Пра возера рыбанец мала хто ведаў у ранейшыя часіны. Прычына таму -- знаходжанне яго на былым вайсковым палігоне, на сярэдзіне шляху паміж ваеннымі гарадкамі Заслонава і Бароўка, куды цывільнаму люду забаранялася заязджаць і заходзіць.
У першы зімовы выхадны рушыў адпачываць на Рыбанец. Найкарацейшы шлях да яго -- з Мінскай шашы ў Старым Лядне звярнуў на Вялікае Жэжліна, за ім -- Малое Жэжліна і Ірынполле, у Экімані заехаў у густы лес, які праз пару кіламетраў прывёў на Палігон (гэтую назву мясцовасць будзе насіць вечна). Па ім роўна сцелецца бойкая пясчаная дарога. Там, дзе не так даўно гойсалі танкі і выбухалі снарады, паспеў вырасці спецыяльна пасаджаны малады соснік. Гэта прыродзе дапамаглі рэкультываваць былы вайсковы аб’ект ахоўнікі лесу з Лепельскага лясніцтва Крупскага ваеннага лясгаса. Добра захаваліся шырокія і глыбокія барозны ад лесапасадачнага плуга.
У кірунку Заслонава злева да дарогі падступае больш сталы сасновы лес. За ім адгадваецца спуск у нізіну, далёка за якой у воблачнай смузе зімовага бясснежнага дня паўстае сіняватая палоска лесу. Інтуіцыя падказвае, што ў нізіне і павінен знаходзіцца Рыбанец. Ды вось і лясная дарога адгаліноўваецца да яго. Упіраецца яна прама ў прагал сярод чароту.[...]
Здаўна Верабкі падзялялі на дзве часткі -- Верабкі і Бусянкі -- рака Бярэшча і калісьці суднаходны Верабскі канал. Мастоў не было. Каб з Бусянкоў трапіць у магазін, на могілкі ці ферму, а з Верабак раней на Барысаўскі тракт, а пазней на Мінскую шашу, канал пераадольвалі па шлюзах, а Бярэшчу па кладках. Дзесьці на мяжы 50-х і 60-х гадоў мінулага стагоддзя шлюзы разбурылі здабытчыкі каляровых металаў (створкі шлюзаў грунтаваліся на масіўных бронзавых шарнірах). І тады людзі супольна пабудавалі над каналам кладкі. Рэдкія аўтамабілі пераадольвалі вадацёкі ўброд.
Бег час. Кладкі вялікімі паводкамі зносіла бурлівая плынь канала. Калі вада змяншалася, вяскоўцы ўзводзілі новыя кладкі. Ужо пабудавалі драўляныя масты цераз Бярэшчу і Верабскі канал, праклалі да іх дарогу, на якой утварылася новая вуліца Бусянкоў. Але тое было на ўсходняй аселіцы вёскі. Жыхары заходняй яе часткі працягвалі карыстацца кладкамі -- да мастоў далёка.
У сярэдзіне 70-х гадоў меліяратары распрацавалі торфаўчастак “Бярэшчанскі мох”. Шмат карыснай тарфакрошкі даў ён сельскай гаспадарцы. Але ў выніку была цалкам спынена плынь часткі Бярэшчы ад мяжы торфаўчастка да яе вусця. Ваду скіравалі ў Верабскі канал, ад чаго той ні на сантыметр не папаўнеў. А рака перастала існаваць. Драўляны мост цераз яе замянілі трубой. Кладкі з-за непатрэбнасці забурыліся.[...]
Пра існаванне цмокаў даведаўся з васьмітомнага зборніка твораў Уладзіміра Караткевіча, выдадзенага ў 1987 годзе. У рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” пісьменнік пісаў, што ў Лепельскім возеры ў даўніну за дзве ночы сканалі амаль 60 цмокаў – страшных пачвараў з шырокім тулавам, таўстамясымі плаўнікамі, тонкай і надта доўгай шыяй, змея- і адначасова ланепадобнай галавой, вялізнымі каламутна-сінімі ашклянелымі вачыма.
Толькі цяпер усвядоміў, што Уладзімір Караткевіч уславіў Лепельскае возера на ўсю краіну, а то і ўвесь свет. Доказам таму стаў візіт супрацоўнікаў рэдакцыі газеты “АВТОбизнес” у Лепель. Мэта экспедыцыі – пошукі цмока. Праўда, рэдактар Зміцер Навіцкі, фотакарэспандэнты Глеб Малавееў і Максім Шумілін мелі і іншую задачу. Спецыялісты беларускага дылерскага цэнтра міжнароднага аўтамабільнага холдынгу “Атлант-М” даручылі ім выпрабаваць джып “Volkswagen-tiguan”. Але не прывыклі журналісты бязмэтна гойсаць па дарогах. Таму вырашылі даручэнне скарыстаць з выгодай – адшукаць цмока на Лепельшчыне. Выбраць менавіта наш край іх падштурхнуў твор Уладзіміра Караткевіча. Быць правадніком у пошуках журналісты–аўтамабілісты папрасілі аўтара гэтых радкоў. Яго запэўніванні, што цмока на самай справе не існуе, гэта ўсяго толькі прыдумка вялікага майстра слова, да ўвагі не прынялі.[...]
На гэты раз паехаў да суседняга возера Глыбачка. У Заслонаве па мосце пераадолеў Улу, мінуў паварот на Маланку. Дзе ж збочыць на Глыбачку? Мусіць павярну за камандным пунктам, дзе паміж двума аўтатрэнажорамі пад прамым вуглом ад цэнтральнай жвіроўкі адгаліноўваецца і заглыбляецца ў лес прасёлачная дарога.
Праз паўтара кіламетра спыніўся на паляне перад крутым спускам да возера. Спідометр ад Лепеля намерыў 20,5 кіламетра. Асцярожна скаціўся на ўзбярэжны лужок. Ля вогнішча ахайна складзены паколатыя дровы. Наўкола — травяністы пляж з адзіным падыходам да вады.
Знайшоў у інтэрнаце спадарожнікавую карту Заслонаўскага палігона. Вывучаю размяшчэнне лясных азёраў. Прасёлак з цэнтральнай дарогі ў Матырына праходзіць скрозь заняты лесам перашыек, які падзяляе азёры Рыбанец і Вялікія Акунічы. Але што гэта? Па левы бок прасёлка, паблізу Рыбанца, чарнее круглявая плямка – так на спадарожнікавых картах пазначаюцца вадаёмы. Што гэта можа быць, калі нават падрабязная карта-кіламетроўка не паказвае лясное возера на гэтым месцы? Наводжу на плямку курсор. На ёй ускоквае надпіс “DragonLake”. Адразу шукаю англійска-рускі перакладнік. Чытаю і дзіву даюся – возера Дракона. Адкуль такая назва на Лепельшчыне, калі драконаў у нас ніколі не было? Няўжо які ў даўніну перасяліўся з Паўднёва-Усходняй Азіі? Паразважаўшы, прыходжу да высновы, што дракон атаясамліваўся са славянскім змеем ці цмокам у Вялікім княстве літоўскім. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пацвярджае гэта: “Цмок. У казках і народных паданнях – пачвара у вобразе змея, дракона”. Усё зразумела! Не дракон з Паўднёва-Кітайскага мора, а цмок з Лепельскага возера пераляцеў у дрымучы лес палігона. Хутчэй шукаць цмока ў возеры Дракона, пакуль зіма не замаскіравала лясны вадаём!
На палігон еду з Экімані. Трохкіламетровую лясную дарогу да таго растаўклі цяжкія лесанарыхтоўчыя ці ваенныя машыны, што кітайскі мапед “Альфа” некалькі разоў глухне ў гразі. Перад Вялікімі Акунічамі ўлева паварочвае сцежка. Віхляючы між тоўстых хваін, заязджаю на крутую гару, парослую маладым соснікам. Скрозь ствалы старога бору ззаду сінеюць Вялікія Акунічы, наперадзе – Рыбанец. А перад ім у глыбокай лагчыне сапраўды ледзь прыкметна цямнее адасобленае воднае люстра, пахмурным небам пафарбаванае ў чорны колер. Ад гарадскога мікрараёна Сельгастэхніка праехаў 21,3 кіламетра.[...]