Звесткі аб аўтары глядзець тут.
(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку - тут.)
Аднойчы ўзімку 1943 году жыхары Валовай Гары Бронік і Вацік Шуневічы, яны ж мае дзядзькі, сабраліся ў лес нарыхтоўваць сыравіну, з якой браты Стась і Франік Левановічы па заданні партызанаў выраблялі драўляныя часткі зброі і лыжы.
Ужо на выхадзе з хаты іх спаткаў камендант партызанскага аэрадрому, у падпарадкаванні якога знаходзілася каля дзясятка партызанаў. Але, як казаў дзед Юзік Шуневіч, дысцыпліна той каманды кульгала на дзве нагі: знаходзілі мальцы і самагон, і не надта старанна выконвалі свае абавязкі. Часам падлеткам даводзілася шукаць іх па ўсёй Валовай Гары.
Зайшоўшы ў хату, камендант спытаў:
- Вы куды сабраліся? Прыйшла радыёграма, што сёння ляціць вялікі самалёт “Дуглас”, і трэба прыняць яго з усёй адказнасцю, не ўдарыць тварам у гразь. Загадваю вам падрыхтаваць палосу для прыёму госця з Вялікай зямлі.
Браты спыніліся. Бронік маўчаў, а Вацік не ўтрымаўся і, як казала цётка Агнеша, ляпнуў абы што:
- Ты загадай рабе, што танчыць на лбе, а ў нас свой загад. А табе раю знайсці сваіх лайдакоў.
Камендант счырванеў і схапіўся за кабуру. У спрэчку ўмяшаўся дзед Юзік, які паціху зайшоў у хату. Паклаўшы руку на плячо партызану, дзед неяк памяркоўна загаварыў:
- Ты, хлопча, прымі руку са сваёй пукалкі. Ты выдаў цяпер вайсковую таямніцу, і будзе добра, калі абыдзешся адсідкай у лазні. А па-іншае, трэба знайсці тваю каманду, бо працы, каб прыняць “Дугласа”, патрэбна шмат – гэта табе не “страказа” на лыжах. Пасадачную палосу трэба пашырыць не меней, чым на пяць метраў, гарбы снегу па баках растаўчы, і пласт яго чым меншы будзе, тым лепш. На ўзлёце – спілаваць высокія дрэвы на шырыню дзвюх пасадачных палос, да самай ракі. Сабраць смалякі і ўдвая павялічыць колькасць сігнальных агнёў. Палосу трэба прапрасаваць двойчы, каб снегу засталося не болей, чым на далонь. Мальцаў сваіх я скіраваў шукаць тваю каманду, а вось ты збірай мужыкоў, бежанцаў дый жанчын, працы хопіць на ўсіх. Па-добраму гутары з людзьмі. І малі бога, каб усё мірна абышлося.
Толькі ў прыцемках разышліся людзі з аэрадрому. Мая маці і цётка Агнеша прыйшлі змораныя і адразу ляглі адпачываць. А мы з Бронікам пачалі ўгаворваць дзядзьку Броню паказаць, як будзе сядаць самалёт – з вакон паловы хаты дзеда Юзіка добра бачная ўся ўзлётная палоса аж да самага лесу, што цёмнай сцяной чарнеў у вечаровых прыцемках.
Дзядзька Бронік трымаў мяне на адным з падваконнікаў, а Бронічку страхаваў сярэдні сын дзеда Юзіка – Фрэдзя. Чакаць “Дугласа” давялося доўга. Нягледзячы на тое, што мальцы песні праспявалі і нейкія байкі распавялі, першым не вытрымаў Бронічка, і дзядзька Фрэдзя аднёс соннага хлопчыка да маці.
Калі добра ўсталявалася цемра, з абодвух бакоў пасадачнай палосы па чарзе загарэліся складзеныя са смалякоў і сухога алешніку вогнішчы. Хутка данёсся гук матораў самалёту. Задрыжала не надта трывала замацаванае шкло ў раме вакна, і цень “Дугласу” пранёсся над зрубам Левановічавай крыніцы і па ўсім полі ў бок Барсукоў. Дзядзька Фрэдзя пракаментаваў, што лётчык пайшоў на разварот над хутарам Бруснічнае, альбо Гардзіёнкавым полем, і зараз вернецца да крайніх вогнішчаў на пасадку. І сапраўды, з боку хутару з’явіліся тры светлыя кропкі.
- Уключыў пражэктары, - зазначыў Фрэдзя. – Пасля другога вогнішча датыкнецца палосы і можа падкаціць аж да Левановічаў.
Спыніўся самалёт толькі на пляцоўцы, непадалёк ад хаты. Яго атачылі ўсе, хто сустракаў пасланца з Вялікай зямлі. З адчыненай бакавіны спусцілі сходы. Першым выйшаў чалавек у скураным паліто і ў атачэнні партызанаў накіраваўся ў бок нашай хаты.
Я хуценька злез на шырокую лаўку, затым на падлогу, і панёсся на сваю палову хаты, дзе заняў любімую назіральную пазіцыю на печы. Павесіўшы галаву над каптуром, пазнаў камандзира партызанскай брыгады Дубава, сапраўднае прозвішча якога было Дуброўскі, бо раней ён заходзіў да дзеда Юзіка. Толькі ў скураным паліто выглядаў ён надта масіўным. Адчувалася, што іншыя выказвалі да яго шмат павагі – галоўны ў партызанскай зоне ўсё ж.
Фаміч, як звала камбрыга завадатарка вясковай дятвы Жэнька, быў у добрым настроі, пахваліў каменданта аэрадрома за належна падрыхтаваны ваенны аб’ект. Але ўсю атмасферу сапсавала цётка Агнеша, выдаўшы каменданта з галавой:
- Ты, Фаміч, надта не хвалі Кузьміча. Каб дзядзька Юзік не ўзяўся за падрыхтоўку палосы, магчыма, не мяккая ў вас пасадка атрымалася б. П’янчуг яго нашыя мальцы пад абед толькі адшукалі.
Тут за каменданта заступіўся дзед Юзік, сказаўшы, што Кузьміч арганізаваў працу вяскоўцаў, бежанцаў і сам кіраваў гэтакай аравай, пакуль не было ўсё зроблена належным чынам.
Камбрыг падклікаў начальніка штабу і сказаў таму, што дае паўгадзіны на разгрузку і пагрузку ў першую чаргу цяжка параненых і дзяцей з партызанскіх сем’яў. Затым накіраваўся да выхаду, загадаўшы начальніку штабу сабраць да раніцы сувязных атрадаў, з якімі няма іншай сувязі.
Стаміўшыся ад уражанняў апошняга часу, я праспаў адлёт “Дугласу”, і, як казала потым цётка Стася, дачка дзеда Юзіка, усе дзеці спалі без задніх ног. Хутка да мяне прыбегла Жэнька Драгун, што мяне здзівіла, бо нас заўсёды будзіў бежанец Васька-Гілёк. Спытаў аб тым Жэньку. За яе адказала цётка Агнеша:
- Паляцеў Гілёк, аж пад воблакі ўзняўся. Забягаў, каб развітацца з вамі, але ж вы пятыя сны глядзелі.
Больш я ніколі не сустракаўся з Гільком. Не сустракаўся і з яго бацькам. Напэўна, чалавеку дазволілі помсціць фрыцам і паліцаям за знішчэнне сям’і са зброяй у руках, а не з нажом мясніка на забойным пункце жывёлы для партызанскай кухні.
Жэнька распавяла, што Дубаў быў вельмі сярдзіты і дапытваўся, хто аддаў загад партызанам пакінуць пышнянскую Слабодку на знішчэнне, бо ў баку Ўшачаў, куды яны адышлі, былі тры свае кардоны, міны, балоты, азёры ад самага Заазер’я. Там што было рабіць? Крычаў, што пад трыбунал аддасць за самавольства. Ды так грымнуў кулаком па стале, што бабуля спалохалася, каб цэлымі дошкі засталіся. Казаў, што іх бы школьнікаў развялі: стрэльнулі пару разоў у Старым Лепелі, завялі пару машын, і ўвесь кардон пабег ратаваць панікёраў. А карнікі тым часам пакінулі тэхніку ў Поплаўках і пехатой, каб не нарвацца на фугасы, з дапамогай мясцовых паліцаяў знішчылі Слабодку разам з жыхарамі, затым прайшліся па навакольных малых вёсках, Пышне і толькі ў Закаліўі спыніў бандытаў невялікі заслон партызанаў. Вяскоўцы, пачуўшы страляніну, часткова збеглі ў лес, а вось хаты карнікі спалілі ў Ассі, Пунішчы, Крыўцах, часткова і ў Пышне.
Яшчэ Фаміч сказаў, што цяпер брыгада з’яўляецца вайсковай адзінкай Чырвонай арміі, і будзе ўсталяваная жалезная дысцыпліна. Затым ён паказаў прадстаўнікам атрадаў зорку на грудзях і сказаў, што яму далі права асабіста растрэльваць без трыбуналу парушальнікаў загадаў і вайсковай дысцыпліны, п’яніц і гвалтаўнікоў. Бабуля Анэта Шуневіч патлумачыла, што гэта зорка героя, яна залатая, таму і блішчыць на святле.
- Але Фаміч добры і ласкавы, - дзялілася ўражаннямі Жэнька. - Як усе выйшлі, ён мяне паклікаў, пасадзіў на калені і дастаў з кішэні цэлую бляшаначку цукерак. Я з Феняй падзялілася. І вось вам, малыя, па пары штук. Іх за шчакой можна доўга трымаць.
І дзяўчынка ўручыла нам з Бронікам па пары ліпкіх, але вельмі смачных крышталікаў, назваўшы іх неяк смешна – манпансье.
Да канца вайны Жэньцы і мне было чым выхваляцца перад равеснікамі і дарослымі: я праз каптур падслухаў ваенныя тайны з вуснаў самога камбрыга Дубава, а Жэнька нават на руках сядзела ў Фаміча і з яго рук манпансье атрымала. А потым яшчэ з разумным выглядам даводзілася тлумачыць дзятве, што гэта такое.
2022
(Працяг глядзець тут.)
НРАВИТСЯ 8 |
СУПЕР |
ХА-ХА |
УХ ТЫ! |
СОЧУВСТВУЮ |