03 авг 2021 в 11:17 — 4 года назад

837. ДОЎГІ ДЗЕНЬ БЕЗ БАБЫ ПРОСКІ. Лісічонак (Гурко) Тамара

Тема: Лепельщина без прикрас     Сегодня: 2, за неделю: 2, всего: 2251

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

 Гудзе цягнік. Будзіць Тамарачку. А яна ўжо і так не спіць - сама прачнулася.

 Але ўсё адно дзякуй табе, цягнік. Бо, каб праспала, было б сорамна. Абяцала бабе Просцы, хай не хвалюецца, едзе ў тую Воршу. Гэта бабе трэба на вяселле да стрыечнай сястры. Тая замуж дачку аддае, а Проска – бабуля хросная. Дык нельга адмаўляцца.

 А Тамарачка з Валерыкам і самі справяцца. Што яны не бачылі тую працу, якую баба Проска робіць штодзень?

 - Ха, - хмыкае Тамарачка. – Перш-наперш трэба рагулю падаіць…

 Завязала хусцінку, як бабуля вучыла, фартушок пачапіла, што цётка Люба ёй пашыла. У адну руку – даёнку, у другую – анучу, каб вымя выцерці. Сапраўдная гаспадыня!

 Дзверы ў хлеў адчыніла. А Рагуля ўжо стаіць, бабу Проску чакае. Косіць вялізным вокам: а хто гэта прыйшоў? Малеча нейкая…

 Затупала капытамі ды ад Тамарачкі ў далёкі кут адступіла. Дзяўчынка занепакоілася: зараз як дасць рагамі па лбе!

 - А божачкі, што рабіць? – мармыча Тамарачка ды згадвае, што гэта ж яна лусту хлеба не ўзяла.

 Збегала ў хату. Працягвае хлеб Рагулі:

 - Давай, кароўка, мяняцца. Я табе - хлеба, а ты мне – малака.

 А тая не чуе, мыкае толькі: не тая гаспадыня. Ды капытамі тупаціць. Ай-вой, нялёгкая гэтая праца кароўку падаіць.

 Але на Тамарыччына шчасце цётка Фенька прыйшла. Зразумела ўсё з першага погляду дый пытаецца:

 - Ну, што? Не даецца Рагуля?

 - А ніяк, - ледзь не плача Тамарачка–гаспадыня.

 - Ну, то не бяда.

 Цётка падсунула да боку Рагулі ўслончык, падставіла даёнку.

 - Дзінь-дзінь, - задзінькалі струменьчыкі па вядры ўсё вышэй, вышэй.

 Ужо не дзінькаюць, а глуха цвыркаюць:

 - Цвырк-цвырк…

 Лоўка так у цёткі атрымліваецца. І рагуля смірна стаіць.

 - Сама працэдзіш? – спытала цётка.

 - Ну, гэта лёгка – любы дурань справіцца.

 Працадзіла ў слоікі. Уздыхнула з палёгкай. І, не выпіўшы свой звычайны кубачак сырадою, які заўжды налівала баба Проска, узялася за далейшыя неадкладныя справы, якіх процьма. Трэба печ распаліць.

 Але ж ужо Валерык прачнуўся.

 - Адыдзі, малая, - чыгункі запіхнуў, дроў паклаў, сярнічкай чыркнуў.

 І цётачка Тамара прыбегла.

 - Ну, што, племяшы? – і, не чакаючы адказу, кінулася раскалочваць цеста на бліны.

 “Нейкая несапраўдная гаспадыня атрымліваюся, - думае Тамарачка. – Цётка Фенька кароўку падаіла. Валерык печ топіць. Цётка Тамара бліны пячэ. А мне што тады рабіць? Пайду, у хаце хоць прыбяруся.

 Валерыкаву канапу коўдрай захінула. На сваім ложку падушкі паставіла, накідку на іх ускінула. Кветкі бабуліны паліла. А ўжо і снедаць час.

 Цётка Тамара падсмейвае:

 - Як ранішняя дойка прайшла?

 Быццам не ведае, што не я даіла, а цётачка Фенька. А ў самой бліны тоўстыя, не такія, як бабуліны.

 Смейся-смейся, - паказваю язык цётачцы. І кароўка падоена, і парсюка Валерык накарміў, а я зерне кураняткам кінула, Дружку есці дала, Цішку малака наліла, у хаце прыбралася – усё як пры бабе Просцы раніцой.

 Як паснедалі, цётка Тамара наказала:

 - Глядзіце, не забудзьце сена паварушыць каля Баравенскага пераезду. А я ў абед прыйду, крупеню дастану, пакармлю вас.

 “Ха, разумная якая! – хачу адказаць я цётцы. – Крупеню з печы не дастанем?”. Але Валерык, які быў паслухмяным і разважлівым хлапчуком, тузае мяне за руку:

 - Не пярэч – нельга так.

 - Ага, - бурчу ўжо сабе пад нос. – Тую крупеню я і сама б зварыла – сто разоў бачыла, як баба Проска робіць: у чыгунок кідае рабрыну, рэжа бульбу, сыпле грыбкі сухія, крупы прамытыя і далівае вады. З печы ў абед – смаката неймаверная.

 І аж слінкі глытаю, хоць і паснедала. Але Валерык падганяе, грабелькі мае падае асабістыя, дзедам Пракопам зробленыя, маленькія, пад мой рост:

 - Пойдзем хутчэй, мая гаспадыня.

 Толькі з двара выйшлі, брыгадзір Федзька на брычцы едзе:

 - Вы да Баравенкі? Ну, то сядайце. Там і мой надзел.

 Хоць і недалёка ісці, але даехалі ўсё ж хутчэй. А там ужо дзед Пракоп. Ён заўсёды граблі ў кустах хавае, і як у абходзе, то і сена паварушыць.

 Як учацвярых, дык справіліся хутка, паварушылі і дзедава, і брыгадзірава, і сваё. Дзед Пракоп ізноў пайшоў у абход, Федзька паехаў у Бораўна, а мы пайшлі дахаты.

 Хоць і стамілася Тамарачка, а адпачываць няма калі. Работачкі процьма – агуркі выбраць, слоікі пад малако памыць ды на плот павесіць, каб пад сонейкам сохлі. А яшчэ – буракі прапалоць, морквы натузаць, ды парэчкі вунь пераспяваюць – назбіраць, за ахрап’ем збегаць.

 - І калі ўсё гэта бабуля паспявае здзейсніць? – уздыхае Тамарачка. - А яшчэ ж і абеду няма. А там Рагуля з поля прыйдзе, напаіць і падаіць трэба, а потым ізноў выгнаць да вечара. Дык жа баба Проска яшчэ і ў калгасе працуе.

 Валерык, гледзячы на Тамараччын пахмурны выгляд, сказаў:

 - Замарылася, малая? Ідзі, трохі паляжы, ахрап’я я сам назбіраю, а баба Марыля карову падоіць.

 Не, рашыла Тамарачка, не буду адпачываць, баба ж Проска неяк вытрымлівае. Сапраўды, колькі разоў бачыла, і бабуля так зморвалася, што, кінуўшы на падлогу плюшаўку, валілася бы куль і казала, нібыта апраўдваючыся:

 - Адпачну крышачку, унучачка.

 І, заплюшчыўшы вочы, імгненна засынала. Я сядала на падлогу каля яе, падпіхвала пад галаву падушку і сачыла, каб мухі не дакучалі маёй любай бабулі. А яна падхоплівалася праз хвілінку і бегла далей па сваім нялёгкім лёсе.

 Ой, лепш не будзе Тамарачка класціся, а то праспіць усю працу. Пойдзе ў хлеў, папросіць бабу Марылю, каб дазволіла ёй Рагулю падаіць.

 - Дай, баба, я буду даіць, - лашчуся.

 А бабуля надаіла ўжо палову даёнкі.

 - Ну, то давай, птушачка.

 Зыркае вокам Рагуля: ізноў гэтая малеча з’явілася. Але стаіць смірна. Гладжу яе па баку, шапчу:

 - Я ціхенька-ціхенька… - і тузаю за вымя.

 І во дзіва! Малако быццам само палілося, зацвыркала, запенілася белай шапкай пены.

  - Ай, малайчына! – хваліць баба Марыля.

 І Тамарачка задаволеная - будзе цяпер што адказаць насмешніцы цётцы Тамары.

 А тая ўжо крупеню сваю выцягнула з печы, па місках разлівае. Хацела Тамарачка не есці, сказаць, што нясмачная, але дзе там – грыбамі ды рэбрамі так запахла, што дух заняло. Сёрбае, ад іншых не адстае. Ужо блінкі са смятанай не лезуць у пуза. Цяпер усё гэта запіць малаком варта.

 Тут у хату старая цётка Матруна заходзіць.

 - Во табе! – так бы сказалі бабы міхалоўскія.

 Усё на лавачцы сядзіць каля сваёй хаты, а хата якраз пасярод Міхалова стаіць, ды чапляе ўсіх пытаннем, хто куды ідзе, а тут прыперлася.

 - Чула я, Проска ў Воршу з’ехала. А хату няўжо на малых кінула? Але гляджу – не, Пракопава Марыля тут.

 - Дык не чужыя мы, сваты, - адказвае бабуля.

 - Ага ж – сваты. Ведаю. Памятаю, яшчэ як Шурка вам Прошчыну Яніну сватаў. А што гатавалі? Грыбамі пахне.

 - Крупеню з грыбамі, - цярпліва адказвае баба Марыля. – Можа наліць?

 - Ага, налі, трохі пасёрбаю. Смачная крупеня, наварыстая, - хваліць цётка Матруна.

 І Тамарачка, хоць і злавалася з раніцы на цётку Тамару, цяпер задаволеная, бо нават радая апетыту старой Матруны, а гэта ж яе родная цётачка гатавала.

 Як выгналі пасля абеду каровак у поле, уздыхнула Тамарачка з палёгкай – працы зроблена большая частка. Засталося слоікі з плоту зняць, посуд вымыць, двор падмесці, куранятам зноў зерня насыпаць, ваду памяняць.

 Ой, згадала толькі цяпер: лялька Ліза спіць, не разбуджаная. Ускочыла ў хату, пасадзіла Лізу каля падушак, валасы паправіла ёй, ды зноў на вулку, за працу. Бо сапраўдныя гаспадыні ў лялькі не гуляюць.

 Валерык гной з хлява выкідвае. Дзядзька Коля карыта парсюкова чыніць. Цётка Ленка заходзіць у двор. Пытае:

 - Ці ўсё ў вас тут добра? Мо дапамагчы што?

 Апомнілася, думаю я, пад вечар прыйшла, калі ўсё парабілі.

 Забегла і цётка Клаўдзя, і цётка Анюта, бегучы з калгаснай працы. І ўсе пыталіся, як мы тут адны з Валерыкам спраўляемся, ці патрэбная дапамога. Цётка Анюта, матуліна лепшая сяброўка, хацела нават ручнікі забраць:

 - Сабяры, Тамарачка, ручнікі, я свае выварваць буду, дык і вашы адным махам…

 А ўжо ўвечары, калі Валерык пайшоў сустракаць Рагулю з поля, Тамарачка прылегла на бабін ложак, за шырму, дый заснула. Ды так моцна, што не чула, як вечаровым цягніком прыехала баба Проска, як прыходзілі цётка Тамара і баба Марыля, забягалі міхалоўцы паглядзець на гарадскія гасцінцы, прывезеныя бабуляй з Воршы, як дзівілася яна, што вакол парадак, і як хваліла Тамарачку і Валерыка.

 Валерык сам-на-сам еў каўбасу ды пернікі, піў сітро. А халву есці не ўзяўся, бо яе дужа любіла я, дык ён не стаў пачынаць бляшанку з той смакатой.

 Не прачнулася я і тады, калі баба Проска клалася побач са мной. У сне я заходзіла ў хлеў, і Рагуля біла мяне капытом па лбе, і з яго цякла не кроў, а бялюткае малако, толькі не дзінькала струменьчыкам, як у даёнку, а глуха цвіркала, бо падала ў сена, якое варушылі дзед Пракоп з Федзькам-брагадзірам. А тыя здзіўляліся, чаму сена мокрае, бо дажджу ж не было. А потым у хату набеглі міхалоўскія бабы і дражнілі мяне, што я не сапраўдная гаспадыня. А цётка Анюта забрала мой фартушок і выварыла з яго гарошак, і ён стаў белы, бы тое малако, што цякло з ілба. І старая Матруна гразілася кійком: “Не гаспадыня, не гаспадыня…” І так мне зрабілася крыўдна і горка, што я прачнулася.

 У хаце яшчэ было цёмна, але вокны ўжо пашарэлі, з чыгункі хутка гудне цягнік. Валерык з бабай Проскай працягваюць спаць. Паварочваюся на іншы бок, прыціскаюся да бабулі і зноў засынаю.

 А раніцой бабуля Проска сказала, што бабы мяне хвалілі, і Матруна казала, што Тамарачка добрая дзяўчынка. І замест кубачка малака я піла чай з бабуліных траў і малінніку, закусвала халвой. І радавалася, што не трэба нікуды спяшацца, бо бабуля дома, таму за дзень у нас усё паспее зрабіцца.

 - Куды яна падзенецца, тая праца, зробіцца, далёка не ўцячэ, - так, бывала, шуткаваў дзед Пракоп.

 А як гнала Рагулю ў поле, бабы ветліва ўсміхаліся дзяўчынцы. Аняго ж, цэлы дзянёчак была гаспадыняй! Я ўсміхалася ім у адказ і думала: “Добра, што жыву ў Міхалове, бо самыя лепшыя бабы – міхалоўскія. І яшчэ, што нада будзе занесці кавалачак халвы лядашчай старой Матруне, яна казала, што любіць салодкае.

2021



Метки: Лисичёнок Тамара, Михалово, детство

НРАВИТСЯ
7
СУПЕР
3
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ
2





03 авг 2021 в 13:57 — 4 года назад

Марачка, колькi малака Рагуля давала летам?



03 авг 2021 в 14:34 — 4 года назад

Мартин Минчук, Марачка не адкажа, паколькі на лета пасялілася на гарадской дачы, дзе не мае інтэрнэту. Аб падзеях у грамадстве даведваецца толькі з тэлевізара з гукам, але без паказу, паколькі не можа знайсці тэлемайстра. У кватэру не ходзіць, бо не мае на тое здароўя дый карасканне на пяты паверх для яе непераадольная задача. У суботу наведаў яе, каб забраць гэты рукапіс. Упэўніўся, што жыць у адрашэнні ад цывілізацыі ёй сапраўды лягчэй, чым у 30-градуснай кунсткамеры гарадскога пяціпавярховіка.



03 авг 2021 в 14:54 — 4 года назад

Мартин Минчук, патэлефанаваў Тамары пра летнія надоі ад Рагулі. Тады над аб´ёмам малака не задумвалася. Баба Проска даіла тройчы на дзень па даёнцы кожны раз. Усяго праз міхалоўскае дзяцінства прайшло тры каровы: Малышка, Красаўка і Рагуля. Усе былі ўдойныя. Рагуля вызначалася бадучасцю.

1


03 авг 2021 в 20:13 — 4 года назад

Блукач ВАЛАЦУЖНЫ, дзякуй. А у тваiх кароу у тыя часы якiя надоi былi можа памятаеш? А у калгасных?



03 авг 2021 в 22:22 — 4 года назад

Мартин Минчук, гадзіўлянская Зорка запускалася надоўга і давала кепскія надоі, таму малако мне даводзілася вазіць меншым Шушкевічам ад верабскай Лысухі спачатку на пасажырскім грузатаксі, а потым на дрогкім аўтобусе "каробачцы". А калгасныя надоі добра ведаў, паколькі працаваў у рэдакцыі загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі ды штотыдзень запускаў у друк зводку аб надоях. Аднак лічбы забыўся за 9 год пенсійнага жыцця.



03 авг 2021 в 22:26 — 4 года назад

Шкада, што Тамара не пачытае водгук заўсёднага рэцэнзента яе твораў Васіля Азаронка. Аднак змяшчу яго для іншых чытачоў. Няхай ведаюць ацэнку прафесіянала:

2




Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ