07 авг 2021 в 08:24 — 3 года назад

19. Светлы шлях. ДЗЕЦІ ВАЙНЫ Ў АКУПАЦЫЮ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 1833

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)

 Улетку 1942 года па дарозе з суседніх Барсукоў у родную Валову Гару мама папярэдзіла мяне, каб нікому не расказваў пра тое, што здарылася з намі ў гасцях. Я паабяцаў аб усім маўчаць, але калі браток Бронічка падзяліўся сакрэтам, што ў нас на гарышчы штоноч па чарзе жывуць партызаны, і дзед Юзік ці яго сын Яська носяць ім ежу, а яшчэ што прыязджаў бранявік і грузавік поўныя немчуры, і зноў лавілі курэй, а дзядзька Франік Левановіч называў іх “курашчупамі”, у мяне таксама развязаўся язык. І я, парушыўшы дадзенае маці абяцанне маўчаць і ўзяўшы з братка слова “быць магілай”, распавёў аб тым, як мяне хацеў застрэліць немец за будзёнаўскі шлем на галаве.

 Ужо раніцой сабралася сямейная нарада ў прысутнасці суседзяў Левановічаў. Цяжка сказаць, як і аб чым ішла гутарка, але, калі прачнуліся дзеці, маці сядзела заплаканая, а дзед Юзік як заўжды заключыў размову прымаўкай: “Дурняў не сеюць, не садзяць – яны самі нараджаюцца”. Абураўся, што з добрага дзясятка жанчын не знайшлося аніводнай, каб прадбачліва спаліць у печы той шлем.

 У паўсядзённых клопатах здарэнне хутка забылася, бо, як кажуць разумныя людзі, летні дзень год корміць. Я думаў, што за здраду надаю бухлякоў братку, але той апярэдзіў пакаранне абвінавачваннем мяне самога, бо надта гучна распавядаў пра таямніцу, і сястра Тоня ў той час прыкінулася, нібыта спіць, і падслухала нашу размову.

 У дзяцей даволі хутка забываюцца непрыемныя моманты жыцця, асабліва, калі яны не нясуць вялікіх наступстваў. Так было і ў нас, тым больш, што ўсе дарослыя завіхаліся на сенажацях, а падлеткі – у лесе ў ягадах альбо з бабулямі на праполцы гародніны. Не было часу дарослым звяртаць увагу на малых, і мы з раніцы з Бронічкам, сынам дзядзькі Ваціка, і Толем, сынам дзядзькі Барнася, накіраваліся да нашай камандзіркі Жэнькі Драгун, аднак атрымалі ад Жэньчынай бабулі “ад варот паварот”, бо яна бярэ ўнучку на праполку гародніны і раіць нам вяртацца дахаты. А дома, ужо ў сенцах, стаяла наша бабуля Анэта і ў роспачы казала дзеду Юзіку:

 - Гэта ж трэба такому цуду здарыцца – апошняя курка заставалася, думала, дзецям па яечку на гарышчы адкладваць будзе, а яна пустыя яйкі нясе.

 На гэта дзед, усміхнуўшыся ў вусы і ўзяўшы ў руку яйка, скалупнуў пазногцем чорную кропку, што прыліпла да шалупайкі, і ціха сказаў, што гэта справа таго “госця” з атраду Кірпіча, які назіраў за вуліцай у бінокль праз адтуліну ў саламяным даху. Вось ён і зрабіў дзірачку ў яечку ды праз саломінку і спаражніў дзясятак яек. Так што курка невінаватая.

 Прыйшоўшыя ўвечары з працы мужчыны забралі з сяней драбіну, а седала для партызанскіх назіральнікаў дзядзькі Вацік і Бронік змайстравалі ўнутры даху хлява, што стаяў наводшыбе і забяспечваў лепшы агляд усёй вуліцы-дамбы. Курыных гнёзд ля новага назіральнага пункта не было.

 Дамба канала для вяскоўцаў мела практычную значнасць. У ёй сяляне рабілі нішы альбо падкопы. Затым бакі падкопаў выкладвалі тонкімі драўлянымі бярвёнамі, а паміж такой сценкай і зямлёй закладвалі пласт трыснягу. Ён дазваляў удвая даўжэй служыць пабудове, не дапускаў да шчылін пясок, у ім мышы не рабілі гнёздаў. Накат столі рабілі на ўзроўні сцен і вышыні дамбы. Дах клалі з тоўстага пласту саломы ці трысця. Такія пограбы і лазні існуюць да гэтага часу. Мясцовыя жыхары захоўваюць там агародніну.

 А вось лазні цяпер робяць з дымаходамі, а таму на паверхні зямлі. Ад паграбоў жа не адмаўляюцца таму, што ў іх тэмпература не апускаецца ніжэй за нуль. І толькі ў 30-градусныя маразы там ставяць вядро ці чыгун з гарачым вуголлем. Не памятаю, каб мароз калі-небудзь пашкодзіў агародніну або бульбу.

 У Левановічаў было два такіх скляпы. У адным трымалі агародніну, а ў другім зімавалі пчаліныя сем’і. У Шуневічаў склеп падабраўся амаль пад самы шматгадовы дуб таўшчынёй у некалькі абдымкаў. З адваротнага боку дрэва-волата знаходзіўся склеп Драгуноў ці, як тады казалі, Лоцькаў.

 Другі склеп Шуневічы прыстасавалі пад лазню, у якой дзед Юзік са Стасем Левановічам змайстравалі дубовую бочку на 500 літраў. З яе ў печку з гранітных камянёў правялі металічную трубу, а ў столі зрабілі цагляны комін. Вада награвалася даволі хутка, булькаючы бы кулямётныя чэргі. Дым лёгка выходзіў у паветра. Лазняй карысталіся не толькі Шуневічы ды Левановічы, але і суседзі, партызаны. Апошнія падземнае памяшканне выкарыстоўвалі таксама як камеру для ўтрымання штрафнікоў, палонных ці асуджаных трыбуналам на смяротнае пакаранне. Напачатку жніўня 1942 году вакол лазні-ізалятара разгарэўся канфлікт.

 Дзядзька Барнась свайго сына Толю купаў сам, а напачатку вайны ўгаварыў рабіць гэта малодшага брата Бронічку. Пры такім абслугоўванні Толя часта кпіў з нас, сваіх сябрукоў, што ходзім у лазню з жанчынамі, а таму мы не мужчыны. Вось мы і справілі плаксівы страйк з заявай аб адмове ад паслуг мацярок. І хоць дзядзька Вацік быў пад абцасам у сваёй жонкі Агнешы, аднак настояў ускласці на яго функцыі лазеншчыка хлапчукоў.

 Са мной жа ўзніклі складанасці, бо бацька ваяваў на фронце, а дзядзькам хапала клопатаў са сваімі дзецьмі. І ўсё ж пашанцавала і мне, калі абавязкі майго лазеншчыка ўзяў на сябе дзядзька Франік Левановіч. Ён меў больш вольнага часу, паколькі сваіх дзяцей з Анцяй не завёў. І хоць Анця была не надта задаволеная рашэннем Франіка, аднак мая маці запэўніла, што спіну ёй патрэ сама не горш за мужа. На тым і спыніліся. Цяпер ужо ніхто не мог нас высмейваць, што ходзім у лазню з бабамі.

 Паколькі летні дзень год корміць, сяляне увесь светлавы час выкарыстоўвалі на працу па ўласнай гаспадарцы. Закончылася сенакосная пара, пачалося жніво. Дарослыя завіхаліся ў полі, падлеткі – у лесе. А ў малых былі свае справы – займаліся гульнямі, дапамогай па двары сваім бабулям.

 Аднойчы Жэньчына бабуля дала ўнучцы заданне астудзіць курку, каб не квактала, а яйкі несла. Жэнька з імпэтам узялася за справу. Вынесла з хлеўчука штосьці накшталт таза, загадала Броніку прынесці вады. Я з цяжкасцю прыцягнуў вялікі чыгун, у якім гатавалі дробную бульбу жывёле. Хутка Жэнька прынесла чорную курку. Ззаду ішоў, квокчучы, певень, не разумеючы, куды нясуць яго сяброўку. Хутка пад перакулены чыгун была пасаджаная курка. Жэнька выліла ваду ў бляшанку, падсунула яе пад чыгунок, і мы ўсім гуртам пайшлі гуляць на дамбу. Праз колькі часу Жэньку паклікала бабуля і спытала пра курку. Тая адказала, што птушка астуджваецца пад чыгунком. Жанчына ўзняла чыгунок. Курка не падавала прыкмет жыцця.

 - Гэта ж трэба, ад курашчупаў германскіх уратавала курку, а тут свае разбойнікі ўтапілі птушку! – ледзь не плачучы залемантавала бабуля.

 На лямант прыйшоў стары Левановіч і аўтарытэтна заявіў, што курыца задыхнулася ад недахопу паветра, і дзеці ў тым невінаватыя. Не гледзячы на відавочную рэабілітацыю, дзяўчынку некалькі дзён не выпускалі на вуліцу. Затым бабуля даручыла апякаць унучку старэйшай сястры Фені, бо, як сказала старая, гэтыя мальцы-шэльмы як збяруцца хаўрусам, дык заўсёды ўчыняць шкоду, і загадала трымаць сястру пад заўсёдным наглядам.

 Праз два дні кампанія наша амаль распалася. Браты пайшлі да дзеда Юзіка круціць медагонку, а я падаўся да Крыцкага Косці, які за Левановічавым агародам на скошанай сенажаці пасвіў некалькі авечак з бараном. Косця навучыў, як абыходзіцца з агрэсіўным лідарам статку. І я, як толькі той накіроўваўся ў мой бок, клаўся на траву. Жывёліна ляжачага не біла і, атрымаўшы акраец хлеба, увогуле не пагражала нападам. А праз пару дзён нават давала памацаць рогі і пачухаць сябе за вухам. Мае ж кампаньёны не адважваліся на такі эксперымент і хадзілі да кузні збіраць актываваны вугаль ды круціць медагонку. Пасля працы дзед даваў кожнаму лусту хлеба з мёдам, свежых агуркоў і гліняную міску мёду.

 Галоўныя падзеі дня мы ўтрох абмяркоўвалі ўжо седзячы на печы. Там было нашае галоўнае месца дыслакацыі. Нават чыясьці маці, калі мы дакучалі шумлівай гульнёй, крычала:

 - Марш на печ, і каб я ад вас гуку не чула!

 Мы лезлі на печ і шэптам распавядалі свае дзіцячыя таямніцы. Напрыклад, Толя, сын дзядзькі Барнася, пытаў у Бронічкі, сына дзядзькі Ваціка:

 - Табе якая дзеўка ў вёсцы падабаецца?

 Той адказвае, што ўсе яны шкадліўкі і даносчыцы, бо нават Тоня, мая сястра, абавязкова распавядзе маці пра ўсё, што я нашкодзіў. Не, ніводная з іх не падабаецца.

 - А мне, - кажа Толя, - Феня Лоцькава падабаецца. Прыгажэй за ўсіх дзевак. Пяшчотная і ніколі не пакрыўдзіць. І не выдасць.

 Дайшла чарга і да мяне.

 - А ты чаго маўчыш? – спытаў мяне Толя.

 Ну, я і адказаў братам-сябрам:

 - А мне падабаецца Галя Алісеева, бо яна і прыгожая, і валасы ў яе сукрыстыя. Шкада, што яна на іншым краі вёскі, у клавурцы, жыве. А яшчэ яна прыгожа спявае. Калі буду жаніцца, то жонка будзе з блакітнымі вачыма і касой да пояса.

 Не памятаю падрабязна, аб чым яшчэ мы размаўлялі, але хутка з апошняга ложку раптам з рогатам ускочыла Таня, сястра Броніка, і, смеючыся, пабегла ў вялікую хату, дзе аб чымсці гутарылі Толевы сёстры Аня і Ніна, Феня Лоцькава і яшчэ дзве суседскія дзяўчынкі Лена і Надзя. Жэньку ў тэму размовы не прымалі, і тая, сумуючы, сядзела пад абразамі.

 Смеючыся, Тоня пераказала дзеўкам нашу размову, дадаючы небыліц ад сябе, і тыя надрывалі смехам жываты. Маўчалі толькі Феня з Жэнькай.

 А на печы заліваўся слёзамі Толя, а я адчуў такі сорам, што ў далейшым жыцці падобнага не зведаў. Мне, вядома, было лягчэй, чым брату, бо мой аб’ект пакланення адсутнічаў.

 - Я ім пакажу. Я ім адпомшчу, - скрозь слёзы шаптаў хлопчык.

 Прыйшоўшая з агароду бабуля асудзіла дзеянні Тоні і насмешніц. Забараніла цвяліць мальцаў. Прыгразіла, што, калі хто распусціць язык, для таго ў чалесніку стаіць дубец, а на вешалцы вісіць бацькава дзяга.

 На наступны дзень Феня, спыніўшы Толю, падзякавала хлопчыка і сказала, што ёй ніхто такіх добрых слоў не казаў, і не варта трымаць крыўду на сясцёр. Такім чынам канфлікт паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі быў уладжаны, і дзеці сталі жыць па-ранейшаму мірна, хаця не абыходзілася і без спрэчак.

2021

(Працяг глядзець тут.)



Метки: Шуневич, Геноцид на Лепельщине, война на Лепельщине, Валова гора, Барсуки

НРАВИТСЯ
7
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ