Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут.)
Пасля вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў Беларусі ў многіх падлеткаў з’явілася зброя. У Фрэдзі, сына дзеда Юзіка, была нямецкая стрэльба.
Бацьку ён казаў, што знайшоў яе і некалькі абоймаў патронаў, адну з запальнымі кулямі, у кармушцы з мякінай, дзе калісьці стаяла наша карова Малютка. Будзе са стрэльбай хадзіць вартаваць бульбу ад дзікоў. Сапраўды, за час вайны іх развялося занадта шмат, і за ноч на агародзе не пакідалі і аднаго каліва. Каб я не распавёў пра схованку, абяцаў даць стрэліць уздоўж Канавы трасіруючай куляй. Сваё абяцанне ў хуткім часе дзядзька Фрэдзя выканаў.
А вось Пятрок Лук’яновіч выхваляўся бяльгіцкім карабінам з баявымі патронамі, сярод якіх былі і бранябойныя. Калі прыляцела нямецкая “рама”, то па ёй стралялі партызаны з усёй стралковай зброі, але бранаваны низ самалёта вытрымліваў звычайныя кулі. А вось на развароце ў канцы Валовай Гары ад сваёй хаты па “раме” тры выстралы бранябойнымі зрабіў Пятрок, і тая, выкінуўшы шлейф паліва, пайшла на жніжэнне і рухнула за Сідзякавым лядам на высокія сосны. За “рамай” беглі партызаны і вясковыя мальцы. Стральца хутка вылічыў начальнік боезабеспячэння Аляксандр Стрыжонак.
Дзядзька Аляксандр аўтарытэтна зазначыў, што “раму” збіў Пятрок: толькі ў яго былі бранябойныя патроны, і яго трэба ўзнагародзіць Ордэнам Чырвонай Зоркі.
Дабегшыя партызаны дабілі параненых лётчыкаў, а вясковыя мальцы выцягнулі з самалёта скрынкі, у якіх знаходзіліся невялія міны, разлічаныя на 20 хвілін бамбавання. Партызаны забралі ўзбраенне з боезапасам. Партызанскі мінёр паказаў, як працуе касетнае ўзбраенне. І ўжо падлеткі, стоячы на дамбе, нажом скаблілі заглыбленне не пятцы міны, затым запальвалі наскоблены порах (ці серу) і кідалі ў Канаву. На месцы падзення міны ўзнімаўся слупік вады, і ўсплывала рыба. Краснапёркі, плоткі і іншая белая рыба плыла па паверхні вады, а вось шчупакі, акуні спачатку ўсплывалі, а затым танулі, але іх добра было бачна на пясчаным дне Канавы, і дарослыя мальцы, скінуўшы штаны, збіралі ў кошыкі глушаную рыбу. Некаторыя бомбачкі не выбухалі, магчыма, падалі ў ваду раней загарання выбуховага прыстасавання. Хутка нас, малышоў, бабуля Малання дубцом адагнала ад небяспечнага месца. На наша шчасце ніводная міна не спрацавала раней часу.
Забягаючы наперад адносна дыверсіі на аэрадроме ў Дражне, мушу зазначыць, што мне толькі зараз, праз шмат часу, давялося ўзгадаць некаторыя падрабязнасці. Мне было ўжо 14 год, і я пайшоў працаваць у Лепельскі леспрамгас маркіроўшчыкам насуперак калгаснаму начальству, бо надакучылі галоднае жыццё ў калгасе і праца без аплаты. Нашаму ўчастку была даведзена высечка лесу каля хутару Прудок. Матарысты электрапіл нядобрымі словамі “чысцілі” тую высечку, бо амаль кожны распіл натыкаўся на асколкі, пакінутыя выбухам складоў з боезапасам напачатку вайны. Атрымлівалася так, што замест прадукцыйнай працы механікі вастрылі пакалечаныя ланцугі. Вядома, што такі вымушаны прастой адбіваўся на заробку матарыстаў і абсякальшчыкаў сукоў, і маім таксама. А вось вольнага часу ў мяне дадалося – са сваім абавязкам напрыканцы працоўнага дня спраўляўся за гадзіну. Хапала часу і рыбу павудзіць, і грыбоў назбіраць, і нават збегаць на рэчку Прудоўскую змыць пот.
Лета ў той год выдалася гарачым. І вось, ідучы на раку, сустрэў зацякляскіх дзяцей. Сярод іх былі знаёмыя. Яны і ўгаварылі не біць ногі, ідучы ў Прудок ці ўвогуле на Вокана, а пакупацца ў іх басейне. Ім аказалася вялізная яма, зробленая магутным выбухам складу боепрыпасаў напачатку вайны.
Хутка распрануўшыся, дзеці палезлі ў басейн і, вядома, я за імі. Вада мела вельмі непрыемны пах выбухоўкі (толу), да таго ж хутка закаламуцілася, і я апрануўся ды сабраўся ісці на месца працы. І ўжо выходзячы на дарогу, натыкнуўся на другі вялікі “басейн” з чыстай вадой
Давялося вярнуцца назад і распавесці мальцам пра іншую варонку з вадой. Добры знаёмы Васька, Марфін сын, у бабулі якога я кватараваў ў Вокане, калі хадзіў у школу, засмяяўся і распавёў, што там на дне ляжаць два шкілеты, бачныя, калі добра прыгледзецца. І сапраўды, калі я добра ўгледзеўся ў водную паверхню ямы, вызначыў целы двух тапельцаў. Больш я не хадзіў купацца ў непрыемнае месца, а яміны тыя існуюць да цяперашняга часу, па-ранейшаму запоўненыя вадой.
Час быў цяжкі, пасляваенны. Неяк у суботу я адпрасіўся ў майстра раней часу пайсці дахаты, быццам там мяне чакалі неадкладныя хатнія справы. А сам скіраваўся не ў сваю Валову Гару, а ў суседнія Барсукі. Ад Прудка гэта каля 10 кіламетраў. З падбегам гэтую адлегласць пераадолеў за паўтары гадзіны.
Схапіўшы сачок, зроблены дзедам Кунцэвічам, пабег на перасохлую рэчку Цягбіцу, дзе ў калдобінах лавіў рыбу, у асноўным шчупакоў, але трапляліся і налімы, якіх у нас звалі калекамі за падобныя да жабіных галовы, і нават ліны, язі, а таксама піскуны-паласацікі, названыя так за моцны піск пры пасыпанні соллю.
Мяне больш цікавілі шчупакі і мясцовыя бронзавыя карасі. Да цемры ўжо была поўная зрэбная торба рыбы. Прыйшоўшы дахаты, выбраў больш вялікіх рыбін, па кілаграму, пераклаў іх крапівой. Пасля такой апрацоўкі рыба набывае травяны пах і светлыя вочы на ўвесь дзень.
Яшчэ сонца не ўзышло, а маці мяне разбудзіла, сабраўшы сняданак з дранікаў і сырадою. Прымацаваўшы на плечы лазовую разноску з рыбай, падаўся наўпрасткі, праз Вокана і Казіныя Хрыбты, у Лепель на базар. Так я вучыўся зарабляць на больш-менш прыстойнае жыццё, бо невялікага заробку маркіроўшчыка на тое не хапала.
Спяшаўся, думаў, што буду першым на базарным прылаўку, таму здзівіўся, калі першай стала цётка Гілена з Валовай Гары, жонка даглядчыка шллюзаў Алісея. Жанчына была даволі гаваркая і адразу распавяла, што гаспадар яшчэ ў прыцемках аглядзеў мірожы і выбраў бронзавых карасёў, дадаў папярэднюю здабычу, дык яна ледзь дацягнулася. Язык у маладзіцы не спыняўся:
- З ягаднікамі мы праз Прудок, наўпрасткі, ішлі. За маладымі я ледзь угналася, цяпер хоць адпачну. А ты чый там будзеш?
І калі я адказаў, што Уладзіславы Шуневіч сын, дык жанчына завойкала:
- Гэта ж трэба, як на Шуневічаў падобны! Увесь бацька выліты. Але больш на Барнася, на дзядзьку свайго. Як вырас, выцягнуўся! Бяжыць час, і мы старэем. А ты, сынок, першы раз на базары?
Давялося мне распавесці пра сваю першую практыку гандлю. Як толькі я расхінуў разноску з рыбай, да мяне падышоў старэнькі чалавек і з першых слоў пачаў расхвальваць рыбу, гаворачы, што шчупакі такія, як яму трэба, і ягоныя будуць вельмі радыя:
- Вось толькі я стары чалавек і мне цяжка данесці пакупку, дый няма ў чым. Я табе дам добрую цану, данясі гэтую рыбу да маёй хаты.
Вядома, я з задавальненнем згадзіўся. Прайшоўшы са старым немалую адлегласць, на вуліцы Валадарскага зайшлі ў цемнаваты двор. Дзядок кудысці знік, але хутка з’явіўся з такой жа старэнькай даўганосай бабулькай. Неяк непрыкметна з усіх бакоў двара пацягнуліся жыхары дома, і я апынуўся ў атачэнні нейкіх, як мне падалося, сумнеўных людзей.
Наслухаўшыся ў дзяцінстве вясковых баек, мне стала неяк не па сабе. Старая, выцягнуўшы кілаграмовага шчупака, паказала рыбіну атачэнню, і зазначыла:
- Гэта ж не рыба – гэта музяка. І за гэты смярдзючы тавар ты, Арон, хочаш плаціць шалёныя грошы!
Такім чынам, старыя наперабой зганьбілі маю рыбу, заплацілі ці не палову цаны, і я ў роспачы збег з гэтага непрыемнага двара.
Цётка Гялена пасля майго расповяду сказала, што такім пакупнікам трэба адразу даваць адлуп:
- Вось бяры ў мяне аловак, кавалак паперы, напішы цану і трымайся яе. І больш не насі тавар на дом.
Так я вучыўся жыць у пасляваеннай грамадзе, якая поўнілася як шчырымі будаўнікамі светлай будучыні, так і прайдохамі накшталт ашукаўшага мяне дзеда.
2022
![]() НРАВИТСЯ 4 |
![]() СУПЕР |
![]() ХА-ХА |
![]() УХ ТЫ! |
![]() СОЧУВСТВУЮ |