26 апр 2012 в 20:04 — 1 год назад

СМАЛАКУРНЯ, або ЦЫВІЛІЗАВАНАЕ ЖЫЦЦЁ ГАДЗІЎЛІ

Тема: Прырода Лепельскага краю     Сегодня: 2, за неделю: 3, всего: 1567

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Смолзаводам велічна называлі ў Гадзіўлі смалакурню, якая дзейнічала там аж да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Для невялікай вёскі прадпрыемства было даволі значнае, на ім працавалі мужыкі з далёкіх навакольных вёсак. З’язджаліся на працу на веласіпедах, матацыклах, вазах, ішлі пехатой. Адзіным транспартам смалакурні быў стары грузавік Івана Хамічонка, які развозкай рабочых не займаўся, а выконваў строга вытворчыя заданні — падвозіў бярозавыя пацурбалкі — дровы для апальвання катла, карчы для выганкі шкіпінару, адвозіў гатовую прадукцыю на склад у лепельскае прадстаўніцтва Полацкага хімлясгаса. Праўда, Іван Хамічонок вазіў і рабочых на лясныя аб’екты, скажам, на пагрузку карчоў. Ды і што грэх утойваць, выконваў транспартныя паслугі для гадзіўлян і жыхароў многіх навакольных вёсак, за што вадзіцеля з павагай называлі Маркавічам.

Распавяду пра ўвесь вытворчы працэс на Гадзіўлянскай смалакурні, паколькі пасля дзесяці класаў працаваў там ачышчальнікам і грузчыкам карчоў — галоўнай сыравіны для прадпрыемства. А грошы мне і майму двайному цёзку Воўку Шушкевічу патрэбныя былі для паездкі ў Новарасійск, дзе правадніцай на цягніку працавала яго цётка Волька.

Вытворчасцю кіраваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Мазго з Гадзіўлі. Аглядалі дзялянкі, дзе пні паспелі набрыняць бурштынавай смалой і ператварыцца ў выдатную сыравіну — карчы. Падрыўнікі, закладвалі пад іх аманіт з капсулем і бікфордавым шнурам. Адзін за другім па лесе разносіліся глухія выбухі. Пасля некалькіх падрываў карчы збіралі на вазы і прывозілі ў смалакурню.

Аманітны драўляны склад стаяў на беразе Эсы, абнесены калючым дротам. На ўваходзе ўзвышалася будка з вартаўніком, які быў узброены дубальтоўкай. Аднойчы замест бацькі-вартаўніка дзяжурыў мой аднакласнік са Слабады Іван Дзёмка, дык мы праверылі ўсе патроны. Толькі адзін залез у ствол, бо латунныя корпусы іншых былі пагнутыя.

Падрыўныя боепрыпасы выдаваліся настолькі бескантрольна, што падрыўнікі бікфордавым шнурам прывязвалі агародныя жэрдкі да слупкоў, каб не траціцца на цвікі. Дзятва любіла падпальваць такое мацаванне — дыміць доўга, прыгожа, а жэрдкі па-ранейшаму трымае трывала. Бывала, шнур кралі, высыпалі з яго порах і рабілі выбуховыя пакеты, якімі палохалі дзяўчат па дарозе на танцы і глушылі рыбу ў Эсе. Шкоды прымітыўнымі выбуховымі прыстасаваннямі ёй мала прыносілі, а вось самі падрыўнікі сапраўднымі зарадамі здабывалі яе процьму.

Карчы прывозілі на тэрыторыю смалакурні і скідвалі паблізу курні (пра яе пазней). Рабочыя, у лік якіх і трапілі мы з сябрам, абавязаны былі сякерамі аддзіраць ад смаловых карчоў забалань — гнілую ці сухую драўніну, якая засмечвала асноўную сыравіну. Забалань спальвалася ў топцы курні, а ачышчаныя карчы складваліся ў штабелі метровай шырыні і вышыні ды бясконцай даўжыні — для зручнасці замеру нормы выпрацоўкі. За месяц зараблялі па 40 рублёў — у 1969 годзе такая сума лічылася нядрэнным заробкам.

Рабочыя ставілі карчы адзін на другі ў некалькі шэрагаў у вялізны кацёл. Затым запальвалі курню, падкідваючы бярозавыя метровыя палены. Цяпло некалькі сутак таміла карчы, ад чаго над Гадзіўляй заўсёды стаяў чорны смог з прыемным пахам паленай смалы. Пары разагрэтай смалы па трубе траплялі ў пяціметровай вышыні чан і пакуль па змеевіку даходзілі да дна, ахалоджваліся і ператвараліся ў шкіпінар. Вада ў чане награвалася, быццам у лазні, і мясцовая дзятва купалася ў ёй, пакуль на заводзе не было строгага Макаравіча.

Ахалоджаны ў чане шкіпінар па жолабе сцякаў ва ўкапаную ў зямлю бочку, адкуль рэгулярна выбіраўся. Не ведаю, якім чынам чорная смала разлівалася па навакольным балоце. Мы хадзілі па ім на экскурсію, падкладаючы пад ногі дошкі. Бачылі ўтопленых у смале хатніх і дзікіх птушак, зайцаў, ліс.

Завод стаяў адасоблена толькі ад асноўнай часткі Гадзіўлі, меўшы вакол сябе некалькі сядзіб заводцаў. Побач з вытворчасцю жылі дзве сям’і Шушкевічаў, Шамшуры і Галубкіны. Адна хата калісьці служыла інтэрнатам. Смалакуры-абарыгены заўсёды займалі прэстыжную працу — у цэху варылі воцатны парашок з бяросты.

Цяпер на месцы Смалакурні засталіся толькі ўсланая вуголлем зямля, скрозь якое не можа прабіцца трава, ды дзве закінутыя хаты Шушкевічаў. Затое вырасла замкападобная дача лепяльчаніна Валодзі Навуменкі.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





26 апр 2012 в 23:28 — 1 год назад

Красота!не хочу=не вижу.Сразу видно, что до пенсии чуток.





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ