Вандроўныя нататкі старога валацугі
Пры руху па шашы Мінск -- Віцебск, адразу за абрэзанай ёй гарадской вуліцай Партызанскай, адгаліноўваецца даволі шырокая дарога. Толькі з’езд заасфальтаваны, а ўся яна пясчаная.
Абапал раскінуліся парослыя хмызняком балоты.
Злева -- нядаўна капітальна адрамантаваная будыніна на газаправодзе.
Управа зробленыя сельгастэхнікай непраезныя з’езды на былое саўгаснае поле, а цяпер людскія агароды. На градках і ў парніках заўсёды ў цёплы час капошацца гараджане.
Далей паўз дарогу выраслі вялізныя асіны.
Словам, даволі экзатычная дарога. І ўжо мала хто са старажылаў памятае, што нейкіх дзесятак год таму назад была яна не толькі ў разы больш экзатычная, а нават гістарычная. І назву велічную да гэтага часу носіць -- Аэрадромаўская. Але назва гэтая не адпавядае прызначэнню дарогі. Праклалі яе ў даваенныя часіны пры будаўніцтве чыгункі з Оршы ў Лепель як аб’язную для ўзвядзення над рэйкамі пуцеправода -- Гарбатага моста. Проста выпадкова атрымалася, што выходзіла дарога на месца колішняга аэрапорта, дзе цяпер размешчаныя аўтасэрвіс “155,5” ды лукойлская атазапраўка.
Падобны аб’езд быў пракладзены і пры нядаўняй рэканструкцыі Гарбатага моста, толькі па левым баку шашы. Мост зрабілі і непатрэбны аб’езд ліквідавалі. Той жа, даваенны, пакінулі, бо на часовы ён ніяк не цягнуў -- высокі насып быў забрукаваны чэсанымі камянямі, як і сама шаша на ўсім працягу.
Толькі вось надумаў нейкі начальнік напачатку гэтага тысячагоддзя ўзадраць брук з Аэрадромаўскай дарогі на гарадскія клумбы. Вось адна з іх на рагу вуліцы Партызанскай і Менскай шашы, аб якую не адна машына разбілася.
Не чуў, каб іншыя клумбы служылі таранамі для транспарту, аднак матэрыял, з якіх яны зробленыя, больш карысці прыносіў бы на сваім месцы -- Аэрадромаўскай дарозе. Па ёй да гэтага часу ездзіць шмат тэхнікі -- дарожнікі возяць пясчана-солевую сумесь на спецыяльную пляцоўку для выкарыстання ўзімку.
А вайскоўцы ўвогуле падвялі да Аэрадромаўскай дарогі чыгуначную каляіну і адгрохалі вялізную платформу для падвозкі і выгрузкі баявых прыпасаў і тэхнікі.
А ўжо вывозяць іх на грузавіках па Аэрадромаўскай дарозе. Вось і ператварылася яна ў танкадром. Хоць і засыпалі лужыны неаднойчы, аднак мяккі грунт зноў выбіваецца і ператвараецца ў глыбокія калдобіны, якія без ботаў не абыдзеш.
Самі машыны дарожнікаў і вайскоўцаў буксуюць там. Але каго гэта хвалюе: выратаванне тапельцаў -- справа рук саміх тапельцаў.
За галоўнай чыгункай Аэрадромаўская дарога скрозь зарасла травой, лазой і бярэзнікам.
Можа там яна і непатрэбная. Аднак да гары салёнай сумесі і выгрузной эстакады дарога павінна быць у належным стане. Сапсавалі -- зрабіце! Як тое робіць вадзіцель-недарэка, які паламае суседскі плот.
А яшчэ Аэрадромаўская дарога служыць любімым месцам адпачынку жыхарам мікрараёна Сельгастэхніка пасля таго, як за Мінскай шашой знішчылі Інтэрнатаўскі сад. Яго быццам акультурылі, полем зрабілі, жылы пасёлак паставілі, сажалак накапалі, але ж у стэпе не адпачнеш. А ля эстакады ў ляску хаваецца Эстакадаўская сажалка, у якой мясцовы люд любіць карасёў вудзіць, грыбы навокал пазбіраць.
Толькі вось дабірацца да сажалкі і грыбных гайкоў вельмі кепска па бездаражы.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2010 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |