22 янв 2012 в 16:05 — 1 год назад

ВОЗЕРА ГЛІНСКАЕ. ЧУЛІ ПРА ТАКОЕ?

Тема: Прырода Лепельскага краю     Сегодня: 1, за неделю: 6, всего: 1157

Вандроўныя нататкі старога валацугі

 

Даўно хацеў апісаць гэты цікавы аб’ект прыроды. Аднак адносіў яго да запасных. І толькі выпадак прымусіў зрабіць гэта неадкладна.

Студзеньскім днём, наэлектрызаваным сяміградусным марозам, падаўся абследаваць возера Сасноўскае. Ну як не зазірнуць на Глінскае, калі іх падзяляюць нейкіх паўкіламетра з дарогай Лепель -- Вялікі Поўсвіж і вясковымі могілкамі?

Назва вадаёма тлумачыцца лёгка -- глінянай глебы шмат наўкола. Яго некаторыя абарыгены так і назваюць - Гліннае. На карце ж ХІХ стагоддзя назва ўсяго толькі сугучная -- Глінскае. Гэта ўжо больш змахвае на паходжанне ад прозвішча нейкіх Глінскіх. Аднак большасць мясцовага насельніцтва называюць возера Топкім, што цалкам адпавядае яго характару.

На Глінным-Глінскім-Топкім бываў часта без уліку таго, што праязджаў паўз яго транзітам сотні разоў. Апошні раз наведаўся на возера летась адным з сакавіцкіх выхадных. Тады сонечнай раніцай слупок тэрмометра апусціўся да 10 градусаў марозу. Паступова ён поўз уверх і ўпёрся ў два градусы ўжо цяпла. Гэта ў засені. А на сонцы ў зацішку спіна пацела. Немагчыма было ўсядзець у кватэры такім “сонцапёкам”. Вырашаю першы і апошні раз за сезон з’ездзіць на зімовую рыбалку.

Увогуле, я такі аматар падлёднай рыбнай лоўлі, што сам сябе называю “пучыным” рыбаловам. Гэта значыць, што некалькі выцягнутых яршоў, якіх у нас называюць “пукамі”, лічу сур’ёзным уловам. Таму і выбраў для рыбалкі самае блізкае возера Гліннае, бо ўсё адно вярнуся без рыбы. На ровары двухкіламетровую адлегласць пераадолеў за шэсць хвілін. З дарогі рыбаловы паспелі пратаптаць сцежку ў снезе, хоць белая азёрная паверхня была пустой. Растоўк малады лёд у старой палонцы і апусціў мармышку на дно. Выніку і не чакаў. Перамясціўся ў іншае месца. Сам прасвідраваў дзірку і паправіў тры старых. Праз паўгадзіны спыніў безвыніковую рыбалку.

Аднак мая няўдача не азначае, што ў Глінным зусім няма рыбы. Раней майму суседу Косцю Спірыдовічу ўдавалася з замошчанага лёдам возера выцягваць дзесятак-другі акунёў. Улетку нават я за адну рыбалку вывуджваў некалькі лінькоў, карасёў, акунёў. Сам працэс вуджэння задавальнення не дастаўляў: у рыбацкіх ботах багністым берагам трэба забрацца да самага воднага ўрэзка, куды ўжо нехта нацягаў ламачча, і, пастаянна стоячы ў вадзе, часта безвынікова, чакаць рэдкага клёву. А былы сусед Толік Нядбайла перацягваў цераз топкае перамёт -- тоўстую лёску з некалькімі дзесяткамі аснашчаных павадкоў. Вынік быў такі, што больш такім чынам вудзіць там не спрабаваў. Дохлы нумар, як рыбаловы кажуць, атрымаўся і ў мяне пры вуджэнні на Глінным з аўтамабільнай камеры. Падрабязна распавядаю пра свае і суседзяў рыбацкія “подзвігі” на возеры, каб чытач мог атрымаць дастатковае ўяўленне аб яго рыбных запасах…

…І на гэты раз рыбаловы пратапталі сцежку да возера. Прасвідравалі некалькі дзірак, але наўрад ці ўдачлівая атрымалася рыбалка. Інакш не пакінулі б любімы занятак у сярэдзіне дня.

Аднак жор рыбы мяне не цікавіць, бо збіраюся ўсяго толькі даследаваць Гліннае. Паходнай сякеркай прасякаю палонку непадалёк ад берага. Закідваю мерную вяроўку -- 90 сантыметраў. Праз пяць крокаў працэс паўтараю -- 160 сантыметраў. Вырашаю замерыць іншыя параметры возера. Пад лёдам і снегам пачатак воднай паверхні не адгадваецца, таму адлік крокаў па даўжыні возера пачынаю ад крайняй чараціны. Да першай супрацьлеглай чараціны атрымліваецца 298 крокаў. Роўна з сярэдзіны вадаёма замяраю шырыню яго -- 131 крок. На перасячэнні мокрых слядоў прасякаю палонку. Апускаю ў яе капронавы шнур з грузам. Доўга круціцца катушка. Нарэшце патапец мякка вязне ў бузу. Пяць метраў 85 сантыметраў!

Крочу да шырокага і глыбокага рова, які разразае круты берагавы схіл з боку Вялікага Поля. Каб даведацца, дзе ён пачынаецца, сыходжу на бераг. Адразу правальваюся ў снег вышэй каленяў, бо ён ляжыць на непрыціснутай да мяккай зямлі асацы. Караскаюся на кручу. На ёй -- засланае белым покрывам поле. Роў пачынаецца прама з яго за якую сотню метраў ад схілу. Звычайны стары яр гэта, утвораны шматлікімі ліўнямі. Аглядаю наваколле. Гэты бераг найбольш зарослы кустоўем. З усіх бакоў лапікамі жаўцеюць зараснікі чароту ці трыснягу (яны адрозніваюцца тым, што адзін мае сцябло-дудку, другі -- суцэльнае). Зачарочанае балота выцягнулася далёка ў бок Малога Поўсвіжа. З яго цягнецца вузкая звілістая стужка лазняку ў кірунку Вялікага Поўсвіжа -- не што іншае, як ручай у возера Поўсвіж. Пахмурны дзень не перашкаджае выразна праяўляцца панарамам дзвюх названых амаль аднайменных вёсак і Лепеля.

Больш на Глінным няма чаго рабіць. Ужо забраўшыся на насып заасфальтаванай дарогі, азіраюся. Думаю, як больш канкрэтна пазначыць адлегласць ад ажыўленай трасы мясцовай значнасці да прыгожага, хоць і не вельмі ўтульнага кавалачка зямлі лепельскай. І прамой наводкай цераз вузкае заснежанае поле ламлюся назад, да Гліннага. Мяжа паміж жоўтым чаротам і гладкай ледзяной паверхняй вадаёма пачынаецца на 61 кроку ад краю дарогі.

ВАЛАДАР ШУШКЕВІЧ (ВАЎЧОК ВАЛАЦУЖНЫ).



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ