У першай палове тыдня дзень у дзень ліў дождж. Рыбаловы месца сабе не знаходзілі, адзін у другога пыталі: калі ж грымне мароз? І мароз пачуў. Праўда, не грымнуў, а даў ведаць аб сабе, апусціўшы спіртовы слупок тэрмометра спачатку да аднаго, а потым -- да мінус сямі градусаў. І ўсё ж -- дасягненне!
З сынам Валерыкам асцярожна галалёдам круцім педалі ровараў. Кіруемся на загараднае возера Нюля, што бокам прыціснулася да ракі Ула. Патрапіць на яго бліжняю дарогаю можна толькі па лёдзе возера Бораўна, па мясцоваму -- Баравенскага.
Першы снег з лёду дождж змыў. Гладкі ды празрысты, бы шкло, азёрны зімовы покрыў ехаць па сабе не дазваляе. Коўзка. Коцім ровары ўздоўж берага. Але што гэта? Рыба шукае ад нас у глыбіню. Прыгледзеліся. Чорныя спіны шыюцца паміж пяском ды лёдам, ж на бок кладуцца. І толькі заўважыўшы нас, стрымгалоў кідаюцца ва ўсе бакі. Некаторыя засядаюць у пяску, прыціснутыя ледзяною тоўшчаю, і доўга выбіраюцца на вольную ваду.
Скіроўваю Валерыка дахаты па сякеру, а сам свідрую дзіркі ды закідваю вуду. Матыль апетытны -- хоць сам еш. Аднак рыба такую прынаду нават не кранае. Спрабую тузаць блешню. Вынік нулявы.
Пад’язджае Валерык. Высякаем куку -- загнутую бы лыжына алешыну. Па лёдзе падыходзім да берага. Па жоўтаму пяску носяцца напалоханыя рыбіны. Выбіраю большую, што далей за іншых заціснулася пад лёд, узнімаю куку ды з усяе сілы апускаю яе. Глухі ўдар разносіцца над возерам. Лёд трэскаецца своеасаблівым зімовым узорам, аглушаная рыбіна кладзецца на бок. Валерык хуценька высякае сякераю квадратную палонку. І вось у вядры трапечацца ладная, з добрую далонь плотка. Цераз пару крокаў зноў кідаецца ўрассыпную рыбны касяк. І зноў лёд стогне ад цяжкай кукі. У руках Валерыка -- такая ж плотка. Асцярожна крочым далей…
Здараецца, што пакуль прасякаецца палонка, плотка ачуньвае і спачатку павольна, а потым з нарастаючым паскарэннем уцякае ад сякернага груку. Не паспееш імгненна зрэагаваць ды нанесці наступны трапны ўдар -- здабыча ўмомант апынаецца на глыбіні.
Так паступова прасоўваемся ўздоўж берага. Насустрач нам рухаецца вясковая дзятва. Хлапчукі аглушаюць рыбу абухамі вялікіх сякер. Іхнія мяшкі зайздросна тапырацца. У нас жа сякера валацужная, яе ўдару рыба не адчувае. Таму і змалочваем у трэскі пяць кукаў.
Пачалі рыбалку (дакладней -- паляванне) дзесьці а палове дзесятае. А ўжо а пачатку дванаццатай рыба раптоўна знікла. Што яе так прыцягвала ў бераг і што так рэзка паклікала на глыбіню, засталося загадкаю. Распалохаць яе не маглі. Бо патаўчэш кукаю па лёдзе, пойдзеш далей, а плоткі зноў ззаду сунуцца да берага.
Зноў спрабую вудзіць на матыля. Глуха! Перабіраемся на блізкую Нюлю. Там шмат аматараў клююць насамі над палонкамі. Раблю абход. Цікаўлюся здабычаю. У каго нічога, у каго з дзясятак акунькоў замярзаюць у скрынцы. Ля ўсходняга берага возера дно мелкае, пясчанае. Там таксама чалавек ходзіць з кукаю. Падыходжу. Улоў у яго, бы ў мяне, нашмат лепшы, чым у тых, хто імкнецца штосьці здабыць традыцыйным метадам.
У чытача можа ўзнікнуць пытанне: ці не браканьерскі, негуманны гэта спосаб рыбаздабычы? Давайце памяркуем разам. Калі аглушаную рыбіну не паспееш хуценька выцягнуць скрозь высечаную палонку, яна аджывае ды ўцякае ў чорную бездань. Значыць, ніякага пабочнага шкоднага ўздзеяння жывая істота не атрымлівае. Дробязь жа зусім не пакутуе, бо трымаецца асобнымі касякамі ад вялікай рыбы. Нішчуцца дрэвы на кукі? Аднак высякаюцца яны з алешынаў, якіх мясцовыя жыхары выпадкова пакінулі пасля рэгулярнай дрованарыхтоўкі. Ды і аб’ём улову не падлягае ні пад якую забарону -- 37 плотак здабылі мы. Нават каб не паўцякала ад берага рыба, наўрад ці працягвалі б таўчы яшчэ. Ад махання кукамі так стаміліся рукі, забалелі мышцы, што ўжо не хапала моцы ўзнімаць ды апускаць палена на лёд. Так што захапляльную рыбалку з кукаю ды сякераю па першым светлым лёдзе можна смела адносіць да ліку старадаўніх, спартыўных, аматарскіх відаў лоўлі.
Ці ўсё ж браканьерства гэта?
ВАЛАДАР ШУШКЕВІЧ (ВАЛАЦУГА).
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |