Апошнім часам атрымліваю шмат зваротаў з просьбай растлумачыць, хто такі Цмок. Задавальняю просьбу. Інфармацыю падаю паводле энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія” і аповядаў відавочцаў, якія сцвярджаюць, што непасрэдна сустракаліся з пачварай.
Энцыклапедычны слоўнік завярае, што Цмок, Смок, Чмок – гэта Змей, персанаж беларускай міфалогіі. Вылучаецца агромністымі памерамі, прычым, як удоўжкі, так і ўшыркі, памерамі ён з добры будынак. З-за сваіх вялізных габарытаў Цмок ад прыроды лянівы і маларухавы. Самотнік, жыве і дзейнічае сам па сабе, на заклік чалавека або якога нячысціка дапамагчы можа адгукнуцца з вялікай неахвотай. Можа быць як аднагаловым, так і мець іх да 12. Зубы, як нарогі; кіпцюры, як сярпы; крылы, як палашы. У адрозненне ад іншых нячысцікаў, Цмок – чысцёха, ходзіць у лазню, мыецца штодня. Жыве ў балоце, а найчасцей – у возеры. Ідэальная амфібія: можа перасоўвацца ў вадзе, па зямлі, паветры.
Галоўная міфалагічная функцыя Цмока – валадаранне водамі. Ён – усталявальнік балансу паміж водамі зямнымі і нябеснымі. Лішнюю ваду з зямлі перапраўляе на неба з дапамогай вясёлкі. Баіцца Перуна, які можа забіць пачвару маланкай.
З паганскіх часінаў ахвярамі Цмока былі і ёсць парушальнікі грамадскіх абавязкаў (звычаёвага права). Пачвара ніколі не чапае людзей сямейных і вельмі рэдка чапляецца да простых вяскоўцаў.
Лятучыя Цмокі абарачаюцца хлопцамі-прыгажунамі і заляцаюцца да вясковых дзяўчат, аднак нават сужыццё з імі не давала нашчадкаў.
З вобразам Цмока звязаныя некаторыя даўгія курганы-валатоўкі і культавыя камяні.
Насця Шчэрбач, другакласніца гімназіі, навучэнка музычнай і мастацкай школ: “Улетку знаходзілася ў школьным лагеры. Кожны дзень хадзілі купацца на гарадскі пляж. Для нас спецыяльна была нацягнутая стужка, за якую забаранялася заплываць. Я вырашыла паднырнуць пад яе, расплюшчыла ў вадзе вочы і жахнулася: на мяне добрымі блакітнымі зрэнкамі пазірала страшэнная істота, чырвоная, пацягнутая сліззю, з белым у лусцы жыватом, даўжэзным хвастом, вушамі тырчком. Ад страху я апусціла вочы на дно і ўбачыла два вялізныя, у крапінку яйкі, нашмат большыя за страусавыя. Але ў лёгкіх не хапіла паветра і я вынырнула. На беразе не паверылі, што бачыла Цмока. Таму вырашыла гуашшу намаляваць плакат беларускага дракона – Цмока -- напярэдадні года Дракона і свайго дня нараджэння – 2 студзеня мне спаўняецца восем гадоў”.
Іван Будзіч, мастак – выкладчык школы мастацтваа: “На млынавым завулку ёсць “фазэнда” Валодзі Крыцкага. На ёй лепельскія турысты і мастакі любяць збірацца не столькі ў лазні папарыцца, колькі адпачыць у лапіку берандзеевага царства – настолькі там загадкавая і экзатычная абстаноўка. Часта жартавалі, што не стане дзівам, калі з-пад дэкаратыўнага хмызу раптам высунецца ундзіна або русалка. Яны, праўда, не наведаліся, але Цмока ўбачылі ўсе. Шастаў ён па Валодзевым берандзеевым царстве, у самыя патаемныя куточкі зазіраў, а потым пасунуўся цераз Георгіеўскія могілкі да Лепельскага возера. Чамусьці выбраў даўжэйшы шлях да вады, хоць прасцей можна было перакуліцца цераз Млынавы завулак і бултыхнуцца ў вусце Эсы. Контурны выраз таго Цмока з каляровай расфарбоўкай я спецыяльна выканаў да года Дракона для рэспубліканскага дзіцячага рэабілітацыйнага Цэнтра “Жамчужына” з надзеяй, што і на беразе возера Шчыбат ён прыжывецца”.
Ігар Будрэвіч, мастак – выкладчык школы мастацтва: “У Вялікім Поўсвіжы” на аграсядзібе “Поўсвіж” Васіля Шкіндзера праходзіў Фэст дударскай музыкі. Процьма народу сабралася. Мы з Іванам Будзічам заўважылі, як за плотам, у яловай алеі дзве цені павольна прасоўваюцца. Падкраліся і вачам сваім не паверылі. Размешчаныя там старадаўнія сельскагаспадарчыя машыны аглядалі… два Цмокі. Мы так і замёрлі на месцы, каб не напалохаць азёрных прышэльцаў. Яны пакраталі лапамі-ластамі заржавелыя экспанаты Васілёвага прыватнага музея сялянскага побыту ды ў абход Фэсту павольна пакрочылі да возера Поўсвіж. Разбадзёраныя дударскай музыкай ды экзатычнымі пачастункамі людзі так і не заўважылі ледзь прыкметныя цені добрых пачвараў. А мы з Іванам на наступны дзень узяліся выразаць з дрэва тых нячысцікаў такімі, якімі іх бачылі. Паказалі работу гасцям-мінчукам, а тыя выпрасілі іх у нас. Цяпер мо дзе ў Свіслачы ці Сляпянцы жывуць, а то і зусім у замежжа перабраліся лепельскія Цмокі”.
Мне ўбачыць Цмока не ўдалося, затое давялося пакатацца на ім па возеры Вялікія Плоткі, што на Палігоне. Стомленага мяне пачвара на сабе адвезла з цэнтра вадаёма да берагавой водмелі. Аб тым чытайце ў гэтай тэме пад загалоўкам “Цмок у Вялікіх Плотках”.
Валадар ШУШКЕВІЧ (Валацуга).
![]() НРАВИТСЯ |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Валацуга, дзякуй вялікі за цудоўны аповед!
Нават самой захацелася бегчы на пошукі Цмока.
Лёля! Рады, што ты зацікавілася Цмокам. Абавязкова пашукай яго. Нават калі і не спаткаеш пачвару, знойдзеш шмат чаго цікавага.