Вандроўныя нататкі старога валацугі
Цяпер рэдка хто звяртае ўвагу на ледзь прыкметны падмурак, што схаваўся ў вузкім барку, аточаным дарогай Чарнаручча -- Красналукі і ракой Эсай перад самай вёскай Юшкі. Даўжыня падмурка 18 крокаў, шырыня -- 10. Унутры разросся гаёк, валяюцца гнілыя галавешкі, тоўчаная цэгла, фрагменты драўляных мацаванняў.
Пры жаданні можна паспрабаваць разабраць абгарэлыя бярвенні, аднак гэта нічога не высветліць.
Лепш сесці на падмурак і ўзгадаць мінулае. Пакрысе ў памяць прыйдзе даволі складаная гісторыя гэтага месца.
У 50-я гады па Эсе праводзіўся сплаў лесу, паколькі лесавозаў на той час не было. Сплаўнымі справамі займаўся леспрамгас. На ўзгаданым намі месцы стаяла кантора па сплаве. Функцыі яе цяпер устанавіць складана. Магчыма, што пры адміністрацыйным будынку знаходзіўся інтэрнат сплаўшчыкаў. Балазе рэчышча Эсы было за некалькі дзесяткаў метраў.
З часам сплаў лесу спынілі і ў пачатку 60-х гадоў у сплаўной канторы абсталявалі васьмігодку, якую сімвалічна ахрысцілі Эсенскай. Прыемна было вучыцца школьнікам у такім цудоўным месцы. Аднак нядоўга яны цешыліся хараством эсенскай прыроды. Новы 1963 навучальны год вучні пачалі ўжо ў мураванай афіцэрскай казарме былой невялікай вайсковай часці, размешчанай паміж Чарнаруччам і Казламі. Казарма знаходзілася на казлоўскім ускрайку Чарнаручча. Назва за школай захавалася ранейшая -- Эсенская. Якраз у 1963 годзе пачынаў, а ў 1964 -- скончыў пяты клас Эсенскай школы сам Валацуга. Там цяпер працуе прыватнае прадпрыемства па вырабе дзвярэй.
Драўляны будынак перад Юшкамі пуставаў нядоўга. Яго ўзяў на свой баланс Лепельскі райкам партыі. Салдаты пераабсталявалі старую пабудову пад сучасную дачу. Пра яе эксплуатацыю непрыстойныя легенды хадзілі. Паводле іх, найбольш гарэзіў там першы сакратар райкама Міхаіл Петрачэнка.
Напачатку 90-х гадоў сканала кампартыя разам з Савецкім Саюзам. Дача нейкім чынам перайшла ва ўладанні засакрэчанага электралямпавага завода, які размяшчаўся на месцы цяперашняй лесафабрыкі. Як эксплуатавалася дача і з якой прычыны яна згарэла, да гэтага часу застаецца загадкай. Нават адна з легендаў сцвярджае, што падпаліла на яе погляд бардэль раўнівая жонка аднаго з кіраўнікоў прадпрыемства. Аднак гэта не больш чым чарговае паданне, якому час дадае неверагодных домыслаў.
Словам, вось тое, што засталося ад канторы-школы-дачы.
Наўрад каго цяпер зацікавіць гэтае даволі гістарычнае месца ў камерцыйным маштабе.
А вось лісічкі вакол падмурка Валацуга штогод збірае. Не настолькі іх там шмат, бо барок невялікі, аднак на суп дастаецца. Праўда, на гэты раз здабычай сталі ўсяго два маслякі.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |