Сведения об авторе смотреть здесь.

18 кастрычніка 2025 года каталікі лепельскай парафіі здзейснілі Вялікую пілігрымку па касцёлах Віцебшчыны. Паспелі своечасова, бо Святы Год у Віцебскай дыяцэзіі, абвешчаны Папам Францішкам, завяршаецца 28 снежня 2025 года. І ў гэты час у юбілейных святынях праз сакрамэнт пакаяння, праз падмацаванне святой Камуніяй і малітвай у інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла можна атрымаць поўны адпуст, прабачэнне і адпушчэнне сваіх грахоў.
Чаму так патрэбна было лепельцам ехаць у іншыя гарады, у іншыя касцёлы, бо сам Лепельскі касцёл святога Казіміра з´яўляецца святыняй? Справа ў тым, што поўны адпуст можна атрымаць менавіта толькі падчас канкрэтна пілігрымкі. Такі шанец лепельскія парафіяне страціць не маглі і рушылі па восеньскай дарозе ажно на двух аўтобусах.
Першай наведанай юбілейнай святыняй стаў катэдральны касцёл пад тытулам Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Чакаць адкрыцця касцёла патрэбы не было, бо кіраўніком пілігрымкі лепельскіх каталікоў быў сам пробашч Віцебскай катэдральнай парафіі ксёндз Валеры Марціноўскі.

Падчас Святой Імшы пілігрымы мелі магчымасць скарыстацца сакрамэнтам пакаяння, памаліліся ў інтэнцыях Святога Айца са скарбніцы Касцёла, падмацаваліся святой Камуніяй і рушылі далей.

Першым супынкам пасля катэдральнага касцёла стала месца забойства святога Язафата Кунцэвіча ў цэнтры Віцебска. Памаліліся за ўсіх і канкрэтных памерлых і рушылі ў Наваполацк.
Па дарозе ўбачылі яшчэ здалёк шумілінскі касцёл Маці Божай Фацімскай і не стрымаліся - заехалі.

Ужо мінула 108 год з таго моманту, калі Маці Марыя скіравала да дзяцей у Фаціме наступныя словы: "Я – Маці Божая Ружанцовая. Трэба працягваць штодзённа маліцца на ружанцы".

А, дарэчы, ружанцовая малітва - гэта першае, што прачыталі лепельскія пілігрымы, як толькі селі ў свае аўтобусы яшчэ ў Лепелі. Даведаўшыся пра сучаснае развіццё і праблемы шумілінскай парафіі, рушылі далей, вядома ж, з ружанцовай малітвай.
Наступная святыня - касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста ў Наваполацку - сустрэла велічнасцю і дажджом.

Але пахмурнае надвор´е ніколькі не азмрочыла лепельскіх пілігрымаў, а, наадварот, надало грандыёзнасці наваполацкай святыні. Памаліліся, павіталіся з пробашчам касцёла і... ледзь не засмуціліся. Справа ў тым, што мясцовы ксёндз не паспеў прывезці персанальна для пілігрымаў арганістку-навапалачанку.

Выручыла лепельская парафіянка Людміла Кунчэўская. Сэрцы напоўніліся верай, надзеяй і любоўю, калі чароўныя рукі Людмілы паплылі па клавішах аргану. Калі скончылася музыка, не заўважыў ніхто, бо душы пілігрымаў яшчэ ляталі ў неверагодных арганных гуках.

Верхнядзвінскі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч адразу пры першым поглядзе ўлюбіў у сябе лепельскіх пілігрымаў.

Яго мілагучны голас і яскравы гумар завалодалі сэрцамі лепяльцаў.

Ксёндз Аляксандр распавёў пра гісторыю касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі яшчэ з сераднявечнай даўніны. Год пабудовы сучаснага будынка таксама заслугоўвае адзнакі - 1809. Асаблівую ўвагу ксёндз надаў асобе бласлаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які нёс служэнне ў Верхнядзвінску ў гады Другой сусветнай вайны і прыняў пакутніцкую смерць за веру. Памаліліся ў невялічкай капліцы, зрабілі агульны фотаздымак.

Рушылі далей, у Росіцу.

Што такое росіцкая каталіцкая святыня?

Гэта памяць, боль і гонар.

У 1943 годзе толькі за тры дні ў Росіцы былі знішчаны 1528 чалавек.

Двое росіцкіх бласлаўлёных ахвяравалі сябе за душы загінулых.

Ксяндза Антонія Ляшчэвіча расстралялі за тое, што вымольваў вызваліць дзяцей.

Ксёндз Юрый Кашыра быў спалены з 600 росіцкімі ахвярамі.

Лепельскія пілігрымы прайшлі Крыжовы шлях са стацыямі, малітвамі, спевамі і слязамі на вачах.

Люты восеньскі холад і ледзяны вецер ніхто не заўважаў на шляху ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы да месца спалення мірных жыхароў.

Перад вачыма стаяў і адчуваўся толькі той жудасны боль і жах, які вытрымалі пакутнікі. Асабістае пажаданне заступніцтва пілігрымы вымольвалі пацалункам крыжа, які ўстаноўлены на месцы трагедыі.

Пілігрымка завяршылася. Што засталося ў думках і сэрцах? Чысціня, супакой і вера ў Пана Бога і ў людзей. Мы зможам усё, калі будзем разам з Езусам, Марыяй, усімі святымі і бласлаўлёнымі, са сваімі духоўнымі айцамі і з тымі, хто кожную імшу побач з намі - нашымі супольнымі парафіянамі. Вось каментарый пасля пілігрымкі лепелькі Алесі: “Дзякую ўсім за цудоўную пілігрымку! Уражанні і эмоцыі незабыўныя”. І гэта сапраўды так.
З Богам!
Кастрычнік-2025.
![]() НРАВИТСЯ 1 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |
Пилигрымы, это тоже самое, что и поломники?
Терентий, у тым ліку. Па-простаму: пілігрымка - гэта бадзянне з мэтай. Чамусьці прынята лічыць, што рэлігійнага накірунку.