Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут.)
Вядома, у часіны ліхалецця мне было няшмат гадоў, і памятаць усе падзеі, што апісваю, а тым больш асэнсаваць іх, я не мог. Ужо з часам сталення я з цікавасцю слухаў размовы аб вайне, распытваў пра яе родных, старэйшых сяброў, калегаў па працы, суседзяў, аднавяскоўцаў, проста знаёмых. Успаміны сведкаў запамінаў, занатоўваў пісьмова на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Прывяду прыклад, як гэта адбывалася.
Ужо падлеткам, каб неяк забяспечыць сябе больш менш прыстойнай апраткай ды ежай, вудзіў рыбу ў Бярэзінскім канале, які ў Валовай Гары па-простаму называлі Канавай, навакольных рэчках Кеста, Цягбіца, возеры Плаўна.
Вадатокі і вадаёмы тады былі настолькі багатыя на рыбу, што не толькі сям’і хапала наесціся ўволю, а і прадаваць большую частку здабычы на Лепельскім базары. Пехатой насіў рыбу з глухой Валовай Гары ў Лепель за два дзясяткі кіламетраў. Там атрымліваў не толькі грошы за тавар, але і карысныя звесткі пра падзеі падчас акупацыі. Вось адзін з прыкладаў таго.
Аднойчы на базары спаткаў аднавяскоўку Гілену, якая таксама прынесла на продаж рыбу, што здабыў яе муж Алісей. Я з задавальненнем пагадзіўся сесці гандляваць побач з ёй, ведаючы яе балбатлівасць. І хоць пра такіх кажуць, што ў іх язык без касцей, слухаць Гілену было цікава.
Пакуль мы ўладкоўваліся ў драўляным павільёне Базарнай плошчы, пачалі збірацца пакупнікі.
Да Гілены падышоў вайсковец у чыне капітана і спытаў:
- Дзе вы навудзілі такіх прыгожых рыбін, і як іх назва?
З прыкметным гонарам жанчына сказала, што яна з “партызанскай Масквы”, і рыба гэтая водзіцца толькі ў азёрах і рэках Бярэзінскай воднай сістэмы, а завецца яна бронзавымі карасямі. Такая рыба, прыгатаваная добрай гаспадыняй ды аздобленая спецыямі і смятанай, служыла раней царскай стравай. Яшчэ ўчора мой мужык паставіў мірожы, дадаў корму дзеля прынады, а сёння на досвітку праверыў – вось такі ўлоў атрымаўся.
Вядома, жанчына трошкі схітравала, каб столькі рыбы мець, трэба яе некалькі дзён назапашваць у садку. А Гілену было ўжо не спыніць. Пасля інфармацыі аб тым, як яе муж на фронце часткова страціў зрок, перайшла да падзей часін вайны ў Валовай Гары і наваколлі:
- Немец, калі Берлін бралі, кінуў пад ногі Алісею гранату. Дык мой тую гранату злавіў і шпурнуў назад. І яна, не даляцеўшы да фрыца, выбухнула. Немца напавал забіла, а майму пашкодзіла зрок, але ў акулярах добра бачыць. Вёска нашая завецца Валовай Гарой. А ў мяне радыстка жыла, дык часта паўтарала пазыўныя з Вялікай зямлёй: “Я – Масква”. Добрая дзяўчына была, год сабе дадала, каб на курсы радыстак узялі і скіравалі на фронт. А трапіла ў партызанскую зону, дзе і каханага спаткала, мясцовага хлопца, лепшага песняра і танцора. Тут і смертачку сваю знайшла. “Рама” нямецкая бомбу кінула непадалёк ад нашай калавуркі.
- Поўная хата і дзяцей, і дарослых, а асколак знайшоў яе, - уздыхала Гілена. - Пахавалі на мясцовых могілках разам з іншымі загінулымі партызанамі з усімі ўганараваннямі і салютам. Казалі вясковыя мальцы, што Бронік Анэцін пакляўся адпомсціць немцам за смерць каханай.
Сама бачыла, як ён косы заплятаў дзяўчыне пры жыцці, а калі сышоў снег, бачыла, як ён на магілу партызанаў першыя пралескі і сон-кветкі прынёс. А з вачэй слёзы цяклі. Убачыў мяне, засаромеўся, казаў што памяць аб усіх загінулых будзе жыць вечна. А я ведала, каго ён, пакуль жывы, будзе трымаць у сэрцы. Не дажыў Бронік Шуневіч да перамогі. Улетку 43-га году на хутары Мар’янова расстралялі фашысты 13 валавагорскіх мужыкоў, у тым ліку двух сыноў Анэты Шуневіч – Ваціка і Броніка. Казалі, што Бронічку адпусціў немец, але паліцай загадаў, каб той стаў на калені і дзякаваў немца, – не сунімаецца Гілена. - А юнак рассмяяўся, гледзячы ў твар забойцы. На вачах жанчын і дзяцей нямецкі кат выстраліў у вуха мальцу.
Некаторыя валагорцы кажуць, што малец з’ехаў з глузду, а я думаю, што чалавек, хоць і надта малады, але змог перамагчы саму смерць, не зняважыць вялікага кахання і гордага племя ліцвінаў…
І нікому справы няма, каб неяк ушанаваць трагічнае месца ў Мар’янове, быццам і не было ніякага расстрэлу 13-ці мірных валавагорцаў.
…Далей размову вёў вайсковец. Ён распавёў, што ўдзельнічаў у Арлоўска-Курскай аперацыі, дайшоў да Берліна, а паранены быў у апошнія дні вайны. Двойчы гарэў у танку. Апошні раз пазбавіўся паловы лёгкіх. Цяпер вось на 116-м кіламетры камандуе танкавым батальёнам. Чырвоная армія адпомсціла фашыстам за кроў і слёзы нашых людзей.
- А вось і не скажы, чалавеча, - запярэчыла Гілена. – Няўтульна адчувалі сябе вораги і ў глыбокім тыле. Тут у іх быў другі фронт, бо кожны дзень гарэлі склады, ляцелі пад адхон эшалоны з вайсковай тэхнікай і жывой сілай, ужо ў 43-м годзе чыгуначныя шляхі не дзейнічалі. Былі створаныя партызанскія зоны з аэрадромамі, і ўсталяваная савецкая ўлада. Немцам даводзілася здымаць з фронту цэлыя дывізіі, каб “чысціць” тылы. Тады нам даводзілася хавацца ў лясах ды балотах. І толькі лес ведае тысячы трагедый, аде ён умее берагчы сакрэты, і мы шмат не ведаем. А бывае, што хтосьці і не хоча, каб ведалі. Вось нядаўна загадаў райкам дырэктару школы раскапаць магілы нашых змагароў – герояў партызанаў і байцоў Чырвонай арміі ды знесці ў брацкія пахаванні. Але дзе ж дзеці па-людску ўсё зробяць? Возьмуць некалькі костачак, кінуць у мех і паехалі далей. У Валовай Гары мы ўсёй вёскай прасілі дырэктара Барсукоўскай школы не чапаць брацкую магілу на вясковых могілках, бо прыязджаюць да нас з усіх мясцін Саюзу родныя пахаваных, зрабілі помнік, клалі кветкі, ведалі людзі дзе пахаваныя іх родныя, і мы па-людску ўшаноўвалі памяць аб іх.
- Прасіла я: “Вася, не рабі шкоду, не чапай косы радысткі”, не сунімалася Гілена. Не паслухаў, кінуў у мех дзве касы дзяўчыны ды адну костку з усёй магілы і – хутчэй ад людскіх вачэй. Наўздагон толькі паспела ў роспачы кінуць: “Бог цябе пакарае, Васіль!” Так зрабіла каманда дырэктара і з пахаваннем 24 партызанаў кулямётнага ўзводу брыгады Кірпіча ў Барсуках, што загінулі паміж хутарамі Віленка і Роўніца, трапіўшых у засаду адступаўшых з-пад Віцебска немцаў. Зруйнавалі пахаванні чырвонаармейцаў і ўздрўж Мінскай шашы ад Барсукоў і да Бярэзіны. Завезлі парэшткі ў вёску Крайцы, у самую гдухмень Бярэзінскага запаведніку. Вядома, пасля ўзбуйнення брацкіх захаванняў блізкія загінулых не сталі наведваць магілы герояў, не вераць, што астанкі родных перанеслі ў сканцэнтраваныя пасля вайны сімвалічныя могілкі з сапраўдных месцаў іх спачыну…
…Базарная плошча і павільён пакрыху запаўняліся пакупнікамі. Танкіст купіў у Гілены два кіло карасёў, атрымаўшы рэцэпт прыгатавання рыбы са смятанай. Параіла жанчына купіць у мяне нізку калек (ці ментузоў), сказаўшы, што гэта той самы налім, мяса якога амаль без костак, а галава падобная не на жабіну, а на галаву соміка. Усё рэкламавала мой тавар на радасць мне, маўчуну:
- А яшчэ ў мальца ёсць дзве нізкі піскуноў. Многія іх лічаць за вугроў, яны яшчэ жывыя.
Танкіст купіў у мяне вязку мянтуза і жывых паласатых вугроў-піскуноў. Напэўна, з лёгкай рукі вайскоўца хутка распрадала Гілена сваіх бронзавых карасёў. А ў мяне заставалася дзве нізкі шчупакоў.
Як з-пад зямлі вырас каля мяне знаёмы дзядок:
- Пацан, у тебя последние рыбы – последний товар надо продавать дешевле в два раза.
Але тут умяшалася Гілена:
- Не дуры галаву, Міркін! Твой сын не такі хітры, як ты. Думаеш, калі аднойчы ўдалося пакрыўдзіць малога, дык і зноў абманеш? Сёння табе такі нумар не пройдзе.
Стары адышоў ад нас, а астатнюю рыбу хутка забрала жанчына ў гадах. Атаварыўшыся хлебам, я, вядома, не прамінуў купіць малочнае марожанае. І ўжо невялікім натоўпам гандляроў, наўпрасткі, праз Коззі Хрыбты і Вокана заспяшылі ў Валову Гару.
Размаўляючы па дарозе, я распавёў Гілене аб ямінах у Прудку са шкілетамі на дне, аб размове дзеда Юзіка з Бронікам наконт датычнасці таго да ўтварэння тых ямін на месцы падарванага складу на аэрадроме ў Дражне. Прызнаўся добрай жанчыне, што мальцы хавалі ў хлеве міны і снарады, за што атрымалі ўшчуванне ад дзеда, і ў тым, што яны часта знікалі на некалькі дзён. Казаў я пра тое, як з прыходам Чырвонай арміі дзеці “ворагаў народу” Эдзік Сідзяка, Эдзік Закрэўскі, Франік Цяліца адразу былі накіраваныя ў палкавую разведку, дайшлі да Берліна. “Палявалі” мальцы са старэйшымі разведчыкамі на “языкоў”. Асабіста Франік узяў трох. Вядома, чуў гэта з яго вуснаў, але аб тым сведчаць яго баявыя ўзнагароды.
Трошкі памаўчаўшы, Гілена зрабіла выснову:
- Мальцы адпомсцілі немцам за смерць радысткі. Толькі шкада, што Бронік не паслухаў свайго дзядзьку Юзіка, а пайшоў з братам. Двух сыноў згубіла цётка Анэта Шуневіч. Ляжаць побач два браты – Вацік і Бронік.
…Так паступова я і назапашваў інфармацыю для сваіх успамінаў.
Назаўтра, у панядзелак, я з майстрам Барадзёнкам, жыхаром вёскі Мядзвёдаўка, падбівалі вынікі працы на месцы высечкі ля смалакурні Прудок. Майстар рабіў замеры бярвён, а я запісваў на месцы адпілу, куды той матэрыял пойдзе, і, вядома, кубатуру. Чарніла я гатаваў з паленай гумы, разведзенай бензінам. Прымайстраваўся на бярозавым пяньку і старанна размешваў самаробную фарбу. У гэты час на полудзень прыйшлі вальшчыкі лесу, і матарыст электрапілы Машара (імя не памятаю) са Старога Лепеля ўзяў мяне за каўнер і са словамі:
- Саступі месца старэйшым! – сцягнуў мяне з пянька.
Пры тым маё мазідла трапіла яму пад нагу і перакулілася, заліўшы штаны амаль да калена. Грубіян брыдка вылаяўся і замахнуўся рукой, каб даць мне добрага “ляшча”. У Валовай Гары ўвогуле брыдкаслоўе не ўжывалася, тым больш у сем’ях мясцовых жыхароў, таму я перахапіў руку нахабніка і пацягнуў на сябе. Той, зачапіўшыся за пянёк нагой, грымнуўся на замшэлую лясную глебу. Вакол зарагаталі мужыкі:
- Глядзі ты, 15-гадовы абклаў 30-гадовага.
- Ды я яго адной левай пакладу! – узнімаючыся з долу, сказаў матарыст.
Тут падышоў майстар Барадзёнак і разагнаў кампанію. Не скончыўшы сутычку, мы падчапілі на буксір электрастанцыю і пакацілі яе на новую высечку каля вёскі Ассё, што на Пышняншчыне. Вось тады я зразумеў, што маглі валавагорскія падлеткі чыніць дыверсіі, маглі справіцца з двума вартавымі і закінуць іх трупы на дно варонкі пад імі ж падарваным складам, закладваць фугасы на бальшаках. Так што дыверсія на аэрадроме пад Дражнам – гэта, несумненна, справа рук нашых мальцаў.
Аб тым я пазней спытаў самога Петрака Лук’яновіча. Той толькі рассмяяўся:
- А мы думалі не аб узнагародах. Я “ссадзіў” “раму”, а узнагароду атрымаў хтосьці іншы, а можа, і ніхто. Мяне толькі пахвалілі. Аднак тая пахвальба магла каштаваць дужа дорага ўсёй Валовай Гары. Якаў Сімака таксама нікому не сказаў, дзе схаваў двух немцаў, застрэленых партызанамі, і тым самым выратаваў вёску.
Крыху памаўчаўшы, Пятрок дадаў:
- У нас добры настаўнік быў – дзядзька Юзік Шуневіч.
…На адным з помнікаў Валавагорскіх могілак ёсць фатакартка чалавека з вясёлым тварам, прыгажуна. Напэўна, не адна маладзіца ўздыхала па ім. Але побач, унізе, са здымку глядзіць спрытная жанчына – гэта Лук’яновічы.
Вось так прыгожая пара назаўсёды знайшла свой супакой сярод знаёмых і блізкіх вяскоўцаў, пакінуўшы добрыя ўспаміны пра сябе.
2022
(Працяг будзе.)
НРАВИТСЯ 3 |
СУПЕР 1 |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |
Дзед Блукач, зараз якую-небудзь рыбу ці маюць Канава, Кеста, Цягбіца?
Марцiн , я ўжо некалькі дзесяцігоддзяў маю статус самага кепскага лепельскага рыбака. Так што магу разважыць павярхоўна: рыба ёсць усюды ў мізэрнай колькасці. А ў 70-х вудзіў у Бярэзінскім канале і Кесце. У канале (Канаве) навуджваў шмат акунькоў, а з Кесты не выцягнуў ніводнага хваста. У Цягбіцу вуду не закідваў.