Вандроўныя нататкі старога валацугі
Калі ад Лепеля ад’ехацца на пяць кіламетраў у бок Мінска, злева позірку паўстане комплекс прыдарожнага сэрвісу Юрыя Мацешы. Гэта ведаюць усе. Аднак не ўсе, асабліва моладзь, не ведаюць, што на тым месцы калісьці існавала гарадская звалка. І яшчэ меней людзей ведае, што насупраць прыдарожнага сэрвісу знаходзіцца захаванне лепельскіх яўрэяў, якія не паспелі ці не пажадалі пакінуць родны кут і ўцячы далей ад фронту.
Месца расстрэлу гітлераўцы выбралі цудоўнае -- абапал баравой верацяі сцеляцца адносна сухія балоты. Грыбоў там да гэтага часу процьма. У нізінах шмат чарніц.
Нябожчыца з Верабак Вера Азаронак узгадвала, як стала сведкам расстрэлу чарговай групы людзей. Выпусцілі верабчанаў з лепельскай турмы за некалькі дзён да прыходу савецкіх войскаў. Пехатой дабіраліся да Верабак Барысаўскім бальшаком. Перад Чарнаруччам пачулі стрэлы. Да іх было з паўкіламетра. Падпаўзлі, каб пацікавіцца, што адбываецца. Убачылі шэраг схуднелых людзей перад ямай. Варожыя салдаты ў іх стрэлілі з аўтаматаў. Небаракі пападалі ў магілу. На іх месца павялі наступную партыю. Верабчане з-за страху вярнуліся на Барысаўскі бальшак.
У дзяцінстве мне даводзілася хадзіць на Яўрэйскія могілкі адкопваць кулі. З іх мы выплаўлялі свінец на грузы для рыбалоўнага рыштунку і касцеты.
Месца тое настолькі цудоўнае, што ў бары ці балоце адпачываеш душой і сэрцам. Не было такога года, каб я не наведаўся на Яўрэйскія могілкі па дарункі прыроды. Заўсёды быў з трафеямі. Толькі на гэты раз застаўся без іх, бо спецыяльна прыехаў на брацкую магілу ранняй вясной, каб аддаць даніну памяці тагачасным небаракам.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |