Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)
Ідэальна выраўненае і ўтрамбаванае Левановічава поле, што знаходзілася на ўскрайку Валовай Гары з боку Барсукоў, пасля першых маразоў 1942 году было было прыдатнае для пасадкі лёгкіх самалётаў. Цяпер амаль кожную ноч на яго прызямляліся “кукурузнікі” з ваенным грузам, а з сабой забіралі цяжка параненых партызанаў, бо баі ішлі на Пышняншчыне і ў напрамку Ушачаў.
Панёсшы вялікія страты на поўдні “зоны”, немцы спрабавалі захапіць бальшак Лепель – Беразіно, знішчыўшы бліжэйшыя да лесу вёскі.
Маці вырашыла схадзіць у Барсукі да бабулі Міхаліны. Нацягнуўшы на мае ногі буркі і прыхапіўшы з сабой гасцінцы ў выглядзе пакунку з соллю і ад Левановічыхі кавалачака сала і глечыка з мёдам. Хацела ўзяць мяне на рукі, але я катэгарычна адмовіўся, а вось з хусцінкай на галаве давялося змірыцца, бо зімовай шапкі ў мяне не было, а па версе хусцінкі нацягнула летнюю кепку.
Па краі поля мы выйшлі на дарогу, што вяла на Гардзіёнкаў хутар. Цераз Кесту маці ўсё ж угаварыла перанесці мяне на руках, скінуўшы свой абутак, каб я не замачыў ногі ў рачным патоку.
Хутка выйшлі на ўскраек вёскі Барсукі. Ужо толькі пяць хат засталося на месцы пасёлку Лыскі, а замест астатніх сітраліва чарнелі печы з высокімі комінамі і груды галавешак. Дзе-нідзе ў аддаленні ацалелі лазні і хлеўчукі.
Каля адной жывой хаціны нас спаткаў сярэдніх гадоў чалавек. Зняўшы шапку, пакланіўся нам і сказаў:
- Дзень добры, пані Ўладзіслава! Рады бачыць вас ў добрым стане.
Маці адказала:
- І вам добры дзень, пан Іпаліт Антонавіч. Што новага ў тваім жыцці? Можа гаспадыню ў хату прывёў?
Мужык неяк пасуравеў, затым махнуў рукой, сказаўшы:
- Ат, яшчэ паспеецца – толькі сорак мінула. А мой бацька Антон Буевіч у 45 ажаніўся, і дзяцей нарадзілі – на печы не ўмяшчаліся. Усяму прыходзіць канец – калі-небудзь і вайна скончыцца, тады будзем думаць.
Гаворка дарослых мне была незразумелая, і я за руку пацягнуў маці. Яна развіталася з дзіўным чалавекам, і мы, перайшоўшы мост над Цягбіцай, праз колькі хвіляў былі ў абдымках бабулі Міхаліны.
Нас радасна атачылі сёстры маці – мае цёткі – і мой стрыечны брат Міша Занько.
Увечары, седзячы ля каміну, маці ўзгадала сустрэчу з Ігнатам Буевічам. Бабуля распавяла, што яго ў вёсцы чамусьці клічуць Гіполікам, мо таму, што лягчэй вымаўляць. А ўвогуле ён чалавек бяскрыўдны. Стары дзяцюк. Адзін застаўся. Бацькі памерлі. Амаль усіх блізкіх знішчыла сякера бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Неяк двое суседзяў падгаварылі прастака схадзіць да старой Караліхі, жонкі рэпрэсаванага Карла Цяліцы, каб сасватаць старэйшую дачку Адэлю, якая да вайны скончыла курсы медсёстраў і атрымала накіраванне ў Заходнюю Беларусь. Даведаўшыся, чаго прыйшлі мужыкі, дзяўчына збегла з хаты. Сваты засталіся чакаць пачастунку і, вядома, бутэлькі. Старая Караліха, каб больш прыстойна ўсё выглядала, спытала сватоў, ці хочуць тыя вячэраць. Вядома, тыя пагадзіліся, і жанчына, дастаўшы з печы чыгунок з бульбай, паставіла яго на стол, затым прынесла вялікую гліняную міску. Наліўшы з глечыка сыраквашы, паклала на стол тры вялікія драўляныя лыжкі. У аднаго свата адразу чамусьці забалеў жывот, знік за ім і другі. Толькі жаніх павячэраў бульбай з кіслым малаком і яшчэ доўга размаўляў са старой, пакуль тая не заснула пад яго байкі. Доўгі час вяскоўцы смяяліся з таго сватоўства. Забягу наперад: Іпаліт ажаніўся толькі пасля вайны, сасватаўшы сваю суседку Маньку, жанчыну ў гадах, жыць пераехалі ў Рожна, нарадзілі дзяцей і пражылі доўгае жыццё.
Тым жа вечарам дахаты прыйшоў дзядзька Адолька, брат маёй маці. На пытанне бабулі Міхаліны, дзе быў гэтыя дні, малец адказаў, што добра папрацавалі са сваім сябрам, і адразу лёг на ложак, скінуўшы вялікія боты. Міша Занько шапнуў маёй маці, што дзядзька сябрам называе кулямёт, пры ім ён другі нумар, а кулямётчык Гаўрыла вучыць іншага мальца.
Пакуль жанчыны дзяліліся навінамі, седзячы вакол каміна, мы, дзеці, гулялі ў хованкі. Але, як ты добра схаваешся ў хаце, дзе ўсім вядомы кожны куточак? На гэты раз жмурылася самая малодшая сястра маці – Зюня.
Калі яна, заплюшчыўшы вочы, стала ў кут, дзеці разбегліся па схованках, а мяне падклікала цётка Анюта і шапнула, каб я прысеў. Зверху нада мной яна паставіла зэдлік і ўселася на яго. Падол спадніцы дзяўчыны захінуў мяне. І тут пачуўся голас “жмуркі”:
- Уду шукаць. Хто не схаваўся, я невінаватая.
Праз пяць хвілінаў амаль усе схованкі былі ўстаноўленыя. Толькі мяне не маглі знайсці. Нават курачку пад печкай патрывожыла “жмурка”. Давялося ёй здацца і жмурыцца ў наступны раз. Тады цётка Анюта ўстала са свайго месца і ўзняла зэдлік, пад якім сядзеў я, сагнуўшыся, як кажуць, у тры пагібелі. Я задраў нос ад пачуцця гонару. Аднак мой трыумф пераможцы доўжыўся нядоўга, бо Зюня, паставіўшы рукі ўбокі, сказала, што ў таго, хто сядзеў пад спадніцай жанчыны, аблезуць валасы. Абвяргаючы такую выснову, я казаў, што сядзеў пад зэдлікам, а ў таго няма валасоў. Потым заплакаў. Дзяга ў руках бабулі спыніла кпіны з мяне, тым больш, што прыйшлі пастаяльцы – шэсць партызанаў з бярэмкамі саломы і, разаслаўшы яе на падлозе, улегліся адпачываць. Міша Занько ціхенька паведаміў маёй маці, што гэтыя мальцы з кулямётнага ўзводу, сябры Адолькі.
Нядоўга яны адпачывалі. У дзверы пагрукалі і шумна з вялікімі пакункамі ўвайшлі двое мальцаў, а за імі Ганна Францаўна Казлоўская, якая да вайны працавала настаўніцай, а цяпер з сястрой і сваёй маці шыла партызанам верхнюю вопратку з нямецкіх шынялёў ды ніжнюю бялізну з парашутнага шоўку. Ганна Францаўна папрасіла цішыні і паведаміла, што ўдзельнікаў апошняга бою кіраўніцтва брыгады ўзнагароджвае галіфэ і курткамі, а таксама парай ніжняй бялізны.
З цягам часу хата запоўнілася партызанамі і суседзямі. Ядзя, Каралева дачка, прыйшла з балалайкай. Стала весела. Пад трымценне струнаў дарослыя танчылі і польку, і вальс, і нават адзін малец адскокаў барыню з прыпеўкамі. Вядома, усіх іх я не памятаю, але некалькі заселі ў памяці:
“Ты напрасна, Гітлер, злішся
І напрасна танкі шлёш –
СССР не заваюеш,
Сам в Бярлін не пападёш.
.
Сядзіць Гітлер на стагу,
Грызець конскую нагу:
Ах, какая гадзіна
Нямецкая гавядзіна!
.
Сербіянка мая мамка,
Не хадзі на уліцу –
Фрыцы сіські атарвалі,
Атарвуць і курыцу”.
Калі прыпеўкі сталі не надта цэнзурныя, Ядзя па знаку цёткі Анюты перастала іграць і трэцяя Карлава дачка Франя папрасіла:
- Анна Францаўна, праспявайце што-небудзь.
Доўга ўгаворваць дзяўчыну не давялося, і тая, рукамі паказаўшы, каб дапамагалі, заспявала. І той голас бы срэбны гук імклівага раўчука запоўніў хату. Хутка гэта быў ужо хор:
- Шумел сурова Бранскі лес,
Спускалісь сінія туманы,
І сосны слышалі акрэст,
Как шлі на немцев парцізаны.
.
В лесу спасенья немцам нет –
Лецят савецкія гранаты,
А камандзір крычыт ім вслед:
“Грамі захватчыкав, рэбята!
Закончылі спяваць, а людзям хацелася працягваць спевы. Тады Міша Занько, якому я распавёў пра спевы з Ляшкевічам, абвясціў, што цёткі Уладзі, Толік, ведае шмат песняў. Спачатку я хацеў схавацца, але маці мяне не падтрымала. А цётка Анюта паставіла мяне на зэдлік і, трымаючы за руку, ціхенька прашаптала:
- Не бойся, Я дапамагу. Рабі так, як вучыў цябе твой настаўнік-партызан Аляшкевіч. Не ганьбі свайго татку.
Мне на памяць прышлі словы песні “Ой, туманы-растуманы”, і я, гледзячы ў цёмнае вакно, ад пачатку і да канца праспяваў песню.
І калі скончыліся ўсе слупкі, у хаце запанавала цішыня. Затым хтосьці пляснуў у далоні, і запляскалі ўсе прысутныя. Увесь час мяне за руку трымала цётка Анюта, затым маці, узяўшы на рукі, адчула, што я ўвесь калачуся. А бабуля Міхаліна завойкала, кажучы:
- Толькі б зноў не захварэў…
А Міша Занько сазаў, што трэба часцей спяваць на людзях.
Ужо выходзячы з хаты, адзін партызан зазначыў, што колькі жыў на гэтым свеце, не адчуваў, каб мароз гуляў па спіне ў цёплай хаце. І гэта ад маіх спеваў.
Раніцой я прачнуўсЯ, калі ў вялікай палове хаты знаходзіліся толькі Міша і Зюня. Салома была чыста прыбраная. Бабуля і маці завіхаліся каля печы.
Пакуль я спрабаваў апрануць сваю экіпіроўку, падышла маці і дапамагла нацягнуць цёплыя шкарпэткі, бо падлога ўсё ж была халодная.
Праз нейкі час у хаце сабралася ўсё сямейства. Прыйшоў і дзядзька Адолька. Ён абвясціў, што будзе чысціць свайго сябрука Дзегцяра. Міша тут жа патлумачыў, што гэта ручны кулямёт Дзегцярова, і Адолька нікога блізка не падпусціць да працэсу. Ну, а як стане выпрабоўваць, тады і пабачым, хоць і здалёк.
Толькі скончыўся сняданак, як у хату літаральна ўваліўся Васіль, сын рэпрасаванага Юліка Цяліцы і мой стрыечны дзядзька.
Ён яшчэ з парогу абвясціў, што партызанскага асабіста Шалахудзінава арыштавалі, і ён прасядзеў у лазні ўсю ноч пад вартай. Франік распавядаў, што чуў ад Суліма, партызана з брыгады Дубава, што асабіст Шалахудзінаў застрэліў лётчыка з Вялікай Зямлі і ўвогуле хваліўся, быццам хварэе, калі за тыдзень нікога не застрэліць. А тут адразу два “шпіёны” – лётчык і штурман, абодва без дакументаў і знакаў адрознення. Ім загадалі разбамбіць мост над Бярэзінай. Заданне тыя выканалі, але, выходзячы з зоны бамбавання, былі падбітыя. Самалёт пасаділі на пуза на нейкай паляне, узялі асабістую зброю, неабходныя рэчы, падпалілі самалёт і ўздоўж Бярэзіны пайшлі на ўсход, у партызанскую зону. Трое сутак брылі, пакуль пры пераходзе Бузянкі не натыкнуліся на партызанскі патруль.
Вядома, што зброю і ўсе рэчы ў лётчыкаў забралі. Саміх прывялі ў асобы аддзел. Ноч мальцы правялі ў Стайску ў халоднай лазні. Раніцой іх выклікаў на допыт Шалахудзінаў. Лётчык сказаў, што яны былі на заданні. Яго штурман – Герой Савецкага Саюзу, лятаў бамбіць Берлін у першыя дні вайны. Параіў звязацца з Вялікай Зямлёй для высвятлення абставін.
Калі выклікалі на допыт штурмана, то асабіст адразу абвясціў яго шпіёнам, і што яго паплечнік ва ўсім прызнаўся. Той толькі рассмяяўся і запатрабаваў сустрэчы з камбрыгам ці сувязі з Вялікай Зямлёй. Партызанскаму ж асабісту прыгразіў:
- А за издевательство над кавалером Звезды героя ты понесёшь ответственность.
- Ты говнюк, а не герой! – закрычаў асабіст і выцягнуў пісталет.
І тут штурман не ўстрымаўся і з усёй моцы садануў гаду ў морду. Той з’ехаў пад стол. Штурман забраў пісталет, але потым паклаў яго на стол і пайшоў да выхаду з катавальні. Гад хутка ачуняў, схапіў пісталет і выстраліў герою ў галаву. І тут прыйшоў камбрыг. Убачыўшы дзікую расправу, загадаў разброіць асабіста, арыштаваць і аддаць пад трыбунал. Даў заданне начальніку штабу звязацца з Масквой і параіцца наконт лёсу Шалахудзінава, перавысіўшага службовыя паўнамоцтвы і здзейсніўшага забойства.
Кажуць, што ката Шалахудзінава выратаваў начальнік Упраўлення асобых аддзелаў НКУС СССР Абакумаў, забойцу перавялі ў брыгаду Дубава, а справу спынілі, быццам нічога не здарылася. Толькі лётчык на вочнай стаўцы паабяцаў, што нават праз сто год знойдзе гада, нават з-пад зямлі адкапае.
Пры пераходзе ў брыгаду Дубава на пытанне камбрыга, за што застрэліў героя, Шалахудзінаў адказаў:
- А зачем он бил мой морда?
Камбрыг прыгразіў:
- Я бы тебе яйца вырезал. У меня, если сотворишь что-то подобное, как собаку пристрелю. Без трибунала.
Забягаючы наперад, трэба сказаць, што Шалахудзінава хтосьці шукаў, і яму даводзілася ўвесь час мяняць месцы жыхарства і прозвішчы, матыляючыся па ўсім Савецкім Саюзе. Апошнім часам ён прыстаў да ўдавы Шапавалава, што жыла ў вёсцы Вокана. Гэта быў 80-ы год. І вось тут, ужо старога, яго дастала кара. Невядомыя людзі злавілі яго каля хаты і зацягнулі на могілкі. Білі смяротным боем. Ніводнай цэлай косткі не пакінулі. Думалі, напэўна, што сканаў. А ён неяк аджыў і яшчэ ў страшных пакутах пражыў амаль два месяцы. Закапалі гада на мясцовых могілках без крыжа, без слёз блізкіх, без пакаяння…
…Апрабаванне “сябра” дзядзькі Адолькі я ўсё ж пабачыў. Перад тым Міша Занько занёс у канец агароду прытоўчаную да калка кардонку. Кулямётчык даў кароткую чаргу па мішэні. Чарга склалася з 10 патронаў. У цэль трапілі чатыры. Дзядзька Адолька сказаў, што гэта для кулямёту добры паказчык. Міша тут жа сабраў гільзы і адну падарыў мне. Шкада толькі, што маці знайшла яе ў маёй кішэні і выкінула. Міша ўсе девяць гільз затоўк малатком у ніжні вянец хаты. І мы з маці, развітаўшыся з бабуляй Міхалінай і яе сёстрамі, не вёскай, а наўпрасткі, скрозь Лядца, падаліся ў Валову Гару. Праз гадзіну былі каля Левановічаў, дзе маці крыху паразмаўляла з цёткай Анцяй. Я ж марыў, як буду хваліцца перад сябрамі, што бачыў страляліну сапраўднага баявога кулямёту.
(Працяг глядзець тут.)
2022
НРАВИТСЯ 7 |
СУПЕР 6 |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Без каментару. Вазар з Юрмалы:
Допiс нашага юрмальскага земляка узьняў цiкавае пытаньне, аднак у сьвеце тых заканадаўчых актаў, што прынятыя ужо цi будуць прынятыя ў блiжэйшычас, абмяркоўвацьучынакасабiстадыйнаогулпiсацьнештааб WW-II рызыкоўна. Ва ўладзе хапае дурняў, што любое меркаваньне, не супадаючае з курсам партыi наконт захаваньня «… исторической правды и памяти о героическом подвиге белорусского народа в годы Великой Отечественной войны…», пасьпяшаюцца аб’явiць нацызмам iэкстрымiзмам.
Dzato_ichi, курс партыі наконт захавання "... исторической правды и памяти ..." такі, што і замоўчванне фактаў, дыскрэдытуюшчых "органы", таксама, могуць аб´явіць спробамі адраджэння нацызма і экстрымізма, таму можа атрымацца як у байцы Крылова пра ваўка і ягня.