04 апр 2022 в 08:18 — 3 года назад

29. Светлы шлях. ПАЛЯВАЯ СУВЯЗЬ І СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 2, всего: 471

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку тут.)

 У лютым 1943 году ў Валовую Гару прыйшла вестка аб знішчэнні фашыстамі вёскі Слабодка, што пад Пышнам, і цяжкіх баях за пышнянскі бальшак, ды што амаль на ўсім яго працягу, аж да Бярэзіны, немцы хочуць знішчыць усе вёскі разам з насельніцтвам. На тым адрэзку шляху для праходу бранятэхнікі сур’ёзных прыродных перашкодаў няма, а ў партызанскую зону бярэзінскіх лясоў і самой Воднай сістэмы каналаў па заснежаных дарогах пушчы ў траскучыя маразы акупанты не спрабавалі заходзіць. Баяліся, што партызаны ахоўваюць усе падыходы да зоны. Адзін атрад заўсёды дыслакаваўся ў вёсцы Вокана. Дарогі былі замінаваныя фугасамі. З боку дарогі на Зацякляссе, у вытворчым цэху смалакурні “Прудок”, таксама асталяваўся атрад. Паміж атрадамі была наладжаная сувязь.

 Яшчэ з восені на самалёце з Вялікай зямлі прыляцелі два радысты. Партызаны размясцілі іх напрыканцы Валовай Гары, каля чацвёртага шлюзу, у калавурцы (службовым будынку наглядчыкаў за шлюзовай сістэмай).

 

 Дзяўчыне партызаны вызначыли кватэру, дзе жыла сям’я Федзькі Кунчэўскага, а мальцу – у кватэры Люсюка Кунчэўскага. Але хутка радыста забралі на наладку сувязі з іншымі брыгадамі і атрадамі.

 На першы час рацыю радысткі паставілі ў каравульным памяшканні, якое партызаны абсталявалі ў нашай хаце. Аднойчы раніцой я прачнуўся ад жаночага голасу, які паўтараў адно і тое:

 - Я – Москва. Я – Москва. Ответьте.

 Затым пачуўся лёгкі стук. Праз нейкі час стук прыпыніўся, і зноў той голас кагосьці спытаў:

 - Подтвердите. Приём… Ну, вот и всё. Простите, хозяева, я пойду на определённую мне квартиру.

 Тут бабуля Анэта залемантавала:

 - Ды пачакай, дачушка! Куды ты пойдзеш? Спачатку паснедаем - з вечару дранікі засталіся. А я хуценька шклянку кіпетню, настоенага на чаборы з мятай і мядком, зраблю.

 - Ой, тётушка, уговорила! – згадзілася радыстка.

 Падчас ранняга сняданку дзяўчына распавяла, што жыве ў Падмаскоўі, што ёй споўнілася 18 год, а яе родныя ў эвакуацыі. Падчас сілкавання і размовы дзяўчына папраўляла валасы, заплеценыя ў дзве касы, якія звісалі ніжэй поясу. Пакуль яна апраналася ды збірала свае рэчы, бабуля Анэта штосьці шапнула майму дзядзьку Броніку, а радыстцы сказала, што яе праводзіць сын і дапаможа перанесці рэчы, бо ў прыцемку можа спаткацца хтосьці непажаданы, паколькі ўсялякія людзі могуць быць сярод бежанцаў дый партызанаў -  на лбе ні ў каго не напісана, што ў той галаве.

 - Пастой табе прызначылі ў добрых людзей, - давала наказ бабуля Анэта. – Па дарозе Бронік усё распавядзе, таму больш балбатаць не буду.

 Закінуўшы за плечы перадатчык, Бронік узяў у рукі запасныя сілкавальнікі і, як не ўгаворвала яго радыстка аддаць ёй частку грузу, не паслухаўся. Няшпарка ідучы дамбамі, ён распавёў, што жыць яна будзе амаль на самым высокім пунце Беларусі, бо вада з валавагоркага возера Плаўна разбягаецца на тры бакі: усход, поўдзень і захад, а з маяку на Белай гары было бачнае наваколле на многія кіламетры, таму немцы яго і падарвалі. А Федзька Кунчэўскі – добры мужык. Даглядае шлюз. А пахмурны ён таму, што заўсёды адзін на ахове і шлюзу, і дамбы паміж шлюзамі. А як плыты гоняць да мора, дык працы яму хоць адбаўляй. Тады і жонка Улляна дый старэйшыя дзеці дапамагаюць. Бывала, плытагоны ці суседзі пачастуюць Федзьку, дык ён ідзе дахаты ды песні спявае. А як падыходзіць бліжэй да калавуркі, крычыць:

 - Улляна, такую тваю ды гэтакую маць! Чаму мужыка не сустракаеш? Буду цябе выхоўваць!”

 І выцягваў дзягу са штаноў. Вядома, дзеці, хто куды, хаваліся, а куды дзявацца беднай жанчыне? Ну, і атрымлівае папругай невядома за што. А як гаспадар за ноч праспіцца, робіцца іншым чалавекам, просіць прабачыць яго і спасылаецца, што нічога не памятае. Божыцца, што ён жонку ўсёй душой кахае і да самай смерці лагодзіць будзе. Рукі цалуе, на калені падае і просіць, каб даравала яму памутненне ў глуздах. Але гэтае выбачэнне толькі да наступнай п’янкі. У рэшце рэшт Улляне такая гульня надакучыла. Яе цярпенне трэснула. Дачакалася чарговага “выхаваўчага” працэсу і, калі мужык з мацюкамі і дзягай у руцэ адчыніў дзверы, дубаснула яго качалкай па галаве. Мужык страціў прытомнасць, а жонка збегла да суседзяў. Раніцой Улляна прыйшла дахаты. У сенях Федзькі не было. Ляжаў бядак на ложку з перамотанай мокрым ручніком галавой. Падрыхтаваўшы на ўсялякі выпадак шляхі да адсуплення, жанчына падыйшла да зняможанага і спытала:

 - Федзечка! Любы мой! А ці памятаеш, што ўчора з табой здарылася?

 Не ўзнімаючы галавы з падушкі, той адказаў:

 - Добра памятаю, маць тваю так.

 З таго часу галава сямейства не ўзнімаў рукі ні на жонку, ні на дзяцей. Толькі па вёсцы яшчэ доўга кпілі з небаракі.

 - А ўвогуле, у нас людзі станоўчыя, - не спыняў маналогу Бронік. – Брыдкаслоўе чуваць рэдка. А тыя, хто яго выкарыстоўвае, у вочы атрымлівае асуджэнне вяскоўцаў. Дзеўкі Федзькавы галасістыя. Як запяюць, дык заслухаешся.

 Так размаўляючы, дайшлі да калавуркі на супрацьлеглым краі Валовай Гары. Там іх чакалі двое штабных партызанаў і дарослыя насельнікі службовага будынку. Перадатчык размясцілі ў палове жытла Люсіка Кунчэўскага, а радыстку пасялілі разам з яго дочкамі. Пераапранутую ў вясковае адзенне, яе паказалі суседзям як пляменніцу Улляны з Закаліўя.

 У другой палове будынку радыстка паказала, як павесіць антэну. Апаратуру размясцілі ў закутку са шчыльнымя дзвярыма. Тут усім кіравала Гелена, жонка Люсюка, жанчына бойкая, гаманлівая, але здольная трымаць язык за зубамі.

 З гэтага часу кожную раніцу ў эфіры гучаў голас з партызанскай зоны:

 - Я – Москва. Ответьте.

 І перадаваліся ды дзесьці прымаліся зашыфрываныя тэксты на Вялікай зямлі і адказы на іх у Валовай Гары.

 У рэшце рэшт немцы засеклі працу рацыі нашай радысткі, хоць на той час перадатчыкі былі амаль у кожнай партызанскай брыгадзе. З некаторымі атрадамі была наладжаная тэлефонная сувязь. А ўвогуле дастаўкай інфармацыі займаліся сувязныя з ліку партызанаў ці звычайных вяскоўцаў.

 У вялікія маразы нас з хаты не выпускалі, сядзелі на печы, а як толькі віднела, дык мы падыходзілі бліжэй да вакна, залазілі на лаўку і назіралі, што робіцца на заснежанай дамбе.

 Партызанскія групы на заданне выходзілі яшчэ ў прыцемках, але бывала, што і пазней, калі ўжо добра віднела. Тады мы з Бронікам варажылі, куды пайшлі людзі. Вядома, не абыходзілася без спрэчак.

 Амаль кожны дзень прылятала “рама”. Над вёскай узлятала вышэй, а над возерам Плаўна разварочвалася і зніжалася ніжэй за вершаліны дрэў. Але страляць па самалёце было забаронена. І толькі аднойчы ў ваколіцах сёмага шлюзу, у Гарадку, а гэта ў трох ці чатырох кіламетрах ад Валовай Гары, партызаны з супрацьтанкавага ружжа трапілі ў адзін з фюзяляжаў. З вялікай цяжкасцю ўзняўшыся над лесам, самалёт ледзь даляцеў да аэрадрому ў Дражне. Пасля амаль тры тыдні не вялася разведка партызанскай зоны з паветра. Затым прыляцеў “кастыль” і скінуў некалькі бомбаў на тое месца, адкуль падбілі “раму”. Бомбы ўпалі за 20 метраў ад партызанскіх зямлянак. Да сёняшняга дня засталіся сляды ад таго бамбавання. А “рама” пасля рамонту стала лятаць асцярожна, бо не апускалася занадта нізка, аднак часам скідвала касетныя зарады. Аднак з вялікай вышыні яны клаліся недакладна, далёка ад выбранай мішэні. І ўсё ж насупраць нашай хаты, на левай дамбе Бярэзінскага каналу, каля хаты Кашуры, не паспелі схавацца жанчына і партызан. На іх “рама” высыпала сундук з 20-цю мінамі велічынёй з добры мужчынскі кулак. Партызан абшчапіў векавую сасну з супрацьлеглага боку ад падзення мінаў, а жанчына пабегла хавацца ў хату. Дабегла толькі да парогу, як міны пачалі выбухаць. Асколкі ад бомбачак пасеклі сцяну хаты і дзверы, а адзін бы нажом разрэзаў жанчыне жывот. Параненая звалілася на парог. Клікалі яе па-вясковаму Лізавета.

 Пасля адлёту “рамы” на аэрадром, партызана ледзь адарвалі ад дрэва. У крысах шынелю і калошах галіфэ налічылі каля 20-ці дзірак, і ніводзін асколак не падрапаў цела. Потым мужык усім казаў, што яго выратаваў уласны анёл. Лізавета ж яшчэ жыла каля дзвюх гадзін, развіталася з роднымі і памерла.

 Прыйшоўшы з месца падзення касеты з мінамі, Франік Левановіч і дзядзька Вацік Шуневіч казалі, што паводле міжнароднага права прымяняць такую зброю забаронена.

 

 Прысутны пры размове старэйшы з партызанскага каравулу запярэчыў і сказаў, быццам іхні фюрар Гітлер абвясціў, што фрыцы могуць рабіць з пакаранымі народамі ўсё, што пойдзе на карысць рэйху, а ўсю адказнасць за злачынства бярэ на сябе. Партызан на свае вочы бачыў, што фашысцкія нелюдзі зрабілі з вёскай Слабодка. Усіх жыхароў забілі. Вулічны снег быў чырвоны ад крыві. Дзяцей забівалі прыкладамі і кідалі ў ахопленыя полымем хаты, гадавалых немаўлят шпурлялі ў агонь жывымі. Бачыў дзіцятку з растоўчанай галавой, ускінутага на галіны яблыні. Знайшлі нават паліцая, застрэленага ў галаву. Можа нервы ў здрадніка не вытрымалі, і свае застрэлілі, а можа, незнарок трапілі ў свайго. Цудам удалося выжыць пецярым жыхарам, астатнія, каля паўтары сотні, загінулі.

 - Дый хто іх лічыў? – завяршыў размову партызан, непрыкметна выціраючы слёзы, што цяклі па шчоках ад нянавісці да акупантаў ды ад жалю да загубленых людзей.

 Плакаў і я. Плакалі ўсе, хто слухаў аповед партызана.

 Такім чынам у вайну распаўсюджвалася інфармацыя аб падзеях на Вялікай зямлі і ў блізкім ці далёкім наваколлі. Радыё ці тэлевізар тады замянялі рацыі, палявыя тэлефоны, партызанскія сувязныя і простыя пераказы навін адзін другому.

2022

(Працяг глядзець тут.)



Метки: война на Лепельщине, деревня Валова Гора, Шуневич Анатолий

НРАВИТСЯ
8
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю


24-й припадок ностальгии. СТАРИКИ В МУЗЕЕ. Валацуга  — 2 дня назад,   за неделю: 260 





Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ