Вандроўныя нататкі старога валацугі
На досвітку -- плюс 20. Куды кінуцца на рыбу? А давай на сажалку ля АБЗ, з якой 4 мая выцягнуў карася і ратана, а 11 мая -- нічога. Можа цяпер пашанцуе?
Пад’ехаў з боку байчэйшай дарогі на АБЗ. Але што гэта. Водарасці суцэльным кілімам з дна ўзняліся амаль да самай паверхні па ўсім вадаёме. Пераехаў на супрацьлеглы бок, дзе ўвесну на вудзе ўстанаўліваў паўтарамятровую меру. І там такая самая ціна вышугала пад самую паверхню. Закінуў усё ж вуду, зрабіўшы паўмятровую меру. Ляжыць паплавок -- значыць патапец прымасціўся на ціну. Куды ні закіну -- тое самае. Дарэмна пяць кіламетраў гнаў “Дракона”. Адчальваю і бяру кірунак на логава Балотніка. Яно хоць і не сажалка, а сапраўднае балота, аднак два дні таму назад выцягнуў з яго дзевяць карасёў агульнай вагай 220 грамаў. А логавам балота называю таму, што з яго ў навагоднюю ноч да мяне прынёсся Балотнік у вобразе страшэннага сабакі. І ціны ў ім няма, а дакладней -- ёсць зручныя для вуджэння прагалы між воднай расліннасці і кустоўя.
На самым зручным месцы з вудай сядзеў Ігар Шаптун. Ён гэты прагал пачысціў і таму лічыць сваім. Сказаў, што толькі двойчы клёў бачыў, хоць мінулым вечарам шмат карасёў нацягаў. Не хочуць брацца, бо нерастуюць -- бурбалкі з дна пускаюць.
Хацеў ужо дахаты ехаць, аднак у апошні момант перадумаў. Аб’ехаў балота і прымасціўся на невялікім лапіку між кустоў.
Роўна ў шэсць гадзін без усялякай надзеі закінуў вуду і вачам не веру -- паплавок пайшоў убок. Выцягваю ладнага карася. Следам -- другога. Вось табе і невялікі лапік з краю балота, у які нават вуду закінуць складана!
Правілаў Слаўка падыходзіць. Ён вудзіць збоку, паміж мной і Шаптуном. Пытае пра ўлоў. Паказваю на трох карасёў у траве. Здзіўляецца -- ён нават клёву не бачыў. Не паспявае ён адысціся, як я крычу:
-- Слаўка! -- і паказваю адразу два карасі на вудзе, бо вуджу на два кручкі.
Роўна ў восем гадзін скончыліся чарвякі. Палічыў здабычу. 16 карасёў.
Дома скво за галаву схапілася ад радасці і здзіўлення -- карасі пацягнулі на 840 грамаў. Сярэдняя вага аднаго -- 52,5 грама. У сярэднім карась трапляўся на кручок кожныя 7,5 хвіліны. Для мяне -- нечуваная ўдача. А Слаўка ўвечары сказаў, што ён навудзіў хвастоў з 20.
-- Ерунда! -- заключыў.
Вось так! Каму “ерунда”, а каму і рыбацкае шчасце.
Ваўчок ВАЛАЦУЖНЫ (Валадар ШУШКЕВІЧ). 2012 год. ЛЕПЕЛЬ.
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
О, я бачу, Пан Валацуга, робіць поспехі.калі так справа і далей пойдзе, хутка будзе астатніх вучыць, як карасёў вудзіць.
Cvetik, а ты что, раба печати, что выписываешь "районку"? Не стыдно? А говорила когда-то, что БТ не смотришь... Как тут верить интернету, где все врут через одного?