Вандроўныя нататкі старога валацугі
Кожны, хто едзе на Мінск, паміж комплексам прыдарожных паслуг "Гасцінны двор" і паваротам на Верабкі бачыць дарожны ўказальнік "Славутасць" у форме пялёстка з надпісам, што па Верабскай дарозе знаходзіцца гарадзішча І -- ІІІ стст., якое адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Аднак па ўказальніку помнік археалогіі ніхто не знойдзе, паколькі ён хаваецца ва ўрочышчы Рэпішча за кіламетр ад вёскі і называецца Плоскай гарой за сваю форму: у даўніну вершаліна штучна зрэзана, пляцоўка мае даўжыню 68 і шырыню 40 метраў. Гіганцкія сосны вершаць Плоскую гару -- не дацягнулася да іх тэхніка лесанарыхтоўшчыкаў. Археолагамі гарадзішча пачало даследавацца з 1972 года. Сёлета раскоп рабілі апошні раз. Яго ахайна зраўнялі з паверхняй гары.
Другім днём летняга сонцастаяння вырашылі правесці на Плоскай гары свой з’езд прадстаўнікі вялікага верабскага роду Шушкевічаў. Праўда, у выніку жаніцьбы папярэднікаў некаторыя носяць іншыя прозвішчы, аднак кліч продкаў дакаціўся і да іх сэрцаў. Перашкаджаў дождж, таму між соснамі Васька Азаронак з Юрмалы нацягнуў поліэтылен.
Лепелец Валацуга ўзяўся нарыхтоўваць дровы і распальваць вогнішча. Неўзабаве яно зашугала, нягледзячы на непагадзь.
Праз колькі хвілін да дэлегатаў з’езда далучыліся Анька Сярогіна з Піцера і Волька Раманцэвіч са Стаўрапаля.
Галя Азаронак з Мурманска, Зульфіра Азаронак з Юрмалы і Наташа Шушкевіч з Лепеля з радасцю прынялі іх у жаночую кампанію.
За смачным застоллем лепелец Васька Хацкевіч распавёў гісторыю Плоскай гары, якую чуў ад археолагаў. На гарадзішчы на працягу трох-чатырох стагоддзяў жылі ўсяго чалавек 30-40. З перанасяленнем гары людзі пачалі сяліцца ля яе падножжа -- у Рэпішчы. Новаўтворанае паселішча стала селішчам, бо назва “гарадзішча” паходзіць ад слова “гара”. Паводле слоў верабчанкі-нябожчыцы Ганны Шушкевіч, падчас будаўніцтва спрамляльнага Верабскага канала -- часткі Бярэзінскай воднай сістэмы -- начальнік будаўніцтва не вынес пакутаў будаўнікоў і застрэліўся на Плоскай гары. Магчыма, гэта ўсяго толькі легенда. У размову ўнёс быль Валацуга аб тым, як у 1963 годзе ён-пяцікласнік і Коля Тухта-сямікласнік не пайшлі ў Эсенскую школу на заняткі, а засачкавалі на Плоскай гары ды надумалі забіць свойскую качку, якіх мноства плавала па знішчанай у сярэдзіне 70-х гадоў Бярэшчы. Адну паранілі каменем, жывёліну стала шкада, і яе, кульгавую, пакінулі ў чарадзе. Пакуль доўжыліся ўспаміны, на барбекюшніцы даспявалі вінаградныя смаўжы, якіх Васька Хацкевіч падрыхтаваў загадзя.
Нарэшце Наташа Шушкевіч і сам кулінар узяліся выцягваць з панцыраў экзатычны далікатэс. Адразалі толькі ногі з галовамі, а масіўныя страўнікі пакідалі ў панцырах.
Затым іх трэба было есці без хлеба з салёным салам, бо прысмакі самі па сабе посныя і несалёныя. Адны Шушкевічы толькі дзеля экзотыкі пасмакавалі смаўжоў, іншыя зусім за іх не ўзяліся. А вось Валацугу і Ваську-кулінара за вушы неяк было адцягнуць ад горкі тушак поўзаючых насякомых.
Усе былі задаволеныя з’ездам Шушкевічаў. Спадабаліся экзатычныя месца, надвор’е, ежа, напоі, успаміны. Шкада толькі, што на мерапрыемства з’ехаліся далёкія Шушкевічы, а верабскія -- засталіся ў Верабках.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |