Вандроўныя ўспаміны старога валацугі
Напачатку 60-х гадоў асушалі балота, што з усходу прымыкае да возера Луконец (бяседскі). Экскаватар пракладваў канал у раку Эсу. Нечакана жалезная махіна пачала правальвацца ў балотныя нетры. Экскаватаршчык ледзь паспеў выскачыць. Засталася тырчаць з чорнай твані толькі страла. Паспрабавалі ратаваць дарагую тэхніку самі меліяратары. Падчапілі стралу да іншай магутнай меліярацыйнай машыны і пачалі цягнуць. Выцягнулі. Адламаную стралу. Экскаватар застаўся ў радовішчы сапрапелю.
Я трапіў на месца здарэння, калі на цвёрды балотны бераг з’ехалася шмат вайсковай тэхнікі. Таму працэс выцягвання экскаватара бачыў з усімі падрабязнасцямі.
Два цяжкія вадалазы спусціліся ў балотнае вакно, утворанае на месцы правалу. З сабой пацягнулі тоўсты трос. Некалькі разоў вылазілі на паверхню і паведамлялі, што працуюць навобмацак, бо тарфяная жыжка не прапускае дзённае святло.
Праз некалькі гадзін удалося трывала зачаліць экскаватар тросам. Другі яго канец быў накручаны на лябёдку ваеннага цягача, які прывязалі да тоўстага дрэва. Зароў магутны матор, трос напружыўся, дрэва задрыжала. Аднак экскаватар на паверхню не вылез. Трос рэзаў верхні пласт балотнай зямлі і пад ім пакрысе падцягваў тапельца да краю балота.
Сантыметр за сантыметрам нябачны экскаватар набліжаўся да сушы. Было дзіўна бачыць, як трос рэжа балота між карлікавых сосен і патануўшую махіну цягне пад іх каранямі.
Нарэшце цягач падцягнуў экскаватар да краю балота. І вось перад нахільным берагам з моху вылезла чорная ад твані кабіна. Вайскоўцы закрычалі: “Ура!”. Так выратавалі небараку.
Пакуль доўжылася ратавальная аперацыя, насыходзіліся разявакі з Бясед, Верабак, торфазавода, Гарадца. Усе былі варожа наладжаны да экскаватара і сцвярджалі, што яго зацягнуў у сваё царства Балотнік за тое, што меліяратары павялі наступ на яго спрадвечныя ўладанні. Але хоць і з цяжкасцю, аднак нячысцік быў пераможаны. Больш ваяваць з меліяратарамі ён не адважыўся. Пачатую справу яны завяршылі без эксцэсаў.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Учора да мяне завітаў мужык 1949 года нараджэння і сказаў, што ведае, дзе Напалеон утапіў сем брык скарбу. Яму гэта стала вядома ад даўно памерлых старых, якім сакрэт перадавалі іх дзяды, а тым дзяды дзядоў. Запал на дзейнасць добры. Вынік практычна нулявы, а адпачынак цудоўны. І яшчэ важная зноска: ніхто не кажа, што Напалеон нарабаваныя ў Расеі каштоўнасці закапаў. Сцвярджэнне адно -- утапіў. І факт, што ў Францыю іх не прывёз.