12 апр 2022 в 06:03 — 3 года назад

31. Светлы шлях. ЛЕПЕЛЬ ЗБІРАЛІСЯ ЗАТАПІЦЬ. Шуневіч Анатоль

Тема: Генацыд на Лепельшчыне     Сегодня: 1, за неделю: 1, всего: 517

Звесткі аб аўтары глядзець тут.

(Працяг. Пачатак глядзець тут, папярэднюю частку – тут.)

 Пасля вяртання камандзіра партызанскай брыгады Дуброўскага з Вялікай зямлі ўзімку 1943 году, як казаў мой дзед Юзік Шуневіч, усё стала на свае рэйкі. Знікла п’яная аэрадромная каманда, а яго каменданта я ўбачыў толькі праз год, калі партызанскія атрады ішлі на прарыў аблогі ва ўшацкую зону. Забегшы ў хату, той сказаў, што цяпер кіруе ўзводам і яго месца не на гаспадарчых пасадах, а ў баявых падраздзяленнях брыгады, і, выпіўшы конаўку вады з Левановічавай крыніцы, пабег даганяць сваіх байцоў.

 На месца каменданта аээрадрому ў Валовай Гары прыйшоў суровы дзядзька-партызан з барадой, напэўна, з бежанцаў. Ён доўга размаўляў з дзедам Юзікам, а затым з Левановічамі. Да вечару са старэйшых мальцаў і бежанцаў была створаная аэрадромная брыгада, дзе кожны ведаў, што яму рабіць падчас прылёту гасцей з Вялікай зямлі.

 Тым жа вечарам камбрыг Дуброўскі запрасіў да сябе Івана Гардзіёнка і дзеда Юзіка. Аб чым ішла гутарка, мы даведаліся толькі праз год. Дуброўскі тады спытаў вяскоўцаў, што адбудзецца, калі адначасова падарваць у паводку шлюзы Бярэзінскага каналу, і ці затопіць вада Лепель. Гардзіёнак растлумачыў, што такое меркаванне – вялікая памылка, бо, каб забяспечыць такую колькасць вады, трэба зрабіць дамбу паміж азёрамі Плаўна і Манец, дый навошта падрываць шлюзы, калі можна проста адчыніць ранкеты, паставіўшы па два мужыкі на шлюз. Эфект атрымаецца той жа, вынікам якога стане ўсяго толькі падтапленне лазняў на Пясчанцы. Цэнтр жа Лепеля знаходзіцца вышэй паверхні Лепельскага возера на некалькі метраў, і, каб падняць узровень яго воднай тоўшчы, не хопіць моцы возера Плаўна. Тым больш, што ў выпадку пагрозы затаплення ў Лепелі адчыняць шлюз на Уле, і грандыёзная задума прынясе толькі шкоду. Дзед Юзік таксама падтрымаў Івана і не раіў Дуброўскаму прыслухоўвацца да дылетанцкіх прапановаў.

 Вядома, вяскоўцы не ведалі, што такі план даводзілі з Масквы, каб затапіць горад і потым лёгка разграміць Лепельскі гарнізон. Потым нехта ўсё ж спрабаваў стварыць паводку ў Лепелі, нават падарвалі шосты шлюз, але атрымалася тое, што і прадказваў Іван Гардзіёнак.

 Пакінуўшы ў Валовай Гары начальніка штабу, Дуброўскі-Дубаў падаўся на Пышняншчыну, каб арганізаваць там моцны гарнізон, бо немцам дужа патрэбныя былі дарогі дзеля бліжэйшай перадыслакацыі войскаў у бок фронту, бо чыгуначныя шляхі былі ў большасці знішчаныя – пачалася “рэйкавая вайна”. Затым шлях камбрыга ляжаў ва Ўшацкую зону, дзе быў даволі ўмацаваны гарнізон і два невялікія партызанскія аэрадромы.

 Колькасць партызанаў у атрадах павялічвалася, а зброі і боепрыпасаў было малавата, паколькі амаль кожны дзень даводзілася нападаць на варожыя гарнізоны ды адбівацца ад карнікаў. Полацка-Лепельская зона была косткай у горле для фашыстаў, і яны спрабавалі ўсялякім чынам адбіць у партызанаў хоць адзін са шляхоў, каб наўпрасткі прасоўваць свае войскі на ўсход. Былі такія дні, калі ў партызанскай зоне ў спробах зламаць супраціўленне партызанаў, нямецкія сілы гублялі больш бронетэхнікі і салдатаў, чым на фронце. У Лепелі разрастаўся пантэон загінулых нямецкіх захопнікаў ад будынку цяперашняй першай школы да ранейшага базару. Хавалі па некалькі нябожчыкаў у адной магіле, захінаючы целы ўсяго толькі брызентам.

 Жыхароў Валовай Гары дапякалі толькі самалёты, у асноўным “рама”. Людзі ўдзень навучыліся хавацца ад яе, не выпускаючы дзяцей на вуліцу. Цяпер, калі ў партызанаў з’явіліся супрацьтанкавыя ружжы, “рама” баялася нізка пралятаць над вёскай, а з вышыні бутэлькі з “кактэйлем” на саламяных дахах шкоды не прыносілі. А вось бомбы “соткі” калі-небудзь кідала, як і касетныя бомбачкі ў драўляных скрынках. Ад іх таксама навучыліся ратавацца, бо ўздоўж Бярэзінскага каналу раслі разлапістыя, у два абхопы, бярозы і сосны.

 Амаль кожную ноч прыляталі, як мы казалі, “госці з Вялікай зямлі”. Тады працы хапала ўсім дарослым. Хуценька выгружалі зброю і боезапас, а загружалі цяжка параненых і, калі было месца, дзяцей ды, абавязкова, жанчыну-суправаджальніцу. Нам, валавагорскім падшыванцам, падчас прылёту самалётаў асаблівай увагі не надавалі. Таму мы за ўсімі падзеямі назіралі з каптура печы.

 Апошнім часам, калі не было “гасцей”, дома адсутнічалі дзядзька Бронік і старэйшы сын дзеда Юзіка – Яська. Дзе былі мальцы доўгімі вечарамі, мы не ведалі. Іх сакрэт выдаў сярэдні сын дзеда – Фрэдя. Узлаваўшыся, што старэйшыя браты не бяруць яго з сабой, распавёў па сакрэце цётцы Агнешы, маці малога Броніка:

 - Мальцы вечарамі бываюць у калавурцы Кунчэўскага Федзькі. Яська да Анюткі заляцаецца, а Бронька да радысткі Танькі. Яна малой Жэньцы Федзькавай дае навушкнікі, калі зловіць па рацыі музычную перадачу. А ў малой такая памяць, што аднойчы пачуўшы песню, запамінае даслоўна тэкст, і мелодыю таксама. Тады яны сядзяць і спяваюць, даюць усім спісаць словы. Потым да поўначы рэжуцца ў падкіднога, пакуль Федьку не надакучаць, і той не выганіць з хаты. Працы ў радысткі заўсёды шмат – калі-небудзь за ўсю ноч вачэй не звядзе, увесь час бармочучы: “Я – Масква! Адкажыце…” Шыфроўку адашлі, шыфроўку прымі, зашыфруй, расшыфруй. Адпачывае пасля толькі ўдзень. Тады ўсе дома ходзяць на дыбачках. За гэтым пільна сочаць і швагеркі Улляна і Гелена Кунчэўскія. Калі ж дзеці задурэюць, дык і бацькі пакажуць на дзягу.

 Вось у такі момант, калі радыстка адпачывала, а дзеці ціха сядзелі на печы, уздоўж вёскі даволі высока праляцела “рама”. І ўжо пакідаючы апошнюю хату, скінула “сотку”. Бомба не даляцела да калавуркі метраў з сотню, аднак некалькі асколкаў прашылі сцяну будынку. Два з іх прайшлі сквозь бярвёны насупраць печы, але не адолелі цагляную кладку каптура, за якім сядзелі дзеці гаспадароў. Адзін з асколкаў знайшоў сваю ахвяру. Прыбегшая ад суседзяў Улляна ўбачыла, што дзеці жывыя і нема стаяць насупраць ложку, а на падлозе – лужына крыві. Асколак бомбы прабіў сцяну і грудзі соннай масквічкі.

 Пахаваліі радыстку на вясковых могілках разам з загінулымі партызанамі.

 

 Праводзілі дзяўчыну ў апошні шлях амаль усе вяскоўцы. Па ёй і двух памерлых ад ранаў партызанах прагучаў пахавальны салют. Чамусьці на пахаванні не прысутнічаў дзядзька Бронік. Як сказаў сын дзеда Юзіка – Фрэдзя, малец не хацеў, каб усе бачылі яго слёзы. Сцяўшы зубы, ён шаптаў, што адпомсціць за радыстку і салют зробіць мацнейшы.

 Дзесьці напачатку вясны, калі надышлі сонечныя дні, але снег яшчэ ляжаў у лесе дый на полі, прыйшла з Лепеля цётка Лёня, жонка дзядзькі Барнася, роднага брата майго бацькі. Яна з дапамогай паліцая Яські Мацкевіча, а той ужо з дапамогай начальніка паліцыі, зрабіў ёй “аўсвайс” за подпісам каменданта. Узамен закладнікамі засталіся ў Лепелі цётчыны дзеці і муж Барнась.

 

 На нямецкім кардоне ў Дражне праблемаў не было. А вось у Прудку жанчыну затрымалі партызаны. Аднак там была тэлефонная сувязь. Вартавыя звязаліся са штабам у Валовай Гары.

  

 І ўжо з дазволу начальніка штабу адбылася сустрэча з роднымі. Цётка Лёня са слязмі прасіла бабулю Анэту дапамагчы сям’і сына хаця б на працягу месяца, бо ёй цяжка спраўляцца з дзецьмі, тым больш, што яна цяжарная чацвёртым дзіцём. Бабуля дала згоду і хуценька сабралася ў дарогу, прыхапіўшы ўнукам пачастунак, і хацела ўзяць якую-небудзь даведку. Але дзед Юзік сказаў:

 - Па партызанскім пропуску ты не пражывеш і хвіліны.

 Дзядзька Бронік паабяцаў данесці клункі да Прудка, а потым зайсці да радні ў Зацякляссе.

 Зрабіць падарожжа ў Зацяхляссе ўзахвоціліся старэйшы сын маёй хроснай маці Паўліны Эдзік і суседскі падлетак Пятрок Лук’яновіч. Магчыма, тое было запланаваным “падарожжам”. Цяпер аб тым некаму распавесці.

 На кардоне каля вёскі Стаі дзяжурылі паліцаі і народнікі. Праверыўшы “аўсвайс”, спрабавалі канфіскаваць клункі, але цёця Лёня сказала, што гэта абяцаны пачастунак для начальніка паліцыі Сарокіна з камендантам, і дадала:

 - А Яська Мацкевіч сказаў, каб я вас папярэдзіла аб гэтым.

 Вельмі незадаволенымі засталіся нямецкія прыслужнікі, але давялося ім змірыцца. А ўжо праз гадзіну мёдам ды салам ласаваліся дзеці і гаспадары кватэры.

 Можа праз тыдзень каля хаты Сініцкай, роднай сястры бабулі Анэты, дзе месцілася сям’я майго дзядзькі Барнася, спыніўся вялікі грузавік. З кабіны вылез нямецкі афіцэр, а з кузава саскочылі некалькі жаўнераў. Зірнуўшы на гадзіннік, немец на ламанай польскай мове сказаў, што дае дзве гадзіны на зборы, і каб уся сям’я сядзела ў кузаве ў якасці закладнікаў, а ў выніку сабатажу ці ўцёкаў усіх растраляюць, суправаджаць затрыманых будуць двое жаўнераў.

 Ведаючы, што спрачацца няма сэнсу, нявестка зноў угаварыла свякроўку дапамагчы сям’і яе ж сына Барнася, бо тая яшчэ з гімназіі добра ведае польскую мову і трошкі нямецкую. І зноў бабуля Анэта згадзілася, хаця потым, пасля вайны, шкадавала аб тым. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

2022.

(Працяг будзе.)



Метки: война на Лепельщине, деревни Валова Гора, Дражна, Прудок, Стаи, Шуневич Анатолий

НРАВИТСЯ
8
СУПЕР
ХА-ХА
УХ ТЫ!
СОЧУВСТВУЮ







Авторизуйтесь, чтобы оставить комментарий




Темы автора





Популярные за неделю







Яндекс.Метрика
НА ГЛАВНУЮ