Размаху вандалізму на вузкім перашыйку паміж азёрамі Глыбочыца і Бораўна (Баравенка) не ведаў бы, каб сын Алег, гісторык, не папрасіў паказаць яму курганы-валатоўкі для апісання і фатаграфавання. Выбраў самыя блізкія захаванні далёкіх прашчураў нашых -- нейкіх чатыры кіламетры ад Лепеля.
З даведачнай літаратуры ведаў, што курганы між двух азёраў адносяцца да захаванняў пазнейшых часін паганства. У такіх курганах добра захаваліся косці і прадметы, якія ўжываў нябожчык пры жыцці.
Залатая восень узнімала настрой, пакуль дабіраліся да зарослай алешнікам грады, пралеглай у канцы возера Глыбочыца, бліжэй да возера Бораўна. На градзе і размясціліся ўсе шэсць валатовак упрытык адна да другой (сёмая была раскапана археолагамі ў 1860 годзе).
Выгляд курганоў імгненна сапсаваў настрой, абурыў да глыбіні душы. Вандалы знявечылі гістарычныя помнікі, сапсавалі прыроду ў маляўнічым месцы.
Кожны з курганоў быў раскапаны. Глыбокія яміны-шурфы чарнелі па цэнтры валатовак. Найбольш дасталася чацвёртаму захаванню. Ад ямы па цэнтры яго крыж-накрыж пракапалі канавы да самага падножжа. Не ў лепшым стане і самы вялікі пяты курган. Чатыры глыбокія шурфы зроблены на яго вяршыні і адзін збоку. У двух заглыблены свежыя бакавыя норы, якія спачатку мы прынялі за лісіныя.
Каб вандалы былі злоўленыя на месцы злачынства, іх судзілі б. Цяпер жа шукай ветру ў полі. Застаецца звярнуцца да будучых капальнікаў або шукальнікаў скарбаў. Нічога каштоўнага ў сучасным разуменні вы не знойдзеце. Старадаўнія прадметы побытавага ўжытку цэняцца толькі з навуковага пункту гледжання. Для надання большай вагі гэтым словам, пералічу, што археолагі знайшлі ў сёмым кургане паўтара стагоддзя назад. Першы касцяк ляжаў у падножжы насыпу -- мужчынскі, пры ім знойдзены: бронзавая спражка ад пояса, бронзавы пярсцёнак; другі касцяк -- жанчыны, вышэй першага на адзін аршын: на руках даволі буйны бронзавы пярсцёнак, на шыі пацеркі белаватыя, быццам жамчужныя, але раскладзеныя ад сырасці.У верхняй частцы -- касцяк дзіцяці прыкладна гадоў дзесяці. Пры ім ніякіх прадметаў не было. Курган гэты адметны як адзін выпадак пахавання ў адной валатоўцы ў тры ярусы, а таксама як рэдкі выпадак знаходжання касцяка дзіцяці ў кургане.
Чым у дадзеным выпадку змаглі б пажывіцца вандалы? Спарахнелай бронзай ды пацеркамі? Іх хіба што круты музей купіў бы за мізэрную плату. Дык навошта трывожыць душы продкаў, зрушаць іх косці, псаваць прыродныя ландшафты?
Археалагічныя раскопкі розняцца тым, што археолагі раскопваюць курган да асновы і нават ніжэй. Вернутая на месца зямля мае такую ўласцівасць, што насыпу не ўтвараецца. Замест валатоўкі застаецца роўная пляцоўка.
Валадар ШУШКЕВІЧ (Валацуга).
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |