Нараджаўся цёплы майскі дзень. З самай раніцы сонейка палівала зямлю прыемным лагодным цяплом. Неба было чыстае, бы шклянка. Паветра для таго знерухомела, што кволае маладое лісце ўяўляла мёртвы адбітак на фотаздымку. У горадзе ўсядзець было немагчыма. На прыроду!
За лічаныя хвіліны матацыкл пераадолеў 23-кіламетровую адлегласць да руін шлюза ў нізоўях Бярэзінскага канала. На ўзбочыне дамбы паставіў палатку, закінуў у яе брызентавую падсцілку, расшпілены спальнік, надзьмутую падушку.
Спецыяльнымі металічнымі штырамі мацаваць па вуглах валацужную хатку не стаў, бо засцерагаць яе ад перакульвання ветрам не было сэнсу -- нават лёгкі подых паветра адсутнічаў.
Гарачым летам канал амаль цалкам перасыхае. Па цэнтры ўжо сучаснага звілістага фарватэру тады бруіцца вузкая ручаіна -- курыца пераскочыць. Цяпер жа ён нагадвае паўнаводную невялікую раку. Закідваю вуду і тут жа выцягваю маленькага акунька. Другога -- большага. Затым ідуць падлешчык, дзве плотачкі, яшчэ акунёк.
Пакуль досыць! Хочацца хутчэй пакаштаваць свежую здабычу. Загортваю пачышчаных рыбін у фольгу і разам з магазіннымі сялянскімі каўбасамі і бульбай закідваю на вуголле. Ад спякотнага сонца хаваюся ў палатку ў чаканні вандроўных прысмакаў.
Пасля яшчэ вывуджваю ў канале сем мізэрных акунькоў. Дастаткова! Не па здабычу ехаў, а на адпачынак сярод вясновай цішы. Каб канчаткова не спячыся на сонцы, пачынаю збіраць вандроўны рыштунак.
І раптам налятае першы за дзень парыў ветру. Скрозь расхінуты ўваход напаўняе пустую, а таму лёгкую палатку, перакульвае і коціць па дамбе. Кідаюся даганяць паходную хатку. Урэшце яе затрымлівае лазовы куст на схіле дамбы. Другі парыў ветру, і яна імгненна ўзлятае ў паветра. Пакуль прыходжу ў сябе, палатка ўжо лятае над каналам кругамі, быццам каршун у пошуках здабычы.
Лунаючы ў паветры, быццам дэльтаплан, надзьмутая палатка скіроўваецца ў бок возера Бярэшча. Бягу следам. Вось ужо і дамба пераходзіць у звычайны азёрны поплаў. Паспяваю падумаць, што назаўсёды губляю сваё вандроўнае жытло -- прызямліцца яно на азёрную роўнядзь ці на высокія яліны, што гушчарамі падступаюць да абедзвюх дамбаў, і застанецца там назаўсёды. Ні ў возера не заплыву, ні на дрэва не залезу.
Лунала палатка некалькі хвілін, якія здаліся мне гадзінамі. Ужо і вечар суняўся, а яна працягвае кружыць над вусцем канала -- мабыць вятрыска яшчэ гуляе ў вышыні. Нечакана ў сэрца ўсяляецца надзея, што мая валацужная каштоўнасць не згіне -- рабая плямка павялічваецца ў памерах. Зніжаецца!
Пакружыўшыся каля змрочнай пушчы, палатка-дэльтаплан самаадвольна “падруліла” да ўзбярэжнага куста і прызямлілася на яго. Запыханы падбег, схапіў сваю каштоўнасць і панёс на месца бівака. З паўкіламетра было да яго. Там паставіў палатку і хутчэй выцягнуў каркасныя дугі, каб зноў не паляцела. Пасля перажытага хвалявання на сэрцы стала лёгка. Дахаты ехаў з цудоўным настроем -- хоць і перахваляваўся, аднак пабачыў незвычайнае відовішча.
Пасля расповядаў мяне дакаралі, што не зафатаграфаваў палёт палаткі. У мяне ж тады пра гэта і думкі не было -- ганяўся за ёй у адных трусах. Фотаапарат спакойна “адпачываў” на біваку.
Няхай мой аповяд стане навукай усім валацугам: нават у самы бязветраны штыль палатку абавязкова трэба мацаваць да зямлі страховачнымі штырамі.
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |