10 июля 2012 в 08:23 — 1 год назад

СТАЛІЧНАЯ ЭКСПЕДЫЦЫЯ, або ЛЕПЕЛЬСКІ АРХІЎ ВУСНАЙ ГІСТОРЫІ

Тема: Прырода Лепельскага краю     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 1716

Вандроўныя нататкі старога валацугі

Навукоўцы з інстытута гісторыі Акадэміі навук і іншых даследчых устаноў сталіцы распрацавалі інтэрнэт-праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі”, які ставіць мэту праз інтэрнэт паспрыяць аналізу і пераасэнсаванню савецкага перыяду гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы, новым міжнацыянальным даследаванням па гэтай тэматыцы. Даследчыкаў цікавяць аповяды старых людзей аб мінулым, звесткі пра ахвяраў ГУЛАГу.

Да мяне звярнуліся па інфармацыю пра арышт і расстрэл майго дзеда Тарэнты Шушкевіча паводле аўтэнтычных архіўных дакументаў, здабытых ва Упраўленні КДБ РБ па Віцебскай вобласці. У інфармацыі Упраўлення паведамляецца: “Арыштаваны 14.08.1937 года па падазрэнні ў тым, што быццам быў удзельнікам антысавецкай групоўкі, якая існавала ў в. Верабкі, і меў злачынную сувязь з агентам польскай разведкі, па заданні якой займаўся шпіянажам. Пасяджэннем асаблівай тройкі НКУС БССР ад 16.09.1937 года яму вызначаная вышэйшая мера пакарання. Пазасудовае рашэнне Тройкі прыведзенае ў выкананне 1.10.1937 года ў г. Оршы. Данымі аб месцы захавання Шушкевіча Ц.Я. УКДБ не валодае… Шушкевіч Ц.Я. рэабілітаваны вызначэннем ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі ад 13.07.1959 года за недаказанасцю прад’яўленага абвінавачання… Накіроўваем захаваную ў справе фатаграфію дарагога для Вас чалавека”.

Экспедыцыя мела на мэце за тыдзень працы на Лепельшчыне адшукаць магчыма жывых вязняў ГУЛАГу, а таксама запісаць на электронныя носьбіты аповяды цікавых жыхароў раёна, якім болей за 80 гадоў.

Даследчыкі папрасілі мяне ў першы дзень праэкскурсіраваць іх па горадзе, у другі -- па Сушанскіх азёрах.

З цікавасцю агледзелі помнікі архітэктуры і іншыя старыя будынкі: дом прысутных месцаў, пошту, комплекс дарэвалюцыйных аднапавярховікаў па вуліцы Ленінскай, касцёл святога Казіміра, былую сінагогу, цэрквы Параскевы Пятніцкай і Георгіеўскую. Зацікавіліся “Пятачком” і помнікам яму, помнікам Льву Сапегу, архітэктурным вырашэннем гарадской лазні, каменем з інфармацыяй аб заснаванні Лепеля пры ўваходзе ў Цэнтральны парк. Пры аглядзе скульптуры Русалкі, спыталі пра дачыненне яе да Лепеля. Няма легенды! Дзе тады скульптура Цмоку, аб існаванні якога ведаюць з гістарычнага рамана Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Дзіўна: не ўсе лепельцы ведаюць пра міфічную істоту ў Лепельскім возеры, а менчукі лічаць яе цалкам рэальнай.

Папрасілі завесці на гарадскія габрэйскія могілкі. Уважліва даследавалі іх.

Потым перамясціліся на Георгіеўскія могілкі. Прыйшлі да высновы, што яны запушчаныя, непрыбраныя, няма парадку вакол Георгіеўскай царквы. Пакупаліся пры ўпаданні Лепельскага канала ў возера. Ухвалілі дно і ваду.

Назаўтра экскурсію пачалі з агляду руін Губінскага касцёла. Абурыліся абыякавымі адносінамі да архітэктурных каштоўнасцяў у савецкі час (касцёл быў падарваны ўзрыўчаткай і дабураны цягачамі бароўскіх вайскоўцаў у 60-х гадах).


У Сушы на востраве, утвораным азёрамі Астраўкі і Цеменіца, спрабавалі адшукаць сведчанні знаходжання там крэпасці Івана Грознага “Кап’ё”, пабудаванай пры заваёве Полацкага княства ў 16 стагоддзі.


Жыхар узведзенай на тым месцы хаты Анатоль Азаронак сказаў, што з тых часін крыху захаваўся толькі абарончы роў, размешчаны пры спуску вуліцы ў лагчыну.

Пакупацца вырашылі ў возеры Мугірына. Аднак з вёскі Завадзіна на легкавіках не змаглі пад’ехаць ні да яго, ні да памежнага з Чашніцкім раёнам Ліпна. Вярнуліся шукаць зручны падыход да Цеменіцы.


Некалькі падыходаў былі занятыя рыбакамі і палаткамі. Шмат прайшлі, а пралаз да вады скрозь кусты і крапіву не знайшлі. Вярнуліся да пустога легкавіка ля пралазу. Кажу, што гаспадары машыны адплылі на лодцы. Можна купацца.

Дно ўслана мізэрнымі сучкамі з ракіт. Крута глыбее і з’яўляецца буза. Пераплываеш паласу зараснікаў жоўтых гарлачыкаў і апынаешся ў чыстай вадзе. І так глыбіня -- дна не дастаць, а Валерыя з Мішам паплылі спачатку на востраў, а потым на той бок Цеменіцы. Як людзі не баяцца? Астатнія плавалі непадалёк ад гарлачыкаў.


Валерыя ў доказ, што была на тым беразе, прывезла лапку папараці. А наконт вострава Міша сказаў, што гэта хутчэй за ўсё зараснік чароту на мелкаводдзі. Ва ўсякім выпадку ля яго пачатку дно не дасталі.

У Камені наведалі музей “беларускага Ясеніна” з Парэчча Тодара Кляшторнага, расстралянага ў 1938 годзе. Многія рарытэтныя экспанаты сялянскага побыту менчукі бачылі ўпершыню, здзіўляліся праніку для адбівання адзення, качалцы для прасавання бялізны, матавілу са шнурам для адбівання роўнай вугальнай рысы на прызначаных да часання дошках, зыбцы, у якой калыхалі малога Тодара.

У сацыяльным Цэнтры па доглядзе састарэлых “Святліца” пагутарылі з пастаяльцамі. Я пасябраваў з 77-гадовым Леанідам Галаём. Ён быў апрануты, быццам на парад. Сказаў, што жыў у суседняй Бабчы. Трое дзяцей раз’ехаліся па гарадах. Дачка -- у Кіеве. Свае сем’і маюць. Жонка памерла. Аднаму жыць стала цяжка. Папрасіўся ў “Святліцу”. Тут лепей -- кормяць добра, даглядаюць, ёсць з кім словам перакінуцца. Можна знайсці кампанію на любы густ.


Экспедыцыя раз’ехалася на сустрэчы са старымі людзьмі з Каменя, Бабчы, Двор-Бабчы, Ладасна, Губіна. Мая місія на гэтым скончылася. Даследчыкі на Лепельшчыне будуць працаваць увесь наступны тыдзень.

Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.



НРАВИТСЯ
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ