Вандроўныя нататкі старога валацугі
На Лепельшчыне не знойдзецца чалавека, які б не чуў пра помнік прыроды “Цар-дуб, што знаходзіцца ў апусцелай вёсцы Тадуліна. Ніхто не можа ўстанавіць, колькі канкрэтна яму гадоў. Кажуць, што ад 350 да 500. Лесаахоўная служба клапоціцца аб велікане. Ён абгароджаны замацаваным на валунах сімвалічным тоўстым ланцугом. Побач пастаўленыя лавы-калоды для адпачынку, стол з таўшчэзнага пня, альтанка, шыльда з інфармацыяй, што ўнікальнае дрэва з’яўляенцца помнікам прыроды і ахоўваецца дзяржавай, абсталяваны ачаг для вогнішча, замуравана дупло, каб у яго не траплялі атмасферныя ападкі.
Для наваколля Цар-дуба характэрна наяўнасць паблізу іншых гіганцкіх дубоў, якія нязначна саступаюць яму па велічы. Узнікае пытанне, якім чынам трывалыя дубы сканцэнтраваліся ў адным месцы?
У Тадуліне ўжо некалькі гадоў ніхто не жыве. Старыя вяскоўцы паўміралі, маладыя перасяліліся ў больш цывілізаваныя населеныя пункты. Першыя ў магілу, а апошнія ў іншыя мясціны знеслі легенду аб утварэнні Тадулінскай дубровы. А яе трэба абавязкова захаваць не толькі для нашчадкаў тадулінцаў, а і для ўсіх лепельцаў.
***
На месцы пазней утворанай вёскі Тадуліна здаўна знаходзіўся маёнтак паноў Рэвутаў, потым Сляскіх, побач -- фальварак Чаховічаў. Невядома, Рэвут якога пакалення ў гонар нараджэння доўгачаканага сына ўласнаручна пасадзіў дубок пад вакном свайго палаца. Калі нашчадак падрос, землеўладальнік даў яму наказ пры нараджэнні яго дзяцей высаджваць дубкі, і абавязаў рабіць гэта ўсім наступным пакаленням.
Наказ продка спраўна выконвалі нашчадкі. Пры нараджэнні чарговага Рэвута дуброва папаўнялася маладым дубком. Раней пасаджаныя дужэлі. Таму выглядалі дубы няроўнымі па росце і ўзросце. Рэвуты склалі спецыяльны план, у якім запісвалі, у гонар каго з іх пасаджана тое ці іншае дрэва.
У 1878 годзе маёнткам кіраваў Станіслаў Рамуальдавіч Рэвут. Пасля землеўладанні перайшлі ў спадчыну панам Сляскім. Можна толькі меркаваць, што дачка Станіслава Рэвута выйшла замуж за нейкага Сляскага, і маладыя пасяліліся ў Тадуліне. Затым нейкім чынам побач з маёнткам (панскім дваром) з’явіўся фальварак (панская гаспадарка з комплексам будынкаў) Чаховічаў. Зноў можна толькі здагадвацца, што адна са спадчынніц Рэвутаў ці Сляскіх выйшла замуж за нейкага Чаховіча, узяла яго прозвішча і прывяла на бацькоўскую сядзібу.
І Сляскія, і Чаховічы старанна працягвалі традыцыю Рэвутаў, высаджваючы дубок пры нараджэнні дзіцяці.
Даўно няма маёнтка і фальварка. Ад палаца засталіся толькі падмуркавыя валуны. Але велічэзныя дубы шумяць вершалінамі пасярод мёртвага Тадуліна. На жаль, не ўсе дрэвы-волаты ацалелі ў панскай дуброве. Многіх павалілі вятры, спалілі навальніцы, адолелі хваробы, знішчылі зламыснікі. Аднак адзін побач з Цар-дубам, а восем гігантаў крыху воддаль да гэтага часу радуюць вока аматарам прыроды і даўніны сваімі веліччу і сімвалічнасцю моцы людскіх традыцый. А пачыналася гэтая гісторыя з Цар-дуба. Праўда, тады ён быў кволым дубком-дзіцяткам. Царом яго зрабілі стагоддзі і людское шанаванне.
Во дзіва! Цар-дуб нарадзіў сабе нашчадка -- пад кашлатымі шатамі цягнецца ў неба тонкі паўтарамятровы дубок.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! 1 |
СОЧУВСТВУЮ |