Навагоднія нататкі старога валацугі
За Забаеннем цвёрдая жвіроўка ля вясковых могілак рэзка пераходзіць у пясчаную прасёлачную дарогу, якая крута скочваецца ў эсенскую пойму, прабягае па дзірване, ускараскваецца на высокі берагавы ўзлесак, заглыбляецца ў лес, праз некалькі соцень метраў віхляння ў бакі нырае ў глыбокі роў і тут жа выскоквае на супрацьлеглы яго край. Па дне яміны іскрыста бруіцца вузкая ручаіна. Гэта і ёсць ручай, аб якім распавядала старэйшына Забаення Тамара Мірановіч.
Пітной вады і цяпер недастаткова ў Забаенні. Раней жа студняў у вёсцы ўвогуле не было. Ваду бралі з трох крыніц. Адна знаходзілася ў кірунку Мінскай шашы, другая нараджалася ў ваколіцах фермы, трэцяя хавалася пад Сівым каменем у лясным масіве. Апошняя і зацікавіла тым, што да гэтага часу ў спякотны дзень наталяе смагу шматлікім грыбнікам і ягаднікам не толькі з Забаення, але і з Лепеля, паколькі шмат гараджан любяць збіраць дарункі прыроды ў Забаенскім лесе і ў Бары за Эсай.
Правільна казала Тамара, што ад Сівога каменя колы трактароў і машын паступова адколвалі кавалкі, ён з цягам часу ўрастаў у зямлю. Цяпер толькі плоскі бок яго шарэе на адным узроўні з пацягнутым мохам схілам касагору. Раней жа загадкавы выгляд і сама назва валуна выклікалі ў Забаенскай дзятвы містычны жах і павагу да велічы гэтага аб’екта прыроды.
Але ж крыніца не нараджаецца пад Сівым каменем, як казала Тамара. Імчыць ручай аднекуль з лясных нетраў і кіруецца ў бок нябачнай адсюль Эсы.
Што з ручая п’юць ваду, сведчаць абрэзаныя пластыкавыя бутэлькі на суку. Ды і неглыбокае рэчышча з утрамбаваным дном даказвае, што плынь ніколі не перасыхае, значыць, мае крынічнае паходжанне. Штучна забруджвацца вада ніяк не можа, бо ў той мясцовасці няма ні жывёлагадоўчых памяшканняў, ні палёў. Але адкуль усё ж бярэ пачатак ручай? Дзе знаходзіцца тая крыніца, што яго нараджае?
Высокія берагавыя берагі паступова аддаляюцца ад ручая, саступаючы месца забалочаным зараснікам лісцёвых дрэў і хмызняку. Засохлыя дудкі крапівы сведчаць аб непраходнасці поймы ўлетку. Балотны дол скоўвае лёгкі пераднавагодні марозік, які разам з халодным пахмурным наваколлем прапускаюць на зямлю воблачныя разрывы ў зацягнутым воблакамі небе.
Процьма грыбнікоў ходзіць па бары ў летне-асенні сезон. Нават сцежкі пратаптаныя ў мохавым покрыве паміж соснаў. Аднак цераз ручай праходу няма -- настолькі адпужвае людзей перспектыва апынуцца ў балотных зарасніках.
Некаторыя вялікія алешыны не ўтрымаў на сабе глеісты пойменны дол, і яны паваліліся ўпоперак ручая. Найбольш сырыя берагі дрэвы ўвогуле пабаяліся засяляць. Толькі асака наблізілася да самага воднага ўрэзку, нават з вады тырчыць.
Лёд спрабуе адолець плынь. Аднак гэта яму не ўдаецца. Крынічная вада трымае круглы год пастаянную тэмпературу, таму летам здаецца халоднай, а зімой цёплай. Мароз стараецца замасціць водную паверхню, але крынічныя струмені ломяць крохкі панцыр.
Вядома, у сярэдзіне зімы снегавыя завеі перамятуць вузкае рэчышча. Аднак сцюжа так і не скуе неўтаймаваную ручаіну.
Дно зусім не багністае. Боты цвёрда ступаюць на чорнае, месцамі жоўтае дно. Паступова плынь запавольваецца, рэчышча зліваецца з навакольнай воднай паверхняй узбярэжнага балота. Ужо і ручай у ім нельга вызначыць. Усюды аднолькава тырчаць рудыя купіны. Можа, сухім летам балота настолькі высыхае, што агаляецца крыніца, якая нараджае ручай. Цяпер жа яе вызначыць немагчыма.
Валадар ШУШКЕВІЧ (ВАЛАЦУГА).
НРАВИТСЯ |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Адыходжу на балота сустракаць Новы год з Балотнікам. Як гэта адбывалася, распавяду заўтра.
Навагонюю ноч правёў у балоце з Балотнікам. Рэпартаж будзе ўжо сёння дзесьці да сярэдзіны дня.