Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут .)
На Тройцу 1942 году мы з маці наведалі яе родных у Барсуках. Яна была задаволеная спатканнем з роднымі, а я радаваўся, што памяняў бацькаву егерскую шапку на сапраўдную будзёнаўку з вялікай чырвонай зоркай.
А ўначы на Мінскай шашы прагрымеў выбух. Дасужыя падлеткі пабылі на месцы здарэння і прынеслі навіну, што падарваўся партызанскі мінёр, які перад тым падарваў бетонны мост на балоце за паваротам паміж Барсукамі і Ніўкамі.
Стараста адрэагаваў хутка: загадаў цела аднесці далей у лес і пахаваць, а ўтвораную выбухам варонку закапаць і закідаць камянямі. Вось толькі зняць шмаццё вопраткі і цела бедака з высокай старой бярозы не змаглі, і яны яшчэ доўгі час там віселі. Цяпер і той бярозы ўжо няма, а месца пагібелі аднаго з першых партызанаў засталося толькі ў памяці барсукоўскіх старажылаў.
Вядома, што Міша Занько не вытрымаў, каб не наведаць месца трагедыі.
Узяў з сабой і мяне. Я добра запомніў тое месца. Час ад часу там спыняюся, калі праязджаю па Мінскай шашы.
Вяртаючыся з месца падрыву праз Барок, пачулі голас Дзеда Мароза. Так па-вясковаму называлі старога Багдановіча за тое, што ён быў сівы бы лунь. Дзед абураўся і лаяў свайго ўнука Віцю, якому давяраць увогуле нельга, бо яму зманіць, што старой бабе два пальцы абпісаць. А абураўся дзед таму, што, седзячы на прызбе, убачыў унука і, ведаючы яго звычку маніць, папрасіў:
- Падыдзі, унучак, да мяне ды змані што-небудзь. Пасмяёмся разам.
- Ай дзед, няма часу займацца глупствамі, - адказаў Віця. – Вось мама Кацярына лазню вытапіла, дык паслала мяне за бялізнай і венікам. І навошта ёй сярод тыдня тапіць лазню? Але ж мужыкі першымі павінны мыцца. Таму спяшаюся.
Дзед таропка ўзняўся з прызбы ды паспяшаўся дахаты. Захапіўшы бялізну і венік, стары прытупаў да лазні і, адчыніўшы дзверы, убачыў, што печка не распальвалася. Абурэнне Багдановіча не мела мяжы. Унук потым доўга не паказваўся на вочы дзеду Марозу.
Пасля полудня вярнуліся дахаты мужыкі, якіх камендатура мабілізавала на размінаванне пастаўленых партызанамі мінаў. У асноўным гэта былі вяскоўцы непрызыўнога ўзросту, ад шасцідзесяці год, але маглі перасоўвацца на нагах. У Барсуках такіх знайшлося каля 20 чалавек. Прозвішчы ўсіх сёння немагчыма згадаць, але я памятаю, што ў гэтую каманду трапілі сусед бабулі Міхаліны Міна Кунчэўскі, Пракоп Кунчэўскі, Алісей Кунчэўскі, Піліп Багдановіч, Хведар Быкаў, Язэп Кунцэвіч, Мікола Правада, Гаўрыла Урбан.
Некалькі чалавек было з суседняй вёскі Чарніцы, што ў трох кіламетрах за Барсукамі ціснецца да Мінскай шашы. Дык вось, паводле слоў Міны Кунчэўскага, немцы ў суправаджэнні двух паліцаяў сабралі дзядоў у школу і пачалі складаць пайменны спіс усіх затрыманых. Пісаў адзін з паліцаяў, а іншы перакладаў афіцэру. Калі дайшла чарга да дзеда Міны і паліцай назваў яго імя, немец схапіўся за пісталет і з крыкам: “Мінэн капут!” наставіў яго на Міну. Паліцай, як мог, растлумачыў немцу, што гэта такое імя ў вайскоўца, і толькі тады афіцэр схаваў зброю, прабурчаўшы штосьці пра дзікунскую краіну і дзікунскія імёны. Усе затрыманыя былі папярэджаныя, што за ўцёкі аднаго, будуць пакараныя смерцю 10 чалавек і знішчаныя іх сядзібы з сем’ямі.
Давялі затрыманых да з’езду з Мінскай шашы на Стайск.
Утварыўшы калону з шасці чалавек, прымусілі ўсіх у шарэнгах узяцца за рукі. Так старыя людзі рухаліся па лясной дарозе. Паліцаі іх падганялі. Нямецкія вайскоўцы, трымаючы на ўзводзе аўтаматы, выконвалі ролю вартаўнікоў. Ззаду ішоў бранявік і грузавік з вайскоўцамі ды афіцэрам.
Паліцай папярэдзіў, каб людзі пільна ўглядаліся ў дарогу і папярэджвалі аб свежа ўскапаных каляінах і не наступалі на такія месцы. Стары Алісей Кунчэўскі прабурчаў:
- А я пераступлю такое месца і прамаўчу. Дый які дурань будзе ставіць міны там, дзе ходзіць сам і мясцовыя жыхары?
І сапраўды, размінаванне лясных дарог у ваколіцах Лепеля людскім ланцугом вынікаў не прынесла. Ужо на пяты дзень пошукаў партызанскіх мін паміж Гарадцом і Воканам нямецкі салдат збочыў з праверанай дарогі на сцяжынку паўз яе. Грымнуў выбух. “Сапёры” паваліліся на зямлю, а з месца выбуху пачуўся енк пацярпелага. Прыбегшы афіцэр стрэлам у паветра ўзняў з зямлі “сапёраў” і спалатнелых ад страху паліцаяў. Падаспелыя жаўнеры вынеслі параненага немца на дарогу, дзе ён хутка і сканаў.
А на наступны дзень на праверанай дарозе падарваўся бранявік. Вынік – двое параненых. Разміноўшчыкі ўжо думалі, што іх расстраляюць. Але прыехаўшы на месца здарэння камендант выслухаў тлумачэнні афіцэра і паліцаяў ды загадаў распусціць неэфектыўную каманду.
Ужо ідучы дахаты, Пракоп Кунчэўскі сказаў брату Міну, што бачыў свежы разрыў каляіны, але неўпрыкмет злёгку прытаптаў яго нагой. На гэта дзед Міна адказаў:
- Я нічога ад цябе не чуў, брат. Ты і сам лепш памаўчы, калі не хочаш, каб назаўтра аб тым ведала ўся вёска. А то загубіш сябе і сям’ю. Чуў, што ў вёсцы ёсць “дзяцел”. Ну, а ўвогуле на гэты раз з намі быў бог.
Праз нейкі час пасля смерці жонкі рэпрэсаванага Караля Цяліцы знайшоўся брат Караліхі Язэп Кунцэвіч. І хоць ён не заспеў сястру жывой, аднак застаўся жыць у пляменніц. Чалавек ён быў хваравіты, кульгавы, але ўсё ж мужчына і майстар на ўсе рукі. Хутка змайстраваў вупраж да старога калгаснага каня, адрамантаваў калёсы і сані, нейкімі лекамі і травамі падлячыў жывёліну, і тая паціхеньку змагла цягаць плужок ды барану. Толькі не пашанцавала чалавеку. Трапіў у каманду па размінаванні. Пасля яе роспуску ледзь дайшоў дахаты з дапамогай суседзяў. Хварэў да канца жыцця.
А ў вёсцы склалася двухуладдзе. Днём зазіралі немцы, а з вечара гаспадарамі былі партызаны. Дыверсій каля вёскі не рабілі, можа, таму, што за шашой, на хутары Маліноўшчына, знаходзілася база атраду Кірпіча, які потым перарос у брыгаду. Маладых здаровых мужыкоў трэба было карміць, а харчы, у асноўным, паступалі з навакольных вёсак. Спачатку ішла падчыстка зерня ў калгасных свірнах, перахоп нямецкіх нарыхтоўшчыкаў. Малолі муку ручнымі жорнамі. Пяклі хлеб у сялянскіх печах. Сушылі сухары. Важным дадаткам у рацыён былі бульба і агародніна. Словам, не раскашавалі, аднак харчоў хапала.
За кароткі час у вёсках была рэквізаваная дробязная жывёла і немцамі, і партызанамі ў тых, хто не паспеў употайкі забіць яе сабе на мяса і схаваць. Потым ваяры абодвух бакоў узяліся за кароў, але гэта ўжо з зімы 1943 году. Памятаю, як ужо пасля вайны ў вёсцы Ствольна распавядаў малады партызан Вацік Цяліца:
- Сядзім у зямлянках, хлеба з салам наядзімся, зброі няма, каб ваяваць, а да жанчын і дзевак так цягне, што паратунку няма.
Вось часцяком і выходзілі на нарыхтоўку харчу групамі па некалькі чалавек. Атаварацца па поўнай і чапляюцца да маладзіц. Давялося кіраўніцтву брыгады папярэдзіць лясных ваяроў, што за гвалт вінаватыя будуць расстраляныя на месцы.
Дзесьці на наступны дзень нашага знаходжання ў барсукоўскай бабулі зайшла такая група нарыхтоўшчыкаў і ў нашу хату. Дачок сваіх бабуля Міхаліна загнала на печ, а суседка цётка Анюта ўзяла мяне на рукі і сказала:
- Пакуль твая маці на агародзе, я буду ёй. Мамай мяне і заві.
Як толькі адзін з “гасцей” працягнуў да цёткі руку, я захныкаў і сказаў:
- Мама, як мой татка прыйдзе з вайны, ён гэтага дзядзьку пакарае?
- Так, сынок, адказала цётка Анюта. - Твой татка на фронце афіцэр і як толькі вернецца, усякага шкодніка да сценкі паставіць.
Партызанаў нібы ветрам змяло. У далейшым цётка Анюта, дачка рэпрасаванага дзеда Караля, мной абаранялася ад чапляння партызанаў, а я з задавальненнем выконваў ролю яе сына.
Назаўтра маці вырашыла пакінуць Барсукі і пачала збірацца ў дарогу. Але зборы давялося адкласці, бо з вуліцы данёсся рык грузавіка. Мы, дзеці, у гэты час гулялі ў хованкі. У хаце апрача яе насельніц, знаходзіліся Каралёвы дочкі цётка Анюта і цётка Ядзя. У дзверы моцна пагрукалі, затым ляснула клямка, і на парозе з’явіліся двое нямецкіх жаўнераў. Аднаму было год пад 40, другому, можа, год за 20. Моўчкі акінуўшы позіркам дзіцяча-жаночае насельніцтва хаты, малодшы зняў з плячэй аўтамат і выгукнуў:
- Бальшавік!
І накіраваў рулю на мяне. Ніхто не ведаў, што здарылася, а я стаяў аслупянелы, утаропіўшы позірк у чорную адтуліну аўтамату і разявіўшы рот. Доўжылася гэта, можа, некалькі імгненняў, але для ўсіх тое было вечнасцю. Першай у сябе прыйшла цётка Анэта, садраўшы з маёй галавы будзёнаўку з яркай чырвонай зоркай. Кінула яе пад чалеснікі. Тады стары немец адвёў ад людзей рулю аўтамату са словамі:
- Найн, кіндэр ідыёт.
Потым нам перавялі гэтую фразу як “не, дзяцёнак дурань”.
Далейшы дыялог візіцёраў быў такі:
- Матка, яйка, млека!
Бабуля выгукнула нейкім змененым ад страху голасам:
- Зюня, пад печку па яйкі!
Пад печкай сядзела чорная курыца, якая амаль кожны дзень адкладвала па яйку для меншых дзяцей. Зюня дастала адтуль чатыры яйкі і падала немцу. Той, забраўшы “трафеі”, сказаў:
- О, матка, гут-гут.
Падзяліўшы здабычу, акупанты пакінулі хату. Праз гадзіну напоўненая нарабаваным скарбам нямецкая машына пакінула Барсукі і праз пасёлак Зорка скіравалася на Лепель.
Мы з маці заспяшаліся ў Валову Гару, каб хутчэй пакінуць небяспечныя Барсукі.
(Падзеі адноўленыя паводле ўспамінаў аўтара і праведзеных ім апытанняў старажылаў вёсак Валова Гара і Барсукі).
(Працяг глядзець тут.)
НРАВИТСЯ 5 |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |