Вандроўныя нататкі старога валацугі
Даўно не стала ўздоўж дарог бясконцых кустоў -- іх меліяратары ператварылі ва ўрадлівыя палі метадам, які назвалі культуртэхнікай. Аднак ваду з балот не ўсюды ўдавалася каналамі адводзіць у прыродныя водапрыёмнікі -- рэкі і азёры. Тады вынайшлі больш просты і танны метад. У найбольш нізкіх месцах выкопвалі прамавугольныя ахайныя сажалкі і да іх паводзілі канавы з узвышшаў. Лішкі вады з новаўтвораных палёў збягалі ў штучныя сажалкі. Яны ніколькі залішне не перапаўняліся -- вада выпаралася, убіралася ў глебу. Большасць такіх міні-вадаёмаў размяшчалі каля дарог, чым упрыгожвалі збяднелую прыроду.
Паступова птушкі нанасілі ў новыя сажалкі рыбнай ікры, часам рыба сама мігрыравала ў паводкі з іншых месцаў. Так, самі таго не ведаючы, меліяратары і механізатары сельгасхімій сталі рыбаводамі. Ды не абы якімі! Кожная сажалка закішэла карасікамі і карасямі, апошнім часам з’явіліся ратаны. Тонамі не вымераць цяпер рыбу ў палявых сажалках. Рыбаловы перакінуліся з азёр і рэк на сажалкі -- больш надзейны ўлоў атрымліваецца, на беразе сушэй дый ад хаты бліжэй.
Еду Мінскай шашой. Ля з’езду на Вялікае Поле заўважаю невялікую прамавугольную сажалку. Не тую, што бліжэй да электроннага тэрмометра: квадратная і большая -- ля яе ўстаноўлена шыльда: вуджэнне забаронена, прыватная ўласнасць. А ў некалькі разоў меншую, воддаль.
Дай, думаю, схаджу туды з раніцы дзеля эксперыменту. Тэрмометр над шашой паказвае 19,8 градуса. Па скошанай траве-сеянцы пад’язджаю на “Драконе” ад Вялікага Поля да самай сажалкі. Ад Сельгастэхнікі спідометр намервае два кіламетры. Вуду закідваю ў 5 гадзін 50 хвілін і адразу выцягваю карасіка. За ім другога, трэцяга…
Клёў -- бы на Чорных Камянях. Толькі што не ўсялякі раз кручок карася падчэплівае -- вельмі ўжо мізэрныя. Узгадваю інфармацыю са спецыяльнай літаратуры, што ў бедных на кісларод малых вадаёмах карасі перараджаюцца ў спецыяльны від -- карлікавых карасёў -- і такімі застаюцца ўсё жыццё, не растуць. Таму, лічу, шкадаваць дробязь не варта -- усё адно з такім ростам і сканае ад старасці.
Бягом бягу ў бок Вялікапольскай дарогі, каб сфатаграфаваць сажалку ў яе натуральную велічыню ды чарговы клёў не правароніць.
Любата: цяплынь, ніводнага камара, расы няма. Клёў не спыняецца. Аднак вудзіць кідаю роўна праз дзве гадзіны ад пачатку -- у 7 гадзін 50 хвілін, бо надакучвае драбязу цягаць, ды і сонца пачынае прыпякаць. Высыпаю рыбу на зямлю, каб палічыць.
27 хвастоў. Выходзіць, аднаго выцягваў кожныя 4,4 хвіліны. Дома ўзважваю ўлоў -- 300 грамаў. Сярэдняя вага адной рыбіны атрымліваецца 11,1 грама. Смеху варта! Гэта майму суседу Лёшку Чмыру. А для мяне -- нармальны ўлоў. Нават скво за яго пахваліла.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Ну вот и Валацуга отбраконьерил. Вот куда Терентия 61 нужно было везти за ухой.