12 мар 2021 в 08:41 — 4 года назад

808. МОЙ ДЗЕД РЫГОР ЛОГВІН З НОВЫХ ВАЛОСАВІЧАЎ. Чабатар Аляксандр

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 3716

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Памяці свайго дзеда, адважнага і вясёлага чалавека, які жыў на стыку двух стагоддзяў, прысвячаю.

 Раней не было прынята вывучаць гісторыю сваякоў, ці рабілі гэта толькі вельмі адукаваныя людзі з прыстойных сем´яў. Але я паспрабую.

 Мой дзед Рыгор Пятровіч Логвін нарадзіўся 10 сакавіка 1910 году ў вёсцы Новыя Валасавічы Валосавіцкай воласці Барысаўскага павету Мінскай губерні Паўночна-Заходняга краю Расійскай Імперыі ў шматдзетнай сям’і мяшчан.

 Хто нейкім чынам быў у цяперашніх лепельскіх Новых Валасовічах ведае месца, дзе раней быў клуб. Дык вось на месцы клуба раней стаяла царква. За гэтай царквой і асталявалася сям´я Логвінаў.

 Пра жыццё свайго дзеда да 1939 году мне нічога не вядома. Ведаю толькі, што калі свет даведаўся пра новую другую сусветную вайну, мой дзед ужо служыў у рабоча-сялянскай чырвонай Арміі.

Тэрыторыя цяперашняга Лепельскага раёну тады была памежнай, і дзед займаўся зборам харчавання для вайскоўцаў. У верасні 1940-га ўзяў шлюб з жыхаркай вёскі Дрымаўшчына Лепельскага раёну Нінай Венядыктаўнай Куплевіч, маёй будучай бабуляй. Пражылі Логвіны шчаслівае жыццё, пусціўшы ў свет трох дачок.

 Ваяваў дзед Рыгор простым шафёрам на 1 Украінскім фронце 13 арміі ў 4 асобным хімічным батальёне. Прайшоў усю вайну, праз Польшчу і Нямеччыну, мае ўзнагароды. Аб тым сведчыць выпіска з загаду па 1 Украінскім фронце: “…Логвин Григорий Петрович 1910 г.р.… Звание: красноармеец. Дата подвига: 16.04.1945,18.04.1945.

ПРИКАЗ … 16 мая 1945 года №164… Рядовой Логвин при выполнении боевых задач по постановке дымовой завесы для прикрытия передовых частей, форсирующих реку НЕИСЕ и ШПРЕЕ, показал себя смелым и отважным воином. 16 апреля 1945 г. Логвин под сильным обстрелом противника вплавь переправился через реку НЕИСЕ и первым ворвался в окопы противника и в рукопашной схватке уничтожил 4 немецких солдат, которые обстреливали наших саперов, наводивших переправы, и дал маскирующую дымзавесу. 18 апреля 1945 года Логвин с дымсредствами вброд переправился на западный берег реки ШПРЕЕ под сильным огнем противника и поставил своевременно дымовую завесу, чем обеспечил успешное форсирование реки войсками».

 Такім чынам мой дзед прайшоў усю вайну. Яшчэ адным сведчаннем таго служыць вайсковы білет.

 У старажытныя часы вядомы палкаводзец Аляксандр Македонскі з нагоды перамогі над ворагам заўсёды даваў два дні на рабаўніцтва заваяванага аб’екту. Потым гэтае дзеянне сталі называць здабычай трафеяў.

 З трафеяў дзед меў насценнае люстэрка і цырульны набор, бо падабалася яму людзей стрыгчы. Але больш цаніў медалі «За Адвагу» і «За Перамогу ў Вялікай Айчыннай Вайне». Самі медалі і дакументы на іх я захоўваю і перадам дзецям як памяць пра продка. А яшчэ берагу Падзячную грамату ад самога маршала Конева, якую дзед атрымаў у ліпені 1945 году. Вядома, вялікі тэкст яе інфармуе аб подзвігах усяго 1 Украінскага фронту, у тым ліку і пра штурм рэк Нэйсэ і Шпрэе, аднак у дакуменце запісана і прозвішча дзеда.

 Пасля дэмабілізацыі дзед Рыгор працаваў шафёрам у саўгасе “Валасовічы”. Запомніўся мне вельмі вясёлым чалавекам, выдатным апавядальнікам. У дзяцінстве напужала мяне яго казка пра чорта з печы. Як і ўсіх дзяцей, мяне цікавіла шафёрская справа. Мне пашанцавала больш за іншых равеснікаў, паколькі быў бліжэй да машыны. Седзячы ў кабіне, заўсёды цікавіўся, як хутка мы едзем, і, пачуўшы, што 70 кіламетраў за гадзіну, вельмі здзіўляўся неверагоднай хуткасці.

 Так, мой дзед быў звычайным чалавекам, які араў і сеяў канём і рыдлёўкай. Аднак асвоіў аўтамабіль і праехаў на розных марках палову Еўропы аж да самай Перамогі. Рэдка каму такое ўдалося.

 Памёр дзед у 1980 годзе ў вёсцы Новыя Валасовічы.

 Пры выпадку я заўсёды стараюся наведаць магілы дарагіх мне дзеда Рыгора і бабы Ніны Логвінаў.

2021



Метки: Чабатар Аляксандр, Новыя Валасавічы, Рыгор Логвін

НРАВИТСЯ
6
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





12 мар 2021 в 08:55 — 4 года назад

Добрую справу здзейсніў аўтар, выцягнуўшы з небыцця кароткую біяграфію чалавека: аратага, героя, працаўніка. Было б добра, каб яшчэ распавёў і пра бабу Ніну Логвін (Куплевіч), ураджэнку Дрымаўшчыны, пазней жыхарку Новых Валосавічаў.

2


12 мар 2021 в 09:52 — 4 года назад

Шаноўнае спадарства! Калі хто мае жаданне што выведаць пра продкаў у вайне 1941-45 вельмі рэкамендую - https://pamyat-naroda.ru/ Сучасные тэхналогіі для вас!

3


12 мар 2021 в 16:17 — 4 года назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, ....Было б добра, каб яшчэ распавёў і пра бабу Ніну... Шаноўнае спадарства Лепельшчыны у твары Валацугі! Дапамажыце....

У Леплі каля ваенкамату есць помнік партызанам, на ім есць прозвішча - Куплевіч К.В. Гэта родны брат маей бабы Ніны. Маю жаданне ведаць пра таго героя. У каго запытаць - НЕ ВЕДАЮ.



12 мар 2021 в 16:22 — 4 года назад

БАРЫС вАлосаЎскі, я ж табе ўжо рабіў здымак прозвішчаў на тым помніку. Але мне пасля здалося, што прозвішчы з манументу прыбралі. Магу і памыляцца. Як буду праходзіць блізка - сфоткаю.

1


12 мар 2021 в 22:47 — 4 года назад

Выдатны артыкул, змястоўны, душэўны, раскрывае характар Рыгора Логвіна - чалавека гераічнага і сціплага, і вясёлага, здіўляешся, як у адной асобе ўсе гэтыя якасці могуць спалучацца. Вельмі важна захоўваць памяць пра сваіх продкаў. Мне асабліва цікава было чытаць артыкул, бо я ж таксама з Барысаўскага краю. Ваш дзед – легендарная асоба. Проста неверагодна, гэта ж якую трэба мець мужнасць, каб у красавіку ў ледзяной вадзе пераплысці раку ды ўступіць у бой з фашыстамі. Пры гэтым яшчэ кантраляваць сітуацыю і стварыць дымавую завесу. Рыгор Логвін –ГЕРОЙ!

1


13 мар 2021 в 08:30 — 4 года назад

Доля Зоя, дзякуй спадарыня Доля! Вялікая падзяка спадару Блукачу, без яго нічога б і не было б))). І ,як заўседы, - пытанне да Блукача! Тут ка мне прыляцела думка - а як тваі продкі са Свяды хадзілі да маіх у Валосавічы, як вырашалісь пытанні з паперкамі, якія выдаваў валосаўскі начальнік? Там адны балоты ды рэчка былі тады! Я пытаю пра сцежкі, шляхі.

1


13 мар 2021 в 09:15 — 4 года назад

Тая хата

2


13 мар 2021 в 09:33 — 4 года назад

БАРЫС вАлосаЎскі, праблемаў не было з дабіраннем са Свяды ў Валосавічы - між імі быў грунтоўны 10-кіламетровы бальшак. Я нават цяпер яго пераадольваю на маце:

Тады гэта быў рэгіён Свядская Пушча і адна адміністрацыйная адзінка: Валосавіцкая воласць Барысаўскага павету Мінскай губерні. На здымках рака Свядзіца паміж Іван-Борам і Стайскам (польскім).

2


13 мар 2021 в 16:05 — 4 года назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, шаноўны! У нашай краіне існуе яшчэ трое Валосавічаў! У Рагачоўскім, Чачэрскім і Кастрычнікавым районах Гомельскай вобласці) ЗАПРАШАЮ на вандроўку!

2


13 мар 2021 в 16:12 — 4 года назад

БАРЫС вАлосаЎскі, запраста!

3




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 5 дней назад,   за неделю: 391 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ