было прывезці іх сюды ад чыгуначнай станцыі па такой звілістай лясной дарозе. З кузава вялізнага МАЗа-грузавіка аўтакранам здымалі грувасткія бухты з кабелямі. Па полі расцягвалі тоўстыя трасы – яны ў якасці расяцяжак будуць падтрымліваць строга вертыкальную вежу. Немаленькі будынак для электроннага абсталявання, што ўзводзіўся побач, здаваўся карлікам у параўнанні з вежай.

 - А наверх можна? – запытаўся ў аднаго з майстроў.

 - Няможна, - весела адказаў той. — Але раз табе так хочацца –каску на галаву і лезь, пакуль страшна не стане.

 Высока я не палез. І не толькі таму, што пабаяўся. Нават з невялікай вышыні адкрылася панарама будоўлі, а далей – азёры, азёры, азёры. І лес па берагах. Ушацкія вёскі і вёсачкі. Думалася, што ўбачу і Полацк, аднак ён хаваўся недзе за небакраем.

 - А вось тэлесігнал лёгка дасягне і Полацка, і Наваполацка, і Лепеля, і Новалукомля, і нават куды больш далёкіх гарадоў і вёсак, - тлумачылі мне маладыя радыёінжынеры. — Радыус устойлівага прыёму будзе добрых сто кіламетраў. Так што, глянеш па карце…

 Было зразумела, што тут адчуваюць важнасць сваёй справы, яе неабходнасць людзям. Прычым, большасць будаўнікоў жыве ў радыусе прыему телесігнала. І, бачна, дома ў іх пытаюцца: калі ж вы пабудуеце телерэтранстлятар.

 Нам, цяпер спешчаным дасягненнямі ў галіне тэлекамунікацый, цяжка зразумець, наколькі важнай была будоўля ля Ушачаў. Тэлевізійныя перадачы ў гэтым вялізным, густанаселеным рэгіене нельга было прымаць. Толькі нямногія аматары, спрабуючы сябе ў канструяванні грувасткіх антэнаў, дабіваліся няўстойлівага, са “снегам” на экране тэлевізійнага прыёму.

 Тыя, хто будаваў тут, пад Ушачамі, тэлерэтранслятар, былі радыя, што да іх прыехаў карэспандэнт. Як жа я завіхаўся над гэтым рэпартажам! Пісаў, каб змясціць у ім і тэхнічныя дадзеныя, і лірыку будоўлі, і назваць прозвішчы будаўнікоў-мантажнікаў. Рэдактар пахваліў:

 - А ты напішы і ў “Звязду”. Гэты матэрыял у цябе якраз і атрымаўся. Ды і тэма актуальная.

 Сапраўды, літаральна праз пару дзён рэпартаж з будаўніцтва тэлерэтранлятара быў надрукаваны ў “Звяздзе”. Больш таго, мне пазванілі з газеты.

 - Ты ведаеш, хто твой рэпартаж пахваліў? – запыталі і, крыху памаўчаўшы, дадалі: — Уладзімір Елісеевіч Лабанок. Пішы што-небудзь яшчэ…

 Дарэчы, у дадатак да прыстойнага ганарару тады выдалі мне і грамату газеты ”Звязда”.

 Цяпер я разумею, што справа не ў літаратурных якасцях рэпартажу. Бачна, Лабанок, тады першы намеснік старшыні Савета Міністрў БССР, цікавіўся навінамі з дарагога яго сэрцу рэгіёну, чытаў “Звязду”, і яму трапіўся на вочы матэрыял з будаўніцтва Ушацкага тэлерэтранслятару.

 У мяне няма здымка ўшацкага телерэтранслятару. На гэтым -  такая ж тэлевышка каля Слоніма. Яе вышыня – 376 метраў. Ушацкага – 375. Гэта самыя высокія  збудаванні ў Беларусі.

Дарэчы, тым, хто ў адпачынак або па справах будзе ехаць на Полацк, раю частку дарогі ад Лепеля да Полацка праехаць па старой дарозе, праз Ушачы. Яна цяпер цалкам асфальтаваная. Летам - прыгажосць невыказная. Азёры, азёры, азёры… І, між іншым, убачыце ля дарогі 350-цімятровы Ушацкі тэлерэтранслятар. Зразумела, што цяпер у яго больш шырокае прызначэнне, чым толькі трансляцыя некалькі тэлепраграм таго даўняга часу. Будоўля мінулага веку служыць веку новаму і, бачна, будзе служыць і надалей.

 На гэтым можна было б паставіць кропку. Аднак, вось здымак з далёкага часу. Пачалася руска-японская вайна. Па толькі што пабудаванай транссібірскай чыгуначнай магістралі на тэатр ваенных  дзеянняў - на Далекі Усход - ідуць сотні ваеных эшалонаў з войскамі імператарскай арміі, з неабходным ваенным рыштункам і ўзбраеннем. Дарэчы, едзе на вайну і шмат маладых салдат-беларусаў. У тым ліку едзе і радавы Марк Спірыдонавіч Палонскі - у будучым бацька майго бацькі і мой дзядуля. У розных архівах, а цяпер і на прасторах сусветнага сеціва, шукаў матэрыялы пра яго лёс. Пра дзядулю нядаўна напісалі ў Вікіпедыі. І вось здымак з далёкага 1905 года.

 У арміях ужо даволі актыўна выкарыстоўваецца навінка - радыёсувязь. Невялікі абоз даставіў да штабу адной з часцей камплект тагачаснага радыёабсталявання. Пастаўлена антэна з расцяжкамі. Штосьці падобнае адбылося праз шмат часу пад Ушачамі.

Напісана ў 2017 годзе.



Метки: Полонский Анатолий

НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ