Вандроўныя нататкі старога валацугі
Прыехалі ў Лепель з Піцера Цярэнці 61 з жонкай Галькай. Прычапіліся да мяне: арганізуй рыбалку. Кажу, што спецыялізуюся на пошуках нячысцікаў, а рыбалоў з мяне бы з казла пісарчук. Вязі і ўсё, кажуць, на тое ты і Валацуга.
Куды ж, думаю, іх адтарабаніць? У мяне нідзе рыба не вудзіцца. Узгадаў,як трактарыст-меліяратар Міснік называў сваім любімым вадаёмам чашніцкае возера Жэрынскае. Дай думаю, туды іх і адапру. Балазе машына і бензін іхнія.
Да Чашнікаў тры дзесяткі кіламетраў, ды да Жэрынскага палова гэтага. Едзем уздоўж вадаёма. Шукаем перпендыкулярны з’езд да яго. Спыняемся. Вялізнае возера бы на далоні. Размотваем вуды.
Да возера вядуць сцежкі ў невысокай траве. Прыходзім у прагал сярод чароту. З берага мелка, а заходзіць у ваду нават у ботах забараняецца на час нерасту рыбы. Закінулі вуды. Паплаўкі толькі хвалі гайдаюць.
Зірнуў у чарот, а там ладны лешч на баку ляжыць. Дохлы ўжо. Выходзіць, ёсць рыба. Толькі не для нас.
Вузкая затока ў бераг уразаецца. У пошуках зручнага месца для закіду абыходжу яе і кідаю прынаду на малую глыбіню. І вось цуд! Маленькую плотачку выцягваю. Радасная Галька падносіць вялізны пакет. Праз пару хвілінаў на кручку трапечацца ўжо крышку большая плотка.
Над забалочанай поймай раз-пораз раздаецца жудаснае глухое вухканне. Кожны раз Галька ўздрыгвае і з бояззю пытае, што гэта азначае.
-- Балотнік, -- кажу, -- жанчыну пачуў і цяпер вабіць яе да сябе, завалодаць хоча.
-- Што за Балотнік? -- вылупіла вочы маладзіца.
-- Пачвара, якая жыве ў кожным балоце, -- тлумачу. -- Падсцерагае чалавека, жывёліну, каб схапіць за нагу і зацягнуць у твань. Асабліва квапная на жанчын.
Галька адскочыла далей ад затокі. Вылупіла вочы. Дрыжыць. А Цярэнці 61 мне паддаквае. Ён мяняе месца і таксама з затокі выцягвае плотачку.
А ў мяне ціхенька пытае, хто на самай справе вухкае па-замагільнаму. Тлумачу, што гэта вадаплаўная птушка бугай так крычыць. Па-руску яна завецца “выпь”. Зарагатаў і стаў яшчэ болей цвяліць жонку небяспекай Балотніка.
Больш ніхто не ўзяўся, і мы падаліся назад. Галька была рада, што з’язджаем ад жахлівага Балотніка. Пасярод Чашнікаў бачым -- балота, утворанае разлівам ракі Лукомкі, рыбаловы абселі. Тармозім. Закідваем. Няма тут дурнога карася, які б на нашыя чарвякі паквапіўся. Зірнуў на Цярэнція 61. Дарэмна глядзіць на нерухомы паплавок.
Я ўжо і на блізкую Лукомку збегаў. Вада каламутная, вялікая. Плынь хуткая. Толькі кручок адарваў.
-- Ды завязі ты абы куды, каб хоць якога карася выцягнуць, -- просіць Цярэнцій 61.
Павёз яго скрозь Лепель, за Стаі, у Забылінскую сажалку. Неяк па вясне мне трактарысты казалі, што там карасі вудзяцца. Да забылінскага боку вецер нагнаў травы. Супрацьлеглая частка штучнага вадаёма чысцейшая. Перайшоў шлюз і адразу знайшоў утульнае месца -- сядзі і вудзь.
Але ж не вудзіцца. Нават не варушаць карасі паплавок. Ды, уласна кажучы, іншага я і не чакаў. Атрымалася мая заўсёдная рыбалка з такім жа заўсёдным поспехам.
Піцерцы асядлалі травяністы бераг -- знайшлі падыход да вады. Кінуў вудзіць і да іх пайшоў. Сядзяць на дзірване і вуды ў руках трымаюць. Па выразах твараў бачу, што пра ўлоў і пытаць не варта.
Змотваем вуды. Наўрад ці захочуць піцерцы яшчэ раз выпрабаваць беларускае рыбацкае шчасце.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |