10 мар 2021 в 08:32 — 4 года назад

15. Светлы шлях. ЗАБІВАЛІ І ПРА НАСТУПСТВЫ НЕ ДБАЛІ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 2, за неделю: 4, всего: 1411

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Вайна ўвесь час забірала чыесці жыцці. А людзям якая розніца, ад чыёй рукі загіне родны чалавек? У яго смерці заўсёды будзе вінаваты забойца.

 Група партызанаў пад кіраўніцтвам Шалахудзінава па нейчым даносе арыштавала таварыша старшыні калгасу Кубара – галоўнага падпісанта паклёпаў на аднавяскоўцаў у 30-я гады. Яму інкрымінавалі хаўрусніцтва з акупантамі і павялі па дарозе на Стайск, каб судзіць трыбуналам як здрадніка радзімы.

  Па шляху, дзесьці паміж былымі хутарамі Віленка і Будрэвічыха, арыштаваны спрабаваў уцячы ў гушчар яловага лесу. 

  Але партызанская куля дагнала небараку. Пазней атрадны энкэвэдыст, зайшоўшы да ўдавы, паабяцаў сказаць, хто з вяскоўцаў зрабіў данос, ды тая адмовілася выслухаць забойцу. Пасля аднавяскоўцы меркавалі, што, магчыма, гэта была помста “стукачу” за дзясяткі бязвінна загубленых жыццяў жыхароў вёскі Барсукі падчас масавых пошукаў “ворагаў народу”. А ўдава ўсё ж была мудрая, хоць і неадукаваная, таму не захацела ведаць даносчыка, каб больш-менш спакойна выгадаваць дзяцей і дачакацца ўнукаў, што ў яе і атрымалася паспяхова.

 А на хутары Барок разгулялася сапраўдная драма.

 Сапсаваўся рухавік у нямецкай бронемашыне. Гэта была грозная баявая адзінка з бранёй таўшчынёй у два пальцы, вежай з гарматай, двума буйнакалібернымі кулямётамі. Унутры маглі размясціцца каля ўзводу вайскоўцаў. Стаяў бранявік на васьмі парах гусматычных колаў. Спіхнулі немцы баявы сродак на з’езд з шашы, а самі з’ехалі ў Лепель па цягач, пакінуўшы вартаваць старога, мо гадоў каля 60, немца, узброенага дапатопнай стрэльбай, прыгоднай хіба ў якасці дручка. Першымі згледзелі цуда-тэхніку хлапчукі, і хутка аб тым ведалі ўсе Барсукі. Вечарам да браневіку наведаліся партызаны і першай справай забралі правіянт, а затым хацелі застрэліць немца. Але там было шмат вяскоўцаў, і жанчыны даводзілі, што рабіць гэта нельга, бо за смерць старога ваякі акупанты заўтра спаляць вёску ды могуць пастраляць і людзей. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб не з’явіўся нейкі партызанскі камандзір. Ён аддаў загад зняць з браневіка ўсё ўзбраенне, а вартавога не чапаць. Кацярына Багдановіч і Міхаліна Цяліца адаслалі падлеткаў дахаты, каб прынеслі што-небудзь з харчоў пакарміць небараку, які ад страху мову страціў.

 Калі ўзбраенне і боепрыпасы былі забраныя, камандзір загадаў усім адысці, а сам кінуў процітанкавую гранату ў адчынены люк і паваліўся ў прыдарожную канаву. Выбух сарваў вежу, пагнуў і паламаў усё, што было ўсярэдзіне. Ад грознай машыны засталася куча металалому.

 Апоўдні прыйшоў цягач, але забіраць не было чаго, апрача вартавога. Наступстваў для Барсукоў ніякіх не было.

 Прастаяў той бранявік аж да 50-га году. Колы мальцы парэзалі на мячыкі. Скакалі тыя добра, але калі пры гульні ў лапту шар з гусматыку трапляў у спіну, дык было балюча. Затым прыехалі аўтагеншчыкі і парэзалі крупаўскую браню на кавалкі, каб адвезці на пераплаўку і вырабіць штосьці карыснае для дзяржавы.

 У сярэдзіне мая 1942 году мая маці сабралася з Валовай Гары ў Барсукі, каб наведаць бабулю Міхаліну. Праводзілі нас бабуля Анэта і старыя Левановічы. Вядома, што ісці без пачастунку было няёмка, і Анэта паклала ў зрэбную торбу вялікі бохан хлеба і торбачку з соллю, а Левановічыха – глечык з мёдам і шматок сала. Прайшоўшы Гардзіёнкава поле, маці пайшла напрасткі праз Малое Ляда і раку Цягбіцу.

 Выйшлі мы на лужок насупраць барсукоўскага пасёлку Навіны. Першае, што кінулася ў вочы, дык гэта па-сіроцку самотны комін на месцы хаты бабулінага суседа. Маці ўзяла мяне за руку, і па мяжы між агародамі мы хуценька падышлі да вуліцы. Бабуліна хата была на месцы, толькі ўвесь час з усходу адчуваўся вельмі непрыемны пах. На месцы суседавай хаты было бачнае пажарышча ды ніжні абгарэлы вянец. Згарэў нават паркан і стаялі толькі дубовыя слупы.

 У двары нас сустрэлі бабуля Міхаліна і Міша з Зюняй. Пасля прывітальнай мітусні пачаліся размовы аб жыцці ды розных падзеях і здарэннях у Барсуках. З большага гаварыла бабуля Міхаліна:

 - Гэта ж трэба, сусед як бы і разумным сябе лічыў, а нарабіў шмат бяды сабе, і сям’і. Сына д’яблу ў пашчу скіраваў – у тыя народнікі. Але пасля размовы з братам Гаўрылам адклікаў назад. Ну, мальцы і дэзерціравалі ўчацвярых са зброяй. Вось немцы і спалілі хату. Цяпер сям’я жыве ў брата, а сам – у матчынай хацінцы. Сын Вася, дужа добры малец, падарваўся гранатай, глушачы рыбу. Перад вайной бацька не дазволіў жаніцца на дачцэ Караля Цяліцы – Адэлі. Крычаў, што не дасць прывесці ў сваю хату дачку ворага народу. Старая Караліха казала, што і ён прыклаў руку да арышту бацькі Адэлі. Падобныя суседу ўмелі толькі красці ды пісаць паклёпы. Усю бульбу калгасную на глыбіню ў тры метры закапалі ды без душнікоў. Згнілі ўсе ямы. Цяпер нядобры пах на ўсе Барсукі стаіць. А тыдзень назад прыходзілі партызаны ўначы ды напіліся ў некага самагону. Прачнуліся толькі раніцай. Давялося хавацца па хатах. А тут і машына нямецкая праехала ў бок Гарадка. Хацелі ўжо падацца ў Ляшчыннік, ды напрыканцы нашага агароду ад шашы выйшаў немец. Нас на падлогу паклалі, а па ім стрэлілі. Той і паваліўся ніц. З перасцярогай падышлі да забітага, забралі зброю, амуніцыю, бінокль, вопратку і пайшлі ў лес. А нам што рабіць? Спаляць вёску, паб’юць людзей. Дык я кажу Адольку: бяжы, сынок, да Юзіка, Франіка, ды схавайце цела немца. Ну, дык мальцы адцягнулі забітага ў кусты. Хуценька выкапалі ямку, засыпалі зямлёй, заклалі мохам ды замаскавалі лапкамі. Вырашылі, што гэта быў нямецкі разведчык. А я хвалююся. Не дай божа, калі знойдуць закапанага. Машыны ж амаль кожны дзень заязджаюць. Курэй усіх ужо пералавілі. Адну толькі схавала пад печкай…

 Далейшая размова мне надакучыла, тым больш, што Міша паказаў дзве гільзы ад патронаў, а з-пад яго кашулі высоўвалася лязо вялікага нажа. Гільзы мы загналі ў першы вянец хаты, дзе ўжо сядзела з дзясятак іх. Вялікі нож аказаўся нямецкім цесаком, які прымацоўваўся да нямецкай стрэльбы бы штык. Міша закінуў халодную зброю на гарышча хлеўчука. Пасля вайны я памяняю яго на рагатку з чырвонай гумы. А гільзы застануцца тырчаць у бярвёнах і па сённяшні дзень.

 Дахаты мы сабраліся, калі сонца спусцілася амаль да вершалін высокіх ялін. За час гасцявання на старым белым коніку талакой пасадзілі бульбу на бабуліным агародзе, пакінуўшы пад гародніну лепшую частку зямлі.

 У Валову Гару ногі неслі мяне так, што маці ледзьве паспявала. І ўсё ж прыйшлі, калі сонца схавалася за небакрай.

 Паблізу хаты Левановічаў нам сустрэлася цётка Анця. Брала ваду са студні. Распавяла нам, што днём прыблукаў Яська Мацкевіч ды вербаваў моладзь уступаць у нейкія народнікі альбо ехаць у Нямеччыну працаваць. Залатыя горы абяцаў.

 - Я і свякроў такі адлуп далі, што паліцай назваў нас дурнымі і больш не з’яўляўся, - дзялілася дзённымі навінамі Анця. - Кажуць, што Ігнат падпісаў нейкую цыдулку. Чалавек сямейны, двор сыноў, жонка працавітая – і чаго чалавеку не хапае? Тым больш, што ўжо ў палоне пабыў. Ад вас ён выбег бы апараны. Яму Анэта з Агнешай выдалі па самую завязку. Ты ж, Уладзечка, ведаеш, што за Агнешай не заржавее. Цяпер Яська начаваць з паліцаямі будзе дома. Кажа, што з аднавяскоўцамі ён ліберальнічае, а ў іншых вёсках не будуць цырымоніцца і адразу да сценкі паставяць тых, хто супрацоўнічае з бандытамі, а на падворкі пусцяць “чырвонага пеўня”.

 Ужо дома мы даведаліся, што за сушняком у вёску прыехалі падводы з Лепеля і Каменскай зоны. Нарыхтоўка будзе весціся ў нізкіх месцах, дзе шмат сухога алешніку са змерзлым хвойнікам. Вывазку наладзяць праз Вокана. Сушняк удвая лягчэйшы за жывыя хлысты, таму дровы з яго нарыхтоўваць нашмат выгадней. Яська ўжо праверыў “аўсвайсы” нарыхтоўшчыкаў. Яны сапраўды мелі дазвол нарыхтаваць і вывезці 800 раўметраў дроў. Плата будзе налічацца з паловы гэтага аб’ёму, здадзенага хлебапякарні.

 У дакументах было дапісана, каб мясцовыя ўлады садзейнічалі мерапрыемству. Паказаць месца высечкі запрасілі дзеда Юзіка. Правёўшы дзень з дрывасекамі, увечары ў размове з пляменнікамі стары выказаў сумненне адносна намераў акцыі. Падазронасць выклікаў акцэнт некалькіх дрывасекаў і няўменне трымаць у руках пілу з сякерай. Але дзед папярэдзіў мальцаў, каб ні слова не пераказалі жанчынам, бо назаўтра аб тым будзе ведаць ўся Валова Гара, а, значыць, і Яська. Загінуць, магчыма, невінаватыя людзі.

 Вайна Ў Валовай Гары і Барсуках працягвалася практычна без баявых дзеянняў.

2021

(Працяг глядзець тут.)



Метки: Шуневіч Анатоль

НРАВИТСЯ
4
СУПЕР
1
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ





10 мар 2021 в 11:08 — 4 года назад

Што цікавага - тое, што з цягам гадоў НІЧОГА не зменяецца! ...алі і пра наступствы не дбалі. І ТАДЫ І ЗАРАЗ!

1


11 мар 2021 в 14:09 — 4 года назад

С учётом того, что до 17 ноября 1944 в Вермахт призывались только мужчины от 18 до 45 лет, то кто-то немного лукавит...

1


11 мар 2021 в 16:23 — 4 года назад

Swetlana, вокруг Вермахта была куча всяких вспомогательных подразделений и туда брали более зрелый контингент. И, м.б., осознав попадание в плен, немец от испуга резко состарился внешне, или он мог быть хорошим актёром и успешно сыграл роль старца, или ... .





Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ