Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут.)
Неяк да дзеда Юзіка з вёскі Бяседы прыехаў на шэрым коніку, запрэжаным у лёгкія саначкі, якія па-мясцоваму называліся вазком, Мазго Мікіта. З вазка сыны дзеда, Яська і Фрэдзя, з дапамогай дзядзькі Броніка, выцягнулі некалькі зрэбных мяхоў і перанеслі ў сені. Дзед Юзік запрасіў госця адпачыць з дарогі за чаркай і перакусіць тым, што бог даў. Кампанію ім склаў і дзядзька Вацік.
У гэты час мая маці і цётка Агнеша накіраваліся ў склеп, а цётка Стася – у пограб. Узнялі масніцу падлогі ля сценкі хаты і запоўнілі мяхі бульбай у абмен на гарох, што прывёз Мікіта.
Гарох потым двойчы перамолвалі ў жорнах і спрабавалі пекчы з гарохавай мукі бліны. Але мне дый Бронічку яны не падабаліся. Потым баба Левановічыха навучыла, як гарох пражыць на патэльні, як дадаваць у жытні хлеб, кажучы, што гарох вельмі карысны для здароўя.
…Вядома, што і я з малым Бронікам цікавіліся размовай дарослых за сталом. А там ішла гутарка аб дыверсіі ў Дражне. Мікіта казаў, што ніводзін з партызанскіх атрадаў не прызнаўся ў датычнасці да акцыі на аэрадроме мінулай ноччу, і хто там учыніў такі перапалох, засталося невядомым. Быццам сярод ночы хтосьці адкруціў кран паліўнай цыстэрны, з якой запраўляліся браневікі і, часам, прыземленая на ноч “рама” дый іншыя самалёты, чыніўшыя партызанам шмат клопатаў падчас чарговых акцыяў у лепельскай і ўшацкай партызанскіх зонах. Паліва раўчуком запоўніла ўваход у варожую зямлянку, затым прабралася ў траншэю і ў адзін з дотаў, дзе зберагаліся выбуховыя запасы. Не пацярпеў дот, што знаходзіўся за дарогай на Прудок, бліжэй да высокай выспы. Як здарылася, што хтосьці падпаліў паліва, невядома, але зніклі вартавыя. Загінула змена варты. Змог выскачыць з зямлянкі толькі кіроўца браневіку з апёкамі і без штаноў. А калі пачаў выбухаць боезапас доту, дык увогуле нельга было блізка падступіцца да месца пажару. Хутка выбухнула і цыстэрна, пашкодзіўшы “раму”.
Пад раніцу з Лепеля і Бароўкі прыехала нямецкае начальства. На допыты выклікалі вяскоўцаў і паліцаяў. Але нічога датычнага да здарэння следчыя не высветлілі. Амаль усе дапытаныя казалі, што ў вайскоўцаў было кепска з дысцыплінай. Камандзіра паліцыянтаў знайшлі толькі на досвітку ў суседняй вёсцы Забыліна, яшчэ не працверазеўшага з вечару, і адразу арыштавалі, а нямецкіх жаўнераў адразу паабяцалі скіраваць на ўсходні фронт. Сабраўшы даволі ўнушальны кантынгент вайскоўцаў з аховы аэрадрому і пад прыкрыццём двух браневікоў экспедыцыя накіравалася ў бок Прудка, але адразу на ўзлессі першы бранявік наехаў пярэднім колам на сваю супрацьпяхотную міну. Тады з лепеля прыйшоў загад сабраць манаткі, падарваць доты і пераходзіць у вёску Стаі пад падпарадкаванне каменданта стайскага гарнізону.
Невядома, якія высновы зрабілі акупанты з дыверсіі на аэрадроме, але на фоне пачатку рэйкавай вайны і разгрому гарнізонаў, а таксама пагаршэння шляхоў зносінаў з фронтам, вялікай значнасці тое не мела. Вось толькі ў партызанскай зоне Лепельшчыны мы не бачылі надакучлівую “раму” даволі працяглы час, і яна не перашкаджала дзецям бегаць па вясновых праталінах босымі.
Можа праз тыдзень пасля таго, як адбылася дыверсія на аэрадроме, да нас завітала з Зацяклясся цётка Франуся.
Яе суправаджаў муж Казлоўскі Яська. Адну нявестку ў такі неспакойны час свякроўка, вядома, не магла адпусціць, і як толькі на пару дзён камандзір атраду пусціў яе сына наведаць сям’ю, цётка ўгаварыла старую адпусціць двох наведаць у Валовай гары сваю маці і блізкіх родзічаў.
Калі я прачнуўся, у хаце было даволі людна. Былі старыя Левановічы, дзед Юзік з сынам Яськам і дачкой Стасяй, уся нашая сям’я: мая маці з цёткай Агнешай, дзядзька Вацік з дзядзькам Бронікам. Цётка Франуся плакала і казала, што яна не дазволіла б маці пайсці дапамагаць нявестцы Лёні ў той паліцайград, як завуць Лепель ушачане і партызаны. Казала:
- Калі б толькі я ведала, дык праз ноч прыбегла б у Валову Гару.
Раптам дзед Юзік падклікаў пальцам дзядзьку Броніка да сябе, сказаўшы нейкім нязвыклым голасам:
- Хадзем да мяне, пляменнік. Дапаможаш мне.
Да мяне дайшло, што дзед хоча сабраць гасцінец гасцям, дык можа і мяне мядком пачастуе. Зайшоўшы праз сені ў сваю палову хаты, стары сказаў:
- Пляменнік, я табе што казаў? У вёсцы ёсць “дзяцел”. Дык ты хочаш, каб яе спалілі? Другую Слабодку захацелі мець?
Вядома, я нічога не зразумеў, бо на сасне каля Кашурынай хаты амаль кожны дзень дзяўбе ствол дзяцел і шкоды яшчэ нікому не зрабіў. А дзед Юзік не адступаў ад мальца:
- Хто быў з табой?
- Адкуль я ведаю, дзе хто бывае, - агрызаўся дзядзька Бронік.
Тады дзед Юзік больш лагодна, як мне здалося, спытаў:
- Хоць чыста зрабілі?
- Камар носа не падточыць, - адказаў Бронік.
Я вельмі добра засвоіў навуку не лезці ў размову старэйшых, але для сябе адзначыў, што дужа брэша дзядзька Бронік, бо ў хаце шчыльныя вокны і дзверы, а камары не толькі насы праточваюць, але і самі пралазяць, і за ноч скусваюць незахінутыя коўдрай часткі цела. Не дарэмна дзед Юзік кажа, што наша вёска – гэта царства камароў і ўсялякай заедзі.
Хутка мяне размова дзеда са сваім сынам, а маім дзядзькам Бронікам перастала цікавіць, тым больш, што з нашай паловы хаты чуўся голас дзядзькі Яські Казлоўскага і гучны смех прысутных.
А расапавядаў зацякляскі дзядзька пра тое, як партызаны знішчылі нямецкі гарнізон у вёсцы Велеўшчына, што знаходзіцца на Барысаўскім шляху:
- У немцаў заставалася апошняя артэрыя паміж Лепелем і Барысавам, таму сутычкі з партызанамі здараліся даволі часта. Той раз мы атакавалі на досвитку. Адразу закідалі гранатамі хаты, дзе начавалі паліцаі. Тыя ў адных сподніках вылазілі праз вокны і траплялі пад наш агонь. Ацалелыя па вясновых праталінах беглі ў бок Сталюгаў, дзе кватэравала ахова шляху. А вось штаб гарнізону, дзе былі нямецкія жаўнеры і афіцэры, арганізаваў нам адпор. Працаваў кулямёт, лескаталі аўтаматныя чэргі. Кіраваў атакай камісар брыгады. Нам садзейнічалі прысядзібныя платы, ранішні змрок. Яны перашкаджалі ворагу прыцэльна страляць. Але і нам дводзілася страляць, лежачы на пузе, бо сляпыя кулі не давалі ўзняць галавы. Ужо двое нашых былі параненыя. А камісар крычыць: “Наперад! За радіму! За Сталіна!” Зад ён задзірае, а галаву ўзняць не можа. Ведае чалавек, што атакаваць – гэта смерць усяму ўзводу і яму ў першую чаргу. Да нас падпоўз Быкаў Іван з Барусукоў. Кажа: “Мне б гранату – у нашых нічога падобнага няма. Хутка развіднее, і ўсіх пакладуць – са Сталюг падмога прыдзе”. Кажу яму, што ў камісара супрацьтанкавая граната маецца, але ж яна цяжкая, каля кілаграма вагой, не дакіне. А Быкаў ростам каля двух метраў і паўнатой за сто кілаграмаў. Камісар чуе размову і падае гранату. Кажа Івану, каб кідаў яе паміж кулямётнымі чэргамі, а мы падтрымаем і адразу пойдзем у атаку. Пераказалі намер мальцам, што ляжалі за намі, і Іван папоўз наперад, трымаючы гранату ў руцэ, а атакоўцы распачалі пальбу ў бок пабудоў. Як толькі замоўк кулямёт, Іван устаў і з усёй сілы шпурнуў гранату так, што тая, пераляцеўшы паркан, ударылася аб вугал трысцена і гахнула так, што ўзняла нават дах хаты разам са сцяной, перакінуўшы кулямёт і раскідаўшы кулямётчыкаў. Вось тады мы ўсім узводам кінуліся да хаты, дзе заселі немцы, але супраціўляцца ўжо не было каму. Шасцёра фрыцаў былі забітыя і параненыя, а двое кінуліся на ўцёкі, але іх перахапілі нашыя, што вярнуліся з пагоні за паліцаямі.
- А палонных дзе дзелі? – спытала цётка Агнеша. – Можа самалётам на вялікую зямлю скіравалі?
- Не, - адказаў Яська Казлоўскі. – Яны бульбу пайшлі перабіраць у бульбяной яме. А самалётам мы скіравалі трох параненых партызанаў.
Мужчыны чамусьці засмяяліся, а мяне і Броніка мацяркі пагналі спаць, каб не слухалі ўсялякія байкі.
Праз 10 год на сенажаці я зноў пачуў гэтую гісторыю ад самога Івана Быкава. Ён дапоўніў, што замест ордэнаў камандзіры атрымалі наганяй ад камбрыга за тое, што не адначасова пачалі атаку і ледзь не сарвалі аперацыю, да таго ж не пакінулі “языка”.
2022
(Працяг будзе.)
НРАВИТСЯ 4 |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |