Звесткі пра аўтара глядзець тут.
Пры абставінах пацешных зрабіў гэты фотаздымак.
Прыехаў на бацькаўшчыну. Дзень збіраўся на вечар.Толькі што прашумеў моцны дождж. І ўбачыў карціну, для цяперашняга часу нерэальную не толькі для апусцелага Забалацця, але і для ўсёй Лепельшчыны. Козы вярталіся з пашы. Звычайны вясковы малюнак. Хацелася сфатаграфаваць, як асцярожна рагатыя жывеліны абыходзяць лужыны, каб не замачыць свае капытцы-абцасікі. І як толькі дастаў фотаапарат, з’явіўся пастух статку: чорны сабака.
Ён незадаволена і злосна гыркаў. Спачатку здалося, што забаўляецца. Аднак потым зразумеў: кудлаты пастух ахоўвае. Відаць, турбаваўся, што ў руках у мяне можа быць штосьці небяспечнае. А калі я зрабіў апошні здымак і паклаў фотаапарат у кішэню, ахоўнік дружалюбна замахаў хвастом. Ён нават прылашчыўся, пакінуўшы на вопратцы мяккую поўсць. Канфлікт, які меў месца адбыцца, быў згладжаны.
Калі гляджу на фотаздымак, то ўспамінаю верш добрага беларускага паэта, нашага земляка Анатоля Вярцінскага. Там ёсць такія радкі:
…А недзе горад вялікі грукае жалезам…
У весцы ж свая падзея – статак вяртаецца з поля…
…І яшчэ: у адным з рэлігійна-этнічных зводаў - адной з “вечных кніг” - ёсць такі выраз: “Не сяліцеся ў вёсках і гарадах, дзе не чуваць брэху сабак”. Няцяжка зразумець перасцярогу - там не вельмі добрыя людзі.
Яны не любяць сабак – лепшых сяброў чалавека.
Напісана ў 2017 годзе.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |